Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Судзьдзяў | 6 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Сыны Ізраіля чынілі зло перад абліччам ГОСПАДА, і ГОСПАД аддаў іх на сем гадоў у рукі Мадыянцаў.
2 І рука Мадыянцаў зацяжыла над Ізраілем. І сыны Ізраіля [ад страху] перад Мадыянцамі парабілі сабе сховішчы і пячоры ў гарах і ўмацаваныя месцы.
3 Калі Ізраільцяне сеялі збожжа, прыходзілі Мадыянцы, і Амалек, і іншыя ўсходнія народы, і хадзілі сярод іх,
4 і раскладаліся ў іх табарам, і нішчылі плады зямлі аж да Газы, не пакідаючы для Ізраіля ніякіх сродкаў для жыцьця: ані авечак, ані валоў, ані аслоў.
5 Яны прыходзілі разам са статкамі і намётамі сваімі як саранча. І іх, і вярблюдаў іхніх нельга было палічыць, і хадзілі яны па зямлі Ізраіля, каб пустошыць яе.
6 Вельмі зьбяднеў Ізраіль ад Мадыянцаў. І пачалі Ізраільцяне клікаць ГОСПАДА.
7 І клікаў Ізраіль ГОСПАДА аб дапамозе супраць Мадыянцаў,
8 і ГОСПАД паслаў ім прарока, які сказаў ім: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я вывеў вас з Эгіпту, вывеў вас з дому няволі,
9 і вызваліў вас з рук Эгіпцянаў і з рук усіх прыгнятальнікаў вашых, і выгнаў іх перад вамі, і аддаў вам зямлю іхнюю.
10 І Я вам сказаў: "Я — ГОСПАД, Бог ваш, не пакланяйцеся багам Амарэйцаў, на зямлі якіх вы жывеце". А вы не захацелі слухаць голас Мой”»
11 І зьявіўся анёл ГОСПАДАЎ, і сеў пад дубам у Офры, якая належала Ёашу з роду Абіезэра. Гідэон, сын ягоны, малаціў у тоўчні збожжа, каб схаваць яго ад Мадыянцаў.
12 І зьявіўся яму анёл ГОСПАДАЎ, і сказаў: «ГОСПАД з табою, ваяр мужны!»
13 Гідэон сказаў яму: «Прабач, пане мой, калі ГОСПАД з намі, адкуль прыйшло ўсё гэта? Дзе ўсе цуды Ягоныя, пра якія расказвалі нам бацькі нашыя, калі вось казалі: “З Эгіпту вывеў нас ГОСПАД”. Цяпер жа пакінуў нас ГОСПАД ды аддаў у рукі Мадыянцаў».
14 Тады ГОСПАД, глянуўшы на яго, сказаў: «Ідзі з гэтай сілаю сваёй і вызваль Ізраіля з рук Мадыянцаў. Ведай, што Я пасылаю цябе».
15 Гідэон у адказ сказаў: «Госпадзе! Якім чынам я вызвалю Ізраіля? Род мой найбяднейшы ў пакаленьні Манасы, а я — апошні ў сям’і бацькі майго».
16 ГОСПАД адказаў яму: «Я буду з табою, і ты паб’еш Мадыянцаў як аднаго чалавека».
17 Адказаў ён ГОСПАДУ: «Калі Ты мне ласкавы, дай мне які знак, што гэта Ты гаворыш са мною.
18 Не адыходзься адгэтуль, пакуль я вярнуся і прынясу ахвяру, і складу яе Табе». [ГОСПАД] сказаў: «Пачакаю, пакуль вернешся».
19 Гідэон пайшоў і падрыхтаваў казьляня і праснакоў з эфы мукі, і мяса палажыў у кош, а страву — у гаршчок, і прынёс гэта ўсё пад дуб, і ахвяраваў Яму.
20 І сказаў яму анёл Божы: «Вазьмі мяса і праснакі, і палажы іх на скале той, а страву вылі наверх». Калі ён зрабіў гэта,
21 анёл ГОСПАДАЎ працягнуў канец кія, які трымаў у руцэ Сваёй, дакрануўся ім да мяса і хлеба прэснага, і выйшаў агонь са скалы, і спаліў мяса і праснакі. І анёл ГОСПАДАЎ зьнік з вачэй ягоных.
