Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Судзьдзяў | 7 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І ўстаў рана Еруббаал або Гідэон, і ўвесь народ з ім, і расклаліся табарам каля крыніцы, якая завецца Харод. А табар Мадыянцаў быў на поўнач ад узгорка Морэ ў лагчыне.
2 І сказаў ГОСПАД Гідэону: «Залішне народу пры табе, каб у яго рукі Я выдаў Мадыянцаў, бо Ізраіль можа прысвоіць сабе славу, памінуўшы Мяне, кажучы: “Мая рука вызваліла мяне”.
3 Дык так гавары да народу і кажы тым, хто слухае: “Хто баіцца і палахлівы, той няхай вернецца і зыйдзе з гары Гілеад”». І вярнулася з народу дваццаць дзьве тысячы, а засталося дзесяць тысячаў.
4 Сказаў зноў ГОСПАД да Гідэона: «Яшчэ зашмат народу. Завядзі яго да вады, дзе Я яго выспрабую. Пра каго табе скажу, каб ішоў з табою, той няхай пойдзе, а каму ісьці забараню, той няхай вернецца».
5 І калі ён павёў народ да вады, сказаў ГОСПАД Гідэону: «Хто языком будзе хлёбаць ваду, як звычайна сабакі хлёбаюць, пастаў іх асобна, а тых, што ўкленчыўшы будуць піць ваду, пастаў на другі бок».
6 І тых, якія хлёбалі ваду рукой, падносячы да вуснаў, было трыста чалавек. А ўсе астатнія пілі ўкленчыўшы.
7 І сказаў ГОСПАД Гідэону: «Трыма сотнямі людзей, якія хлёбалі ваду, Я вызвалю вас, і аддам Мадыянцаў у руку тваю, а ўсе астатнія няхай вернуцца ў дамы свае».
8 І ўзялі яны сабе ежу і трубы, і ўсім другім загадаў ён вярнуцца ў намёты свае, а тых трыста чалавек затрымаў пры сабе. Табар жа Мадыянцаў быў пад ім у лагчыне.
9 У тую ноч ГОСПАД сказаў яму: «Устань і ідзі ў табар, бо Я аддаю яго ў рукі твае.
10 Калі баішся ісьці адзін, няхай ідзе з табою Пура, слуга твой.
11 Калі ты пачуеш, што яны гавораць, тады ўмацуюцца рукі твае, і ты пойдзеш у табар ворагаў». І спусьціўся ён і слуга ягоны Пура да самых вартаўнікоў табару.
12 А Мадыянцы, Амалек ды ўсе ўсходнія народы разьмясьціліся ў лагчыне, шматлікія, як шаранча. Таксама вярблюдаў было бязь ліку, як пяску, што ляжыць на беразе мора.
13 Калі туды прыйшоў Гідэон, хтосьці расказваў сон суразмоўніку свайму: «Я вось бачыў такі сон: здавалася мне, што бохан хлеба ячменнага прыкаціўся да табару Мадыянцаў, і калі дакаціўся да намёту, ударыў у яго і перавярнуў яго, і намёт разваліўся».
14 І адказаў той, каму расказваў: «Гэта нішто іншае, як меч Гідэона, сына Ёаша, Ізраільцяніна. Аддаў Бог у рукі ягоныя Мадыянцаў і ўвесь табар іхні».
15 Калі Гідэон пачуў аповед пра сон ды яго тлумачэньне, пакланіўся Богу і, вярнуўшыся ў табар, загадаў: «Устаньце! Вось, ГОСПАД аддаў у рукі вашыя табар Мадыянцаў».
16 І падзяліў ён трыста чалавек на тры аддзелы, і даў кожнаму з іх трубы і пустыя збаны, а ў іх — паходні.
17 І сказаў ім: «Глядзіце на мяне, і рабіце тое самае, што я. Калі дайду да табару, што я буду рабіць, тое і вы рабіце.
18 Калі я затрублю ў трубу, то і вы трубіце кругом табару і крычыце: “[Меч] ГОСПАДА і Гідэона!”»
19 І дайшоў Гідэон і сто мужчынаў, якія былі з ім, да самага табару на пачатку сярэдняй начной варты, калі толькі паставілі вартаўнікоў. І затрубілі яны ў трубы, і пабілі збаны, што трымалі ў руках.
20 Адразу затрубілі ў трубы тры дружыны, і пабілі збаны, і ўзяўшы ў левую руку паходні, а ў правую — трубы, каб імі трубіць, крычалі: «Меч ГОСПАДА і Гідэона!»
21 І стаяў кожны на сваім месцы вакол табару, а ў-ва ўсім табары пачалі бегаць і крычаць, і кінуліся ўцякаць.
22 І калі тыя трыста чалавек трубілі ў трубы, напусьціў ГОСПАД меч аднаго на другога ў-ва ўсім табары. І табар уцёк аж да Бэт-Гашыты ў кірунку Царэтану, Абэль-Мэхолы каля Табаты.
23 І сабраліся Ізраільцяне з пакаленьняў Нэфталі і Асэра і з усяго пакаленьня Манасы, і гналіся за Мадыянцамі.
24 Гідэон паслаў пасланцоў на ўсе горы Эфраіма, абвяшчаючы: «Выступайце супраць Мадыянцаў і перахапіце у іх пераправы праз воды Ярдану аж да Бэт-Бары». І сабраліся ўсе сыны Эфраіма, і заступілі броды на Ярдане аж да Бэт-Бары.
25 І захапілі яны двух князёў Мадыянскіх, Арэба і Зээба, і забілі Арэба ў Цур-Арэбе, а Зээба — у Экэб-Зээба. І гналіся далей за Мадыянцамі, а галовы Арэба і Зээба прынесьлі Гідэону за Ярдан.

Кніга Судзьдзяў, 7 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.