Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Егошуа | 22 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І паклікаў Егошуа сыноў Рубэна, Гада і паловы пакаленьня Манасы,
2 і сказаў ім: «Вы споўнілі ўсё, што вам загадаў Майсей, слуга ГОСПАДА, і мяне слухалі таксама ў-ва ўсім, што я загадаў вам,
3 і не пакінулі вы братоў сваіх увесь гэты доўгі час аж да сёньняшняга дня, і выканалі волю ГОСПАДА, Бога вашага.
4 Цяпер вось даў ГОСПАД, Бог ваш, супакой братам вашым і мір, як быў абяцаўшы ім. Цяпер вяртайцеся і ідзіце ў намёты вашыя і ў зямлю вашую, якую даў вам Майсей, слуга ГОСПАДА, за Ярданам.
5 Толькі пільна старайцеся выконваць прыказаньні і закон, які загадаў вам Майсей, слуга ГОСПАДА. Любіце ГОСПАДА, Бога вашага, і хадзіце па ўсіх шляхах Ягоных, спаўняйце прыказаньні Ягоныя, туліцеся да Яго і служыце Яму ўсім сэрцам сваім ды ўсёю душою сваёю».
6 І дабраславіў іх Егошуа, і адпусьціў іх, і яны вярнуліся ў намёты свае.
7 Адной палове пакаленьня Манасы Майсей даў уласнасьць ў Башане, а другой палове Егошуа даў спадчыну між братоў іхніх, на заходнім беразе Ярдану. Калі Егошуа адпусьціў іх у намёты іхнія, дабраславіў іх
8 і сказаў: «Вы вяртаецеся ў намёты свае з вялікімі багацьцямі, з мноствам жывёлы, срэбрам, золатам, медзьдзю, якую вы забралі ў ворагаў вашых, жалезам і вялікаю колькасьцю адзеньня; падзяліце ж здабычу паміж братамі вашымі».
9 Сыны Рубэна, сыны Гада і палова пакаленьня Манасы вярнуліся і пакінулі сыноў Ізраіля ў Шыло, што ў Ханаане, каб ісьці ў зямлю Гілеад, у зямлю пасяленьня свайго, якую атрымалі з волі ГОСПАДА праз Майсея.
10 Калі прыйшлі яны ў ваколіцы Ярдану ў зямлі Ханаан, пабудавалі каля Ярдану ахвярнік, вялікі на від.
11 Калі пачулі сыны Ізраіля, што сыны Рубэна, сыны Гада і палова пакаленьня Манасы пабудавалі ахвярнік каля Ярдану ў зямлі Ханаан на беразе сыноў Ізраіля,
12 дык сабраліся ў Шыло, каб выступіць і ваяваць супраць іх.
13 Аднак сыны Ізраіля перш-наперш выправілі да сыноў Рубэна, сыноў Гада і паловы пакаленьня Манасы ў зямлю Гілеад Пінхаса, сына Элеазара, сьвятара,
14 а з ім дзесяць князёў, князя з кожнага пакаленьня Ізраіля, якія ўзначальвалі ўсе роды пакаленьняў Ізраіля.
15 Яны прыйшлі да сыноў Рубэна, сыноў Гада, і паловы пакаленьня Манасы ў зямлю Гілеад і сказалі ім:
16 «Гэта слова ўсёй супольнасьці ГОСПАДА: “Што гэта за злачынства? Чаму пакінулі вы ГОСПАДА, Бога Ізраіля, пабудаваўшы сабе ахвярнік на зьнявагу ГОСПАДУ, і адступіліся ад шанаваньня ГОСПАДА?
17 Ці не хапае вам грахоў з Пэору, ад якіх не ачысьціліся мы яшчэ да сёньняшняга дня і дзеля якіх прыйшла бяда на супольнасьць ГОСПАДА?
18 А вы сёньня адступіліся ад ГОСПАДА і паднялі бунт супраць Яго, і вось заўтра ўзгарыцца гнеў Ягоны на ўсю супольнасьць Ізраіля.