22 Гідэон, зразумеўшы, што гэта быў анёл ГОСПАДАЎ, сказаў: «Гора мне, Госпадзе, ГОСПАДЗЕ, бо я бачыў анёла ГОСПАДАВАГА тварам у твар!»
23 Сказаў яму ГОСПАД: «Супакой табе, ня бойся, не памрэш!»
24 І паставіў там Гідэон ахвярнік ГОСПАДУ і назваў яго: “Ягвэ-Шалом”. Аж па сёньняшні дзень ахвярнік гэты ёсьць у Офры сыноў Абіезэра.
25 У тую ноч сказаў ГОСПАД Гідэону: «Вазьмі бычка са статку бацькі твайго і другога бычка, сямігадовага, і развалі ахвярнік Баала, уласнасьць бацькі твайго, і сьсячы сьвятое дрэва, якое каля ахвярніка,
26 і пастаў ахвярнік ГОСПАДУ, Богу твайму, на версе гэтае скалы, у адпаведны спосаб. Вазьмі таксама другога бычка і складзі цэласпаленьне на дровах са сьвятога дрэва, якое сьсячэш».
27 І ўзяў Гідэон дзесяць чалавек слугаў сваіх, і зрабіў, як загадаў яму ГОСПАД. Але баяўся ён роду бацькі свайго і жыхароў таго гораду, і не хацеў гэтага рабіць днём, але ўсё выканаў ноччу.
28 Калі нараніцы падняліся людзі таго гораду, убачылі развалены ахвярнік Баала і зрэзанае сьвятое дрэва, і другога бычка, складзенага ў ахвяру цэласпаленьня на пастаўленным ахвярніку.
29 І казалі яны адзін аднаму: «Хто гэта зрабіў?» І шукалі, і даведваліся, і сказалі: «Гідэон, сын Ёаша, зрабіў усё гэта».
30 Тады сказалі Ёашу: «Вывядзі сына твайго, і няхай ён памрэ, бо разваліў ахвярнік Баала і спаліў сьвятое дрэва».
31 А Ёаш адказаў усім, што акружылі яго: «Ці ж вы хочаце бараніць Баала і дапамагаць яму? Хто будзе заступацца за Баала, будзе пакараны да раніцы сьмерцю. Калі ён — бог, няхай сам заступаецца за сябе супраць таго, хто разваліў ахвярнік ягоны».
32 З таго дня Гідэон быў названы Еруббаал, бо гаварылі: «Няхай Баал сам разьбіраецца з ім, бо ён разваліў ахвярнік ягоны».
33 А ўсе Мадыянцы, Амалек ды ўсходнія народы сабраліся разам і пераправіліся праз Ярдан, і расклаліся табарам у лагчыне Езрээль.
34 І Дух ГОСПАДА ахапіў Гідэона, і ён затрубіў у рог, і сабраў пры сабе род Абіезэра.
35 І паслаў ён весьнікаў да ўсяго пакаленьня Манасы, якое таксама сабралася пры ім, а таксама паслаў пасланцоў да пакаланьня Асэра, Завулёна і Нэфталі, якія пайшлі, каб з ім злучыцца.
36 І сказаў Гідэон Богу: «Калі сапраўды хочаш выратаваць Ізраіля праз мяне, як Ты казаў,
37 то я расьцялю на таку стрыжаную воўну. Калі раса будзе толькі на воўне, а на ўсёй зямлі — суха, буду ведаць, што рукою маёй, як Ты сказаў, Ты вызваліш Ізраіля».
38 І так сталася. Устаўшы нараніцы, ён сьціснуў воўну і выціснуў поўную чашу вады.
39 І сказаў Гідэон Богу: «Ня гневайся на мяне, калі яшчэ раз загавару да Цябе. Дазволь яшчэ раз паўтарыць выпрабаваньне з воўнаю. Няхай на раніцы будзе сухой толькі сама воўна, а кругом на зямлі будзе росна».
40 І ўчыніў Бог ноччу тое, што сама воўна засталася сухой, а зямля была роснай.

Кніга Судзьдзяў, 6 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.