Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Судзьдзяў | 2 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І зыйшоў Анёл ГОСПАДА з Гільгалу ў Бахім і сказаў: «Я вывеў вас з Эгіпту і завёў вас у зямлю, якую Я запрысяг бацькам вашым і абяцаў ім: “Не парушу запавету Майго з вамі навекі,
2 калі вы ня будзеце хаўрусавацца з жыхарамі зямлі гэтае, але разваліце ахвярнікі іхнія”. Але вы не захацелі паслухаць голасу Майго. Чаму вы гэтак зрабілі?
3 Дзеля таго і Я ня буду выганяць іх перад абліччам вашым, каб былі яны вам цернем, а багі іхнія — пасткаю”.
4 Калі Анёл ГОСПАДА гаварыў яшчэ словы гэтыя да ўсіх сыноў Ізраіля, яны закрычалі і заплакалі.
5 Таму названае месца тое Бахім, і яны там склалі ахвяру ГОСПАДУ.
6 І адпусьціў Егошуа народ, і пайшлі сыны Ізраіля, кожны ў спадчыну сваю, каб узяць на ўласнасьць зямлю.
7 І служылі яны ГОСПАДУ ў-ва ўсе дні Егошуа і старшыняў, якія жылі пасьля ягонай сьмерці , і бачылі ўсе вялікія дзеяньні ГОСПАДА, якія ўчыніў Ён для Ізраіля.
8 І памёр Егошуа, сын Нуна, слуга ГОСПАДА, маючы сто дзесяць гадоў.
9 І пахавалі яго ў паселасьці ягонай у Тымнат-Хэрэсе на гары Эфраіма на поўнач ад гары Гааш.
10 І калі ўсё тое пакаленьне адыйшло да бацькоў сваіх, паўстала іншае пакаленьне пасьля іх, якое ня ведала ГОСПАДА і таго, што Ён зрабіў для Ізраіля.
11 Тады пачалі сыны Ізраіля дапускацца ліхоцьця перад абліччам ГОСПАДА ды служыць Баалам.
12 І пакінулі яны ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, Які вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, і пайшлі за багамі чужымі, за багамі народаў, якія жылі навакол іх, і пакланяліся ім, і гневалі ГОСПАДА.
13 Яны пакінулі ГОСПАДА і служылі Баалу і Астарце.
14 І разгневаўся ГОСПАД на Ізраіля, і аддаў іх у рукі рабаўнікоў, якія іх рабавалі, аддаў іх у рукі ворагаў, якія жылі вакол, і яны ўжо не маглі супрацівіцца ворагам сваім.
15 І ў-ва ўсім, што яны рабілі, рука ГОСПАДА была ім на зло, як ГОСПАД казаў і прысягаў. І былі яны ў вялікім уціску.
16 Тады паставіў ім ГОСПАД судзьдзяў, каб яны баранілі іх ад рукі крыўдзіцеляў іхніх.
17 Але і судзьдзяў не хацелі слухаць, паганячыся з багамі чужымі і ім пакланяючыся. Хутка збочвалі яны з дарогі, якою ішлі бацькі іхнія, якія захоўвалі загады ГОСПАДА. А яны рабілі насуперак.
18 Калі ГОСПАД даваў ім судзьдзяў, ГОСПАД быў з судзьдзёю, каб бараніць іх ад рук ворагаў іхніх праз увесь час судзьдзі, бо ГОСПАД літаваўся над імі, калі яны стагналі ад тых, што іх уціскалі і перасьледвалі.
19 Калі ж паміраў судзьдзя, яны адварочваліся і дапускаліся горшых злачынстваў, чым бацькі іхнія, ідучы за багамі чужымі, служачы ім і пакланяючыся ім, не пакідалі яны ўчынкаў сваіх ліхіх і ліхоты, з якою зжыліся.
20 І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА на Ізраіля, і Ён сказаў: «За тое, што пакаленьне гэтае парушыла запавет Мой, які Я заключыў з бацькамі іхнімі, і ўзгардзілі яны словам Маім,
21 Я ня выганю перад імі паганаў, якіх пакінуў Егошуа, калі памёр,
22 каб праз іх выспрабаваць Ізраіля, ці будуць яны трымацца шляху ГОСПАДАВАГА і хадзіць па ім, як трымаліся бацькі іхнія, ці не?»
23 І пакінуў ГОСПАД народы гэтыя, і не захацеў адразу выганяць іх, і не аддаў іх у рукі Егошуа.

Кніга Судзьдзяў, 2 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.