Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Егошуа | 8 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І сказаў ГОСПАД Егошуа: «Ня бойся і ня мей страху! Вазьмі з сабой усіх ваяроў, і, прыгатаваўшыся, ідзі, наступай на горад Гай. Вось Я аддаў у рукі твае валадара ягонага, і народ ягоны, і горад, і зямлю ягоную.
2 Зробіш з Гаем і валадаром ягоным, як зрабіў ты з Ерыхонам і валадаром ягоным. Вазьміце толькі сабе здабычу і жывёлу. Зрабі засаду на горад з другога боку гораду».
3 І падняўся Егошуа і з ім дружыны ваяроў, каб ісьці на Гай. Адначасова выбраў Егошуа трыццаць тысячаў моцных ваяроў, і выправіў іх ноччу,
4 і загадаў ім: «Вы прыгатуйце засаду за горадам і не адыходзьце далёка ад гораду. Будзьце ўсе гатовыя.
5 А я і ўвесь народ, які са мной, прыступімся з другога боку гораду. Калі выйдуць яны супраць нас як раней, мы будзем уцякаць перад імі.
6 Яны будуць гнацца за намі, і такім чынам адцягнем іх далёка ад гораду, бо падумаюць, што мы ўцякаем ад іх, як той раз.
7 Калі мы так будзем уцякаць, а яны будуць нас даганяць, вы, выпаўшы з засады, апануеце горад. Аддасьць бо яго ГОСПАД, Бог ваш, у рукі вашыя.
8 Калі захопіце яго, спаліце яго. Так зрабіце паводле слова ГОСПАДА. Вось я вам гэта загадаў».
9 Егошуа паслаў іх, і яны выправіліся на месца засады, і затрымаліся між Бэтэлем і Гаем на захад ад Гаю. А Егошуа правёў тую ноч сярод народу.
10 Устаўшы надта рана, Егошуа аглядзеў народ, і пайшоў ён і старшыні Ізраіля наперадзе народу.
11 Усе ваяры, што былі з ім, падыйшлі і наблізіліся да гораду, і затрымаліся з паўночнага боку ад Гаю, а паміж горадам і імі была лагчына.
12 Пасьля ён выбраў каля пяці тысячаў чалавек і паставіў іх як засаду паміж Бэтэлем і Гаем, з заходняга боку гораду.
13 І разлажыліся табарам на поўнач ад гораду, а апошняя дружына была на захад ад гораду. І прыйшоў Егошуа ў тую ноч, і затрымаўся на сярэдзіне даліны.
14 Калі ж убачыў гэта валадар Гая, нараніцы хутка вырушыў і пасьпяшаўся з усім сваім войскам і накіраваўся у бой супраць Ізраіля насупраць Арабы, ня ведаючы, што ў яго за плячыма хаваецца засада.
15 А Егошуа і ўвесь Ізраіль сталі адыходзіць, удаючы страх і ўцякаючы дарогаю ў пустыню.
16 Тады быў скліканы ўвесь народ, які быў у горадзе, даганяць іх, і яны пагналіся за Ізраілем. І, даганяючы, адыйшліся яны далёка ад гораду,
17 і нікога не засталося ў Гаі і ў Бэтэлі, хто б не пагнаўся за Ізраілем. Так горад пакінулі яны адкрытым і гналіся за Ізраілем.
18 І сказаў ГОСПАД Егошуа: «Падымі дзіду, якую трымаеш у руцэ сваёй, супраць гораду Гай, бо Я аддам яго табе». І падняў Егошуа дзіду, якая была ў руцэ ягонай, супраць гораду.
19 Калі ён падняў дзіду супраць гораду, людзі, якія былі ў засадзе, падняліся і пабеглі ў горад, і захапілі яго, і падпалілі яго.
20 А людзі з гораду, якія гналіся за Егошуам, аглянуўшыся і бачачы дым над горадам, які аж пад неба ўздымаўся, не маглі анікуды ўцякаць, бо тыя, што ўцякалі ў бок пустыні, павярнуліся супраць іх.
21 Егошуа і ўвесь Ізраіль, бачачы, што горад узяты, і што дым уздымаецца над горадам, павярнуўшыся, ударылі на людзей Гаю.
22 Таксама і тыя, якія занялі горад і падпалілі яго, выйшлі з гораду супраць іх, і так яны апынуліся паміж Ізраілем, які акружыў іх з абодвух бакоў. І забівалі іх сыны Ізраіля так, што з вялікай многасьці ніводны не ўратаваўся.
23 А валадара Гаю схапілі і жывога прывялі да Егошуа.
24 І выбілі Ізраільцяне ўсіх жыхароў Гая, якія пагналіся за ўцякаючым Ізраілем, і на тым самым полі былі яны мячом пазасяканыя. Потым сыны Ізраіля, вярнуўшыся, выбілі ўвесь горад Гай вострывам мяча.
25 У той дзень загінула мужчынаў і жанчынаў дванаццаць тысячаў, усе жыхары Гая.
26 А Егошуа не апускаў рукі сваёй, якую выцягнуў уверх, трымаючы дзіду, пакуль не былі выбіты ўсе жыхары Гая.
27 Толькі жывёлу і здабычу з гораду падзялілі паміж сабою сыны Ізраіля, як загадаў ГОСПАД Егошуа.
28 Егошуа спаліў Гай і зрабіў з яго вечныя руіны, пустыню аж да сёньняшняга дня.
29 А валадара Гаю павесіў на дрэве аж да вечара. На заходзе сонца загадаў Егошуа зьняць трупа з дрэва, і кінулі яго каля ўваходу ў брамы гораду і накідалі над ім купу камянёў, якая захавалася да сёньня.
30 Тады Егошуа паставіў ахвярнік ГОСПАДУ, Богу Ізраіля, на гары Эваль,
31 як загадаў Майсей, слуга ГОСПАДА, сынам Ізраіля, і што запісана ў кнізе Закону Майсея, ахвярнік з цэлых камянёў, ня чэсаных жалезам. На ім складзена было цэласпаленьне ГОСПАДУ, і складалі ахвяры мірныя.
32 І напісаў ён там на тых камянях водпіс Закону Майсея, які напісаў Майсей для сыноў Ізраіля.
33 Пасля ўвесь Ізраіль і старшыні ягоныя, і начальнікі народу і судзьдзі, сталі з аднаго і другога боку Каўчэга, насупраць сьвятароў і лявітаў, якія носяць Каўчэг Запавету ГОСПАДА, як чужынцы, так і тутэйшыя. Палова іх стала каля гары Герызім, а другая палова — каля гары Эваль, як загадаў раней Майсей, слуга ГОСПАДА, каб дабраславіць народ Ізраіля.
34 Потым прачытаў Егошуа ўсе словы Закону, дабраславенства і праклён, паводле ўсяго таго, што было запісана ў кнізе Закону.
35 Не прапусьціў Егошуа анічога з таго, што загадаў Майсей, але ўсё прачытаў перад усёй царквой Ізраіля, перад жанчынамі, і дзецьмі, і чужынцамі, якія між іх жылі.

Кніга Егошуа, 8 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.