Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Судзьдзяў | 5 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 У той дзень засьпявалі Дэбора і Барак, сын Абінаама, кажучы:
2 «Адпомшчаны Ізраіль, бо народ выступіў дабраахвотна! Дабраславіце ГОСПАДА!
3 Слухайце, валадары, адкрыйце вушы, начальнікі. Я ГОСПАДУ буду сьпяваць, буду граць хвалу ГОСПАДУ, Богу Ізраіля!
4 ГОСПАДЗЕ, калі Ты выходзіў з Сэіру, калі Ты выходзіў з ваколіцаў Эдому, тады трэслася зямля, і неба плакала, і хмары лілі кроплі вады.
5 Горы таялі перад абліччам ГОСПАДА, перад абліччам ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
6 У дні Шамгара, сына Аната, у дні Яэлі апусьцелі дарогі; а тыя, што хадзілі па іх, абыходзілі іх сьцежкамі бочнымі.
7 Зьніклі мужныя ў Ізраілі, іх ня стала, пакуль не паўстала я, Дэбора, і паднялася як маці ў Ізраілі.
8 Выбралі яны сабе багоў новых, і тады прыйшла вайна ў брамы, але не відаць ані шчыта, ані дзіды ў сарака тысячаў Ізраіля.
9 Сэрца маё зьвяртаецца да князёў Ізраіля, якія дабраахвотна ахвяраваліся за народ, дабраславіце ГОСПАДА!
10 Вы, што едзеце на асьліцах белых, і што сядзіце на кілімах і што ідзіцё дарогамі, сьпявайце!
11 Галасы тых, якія дзеляць здабычу пры вадапоях, няхай расказваюць пра справядлівасьць ГОСПАДА, пра дабрадзейства магуцьця Яго ў Ізраілю; тады зьбярэцца народ ГОСПАДАЎ каля брамаў.
12 Устань, устань, Дэбора! Устань, устань і засьпявай песьню! Устань, Барак, вазьмі палонных сваіх, сын Абінаама!
13 Тады апошнія сталіся як слаўныя, народ ГОСПАДА стаўся магутным.
14 Ад Эфраіма прыбылі князі ў даліну, за ім Бэн’ямін з народам сваім. Ад Махіра князі прыйшлі, і ад Завулёна тыя, што трымаюць скіпер.
15 Князі Ісахара былі з Дэбораю; і Ісахар разам з Баракам пасланы быў у даліну. А ў ваколіцах Рубэна разважаюць доўга.
16 Чаму ты сядзіш паміж аборамі, каб слухаць мэканьне статку? У ваколіцах Рубэна разважаюць доўга.
17 Гілеад адпачывае за Ярданам, а Дан як вандроўнік узыйшоў на караблі. Асэр жыве на беразе мора ды пры затоках сваіх застаўся.
18 Завулён ахвяраваў душу сваю на сьмерць, а Нэфталі — у гарыстых мясцовасьцях.
19 Прыйшлі валадары і ваявалі, ваявалі валадары Ханаану ў Таанаху ля водаў Мэгіддо, але здабычы срэбра не атрымалі!
20 З неба змагаліся зоркі, з шляхоў сваіх супраць Сісэры ваявалі.
21 Ручай Кішон панёс іх, ручай старадаўні, ручай Кішон; трымайся моцна, душа мая.
22 Тады гучаў тупат капытоў коней, калі імчалі іхнія коньнікі.
23 “Праклінайце Мэроз, — сказаў анёл ГОСПАДА, — праклінайце жыхароў ягоных, бо не прыйшлі яны на дапамогу ГОСПАДУ, на дапамогу ГОСПАДУ з ваярамі сваімі.”
24 Нях будзе дабраслаўлёная між жанчынамі Яэль, жонка Хэвэра Кенэяніна, няхай будзе яна дабраслаўлёная між жанчынамі ў намётах!
25 Таму, хто прасіў вады, яна дала малака, і ў чашы князёў прынесла яму малако.
26 Левай рукой узяла калок, а правай — кавальскі молат. Ударыла Сісэру, і прабіла галаву яму, скроні яго разьбіла.
27 Каля ног яе ён зваліўся, упаў і ляжаў, каля ног яе ўпаў, паваліўся. Дзе ўпаў, там і ляжаў нежывы.
28 Праз акно глядзіць маці Сісэры і галосіць праз ваконныя краты: “Чаму марудзіць калясьніца яго вярнуцца? Чаму не сьпяшаецца ён?”
29 Разумнейшыя з жанчынаў ейных адказваюць ёй, ды сама сабе паўтарае яна словы іхнія:
30 “Дык жа зьбіраюць здабычу і разьдзяляюць па паланянцы ці па дзьве кожнаму ваяру, а шаты каляровыя — здабыча для Сісэры, а на шыю жонкі валадара каляровыя хусткі”.
31 Няхай гэтак, ГОСПАДЗЕ, зьнікнуць усе ворагі Твае! А тыя, што любяць Цябе, няхай ясьнеюць як сонца, якое ўзыходзіць!» І зямля жыла ў супакоі сорак гадоў.

Кніга Судзьдзяў, 5 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.