19 Калі вось думаеце, што зямля пасяленьня вашага ёсьць нячыстай, дык перайдзіце ў зямлю пасяленьня ГОСПАДА, дзе сяліба ГОСПАДА, і вы абжывіцеся ў нас. Толькі не бунтуйцеся супраць ГОСПАДА і таксама нас не бунтуйце, стаўляючы ахвярнік акрамя ахвярніка ГОСПАДА, Бога нашага.
20 Калі Ахан, сын Зэраха, парушыў загад ГОСПАДА адносна клятвы, ці ж гнеў ГОСПАДА не абярнуўся на ўсю супольнасьць? Ён жа быў адзін, хто саграшыў, няхай бы толькі адзін і паміраў за свой грэх!”»
21 Сыны Рубэна, сыны Гада і палова пакаленьня Манасы адказалі князям, пасланцам Ізраіля:
22 «Бог багоў, ГОСПАД, Бог багоў, ГОСПАД Сам ведае гэта і Ізраіль павінен зразумець! Калі мы ў духу бунту і адступленьня ад ГОСПАДА пабудавалі гэты ахвярнік, не пашкадуе Ён нас, але адразу пакарае.
23 І калі зрабілі мы ахвярнік у гэтай думцы, каб адступіць ад ГОСПАДА і складаць на ім цэласпаленьні і ахвяры хлебныя, і ахвяры мірныя, няхай Сам ГОСПАД разьбярэцца і асудзіць.
24 Ці ж не зрабілі мы гэта з руплівасьці і з думкаю пра будучыню, што скажуць заўтра сыны вашыя сынам нашым: “Што маеце вы супольнага з ГОСПАДАМ, Богам Ізраіля?
25 ГОСПАД паставіў на Ярдане мяжу між намі і вамі, сыны Рубэна і Гада, і таму вы ня маеце ніякай часткі ў ГОСПАДА!” І такім чынам сыны вашы адвярнулі б сыноў нашых ад страху ГОСПАДА.
26 І сказалі мы: “Паставім сабе ахвярнік не на цэласпаленьні і не на ахвяры,
27 але як сьведчаньне, паміж намі і вамі, і паміж нашчадкамі нашымі, што мы хочам спаўняць службу ГОСПАДА перад абліччам Ягоным праз нашыя цэласпаленьні, ахвяры і ахвяры мірныя”. Вашыя сыны ня змогуць калісьці сказаць сынам нашым: “Вы ня маеце часткі ў ГОСПАДА”.
28 Калі б яны так хацелі сказаць, мы адкажам ім: “Вось бачыце падабенства ахвярніка ГОСПАДА, які зрабілі бацькі нашыя не на цэласпаленьне, не на ахвяры, але каб гэта было сьведчаньнем між намі і вамі”.
29 Далёкія мы ад злачынства, каб мы бунтаваліся супраць ГОСПАДА і адварочваліся, каб не ісьці за Ім, пабудаваўшы ахвярнік для цэласпаленьняў, ахвяраў хлебных і ахвяраў крывавых, па-за ахвярнікам ГОСПАДА, Бога нашага, які перад сялібай Ягонай».
30 Калі сьвятар Пінхас, князі супольнасьці і начальнікі дружынаў Ізраіля, якія былі з ім, пачулі гэтыя словы, сказаныя сынамі Рубэна, сынамі Гада, і сынамі Манасы, здаліся яны добрымі ў вачах іхніх.
31 Тады Пінхас, сын Элеазара сьвятара, сказаў сынам Рубэна, сынам Гада і сынам Манасы: «Пераканаліся мы сёньня, што між вамі ёсьць ГОСПАД, бо вы не дапусьціліся нявернасьці адносна ГОСПАДА, і захавалі сыноў Ізраіля ад рукі ГОСПАДА!»
32 І Пінхас, сын Элеазара сьвятара, і князі пакінулі сыноў Рубэна, і сыноў Гада і вярнуліся з зямлі Гілеад ў зямлю Ханаан, да сыноў Ізраіля, якім прынесьлі гэты адказ.
33 Справа выявілася добрай у вачах сыноў Ізраіля, і дабраславілі яны Бога, і не гаварылі больш, каб ісьці супраць іх ваяваць, каб спустошыць зямлю, абжытую сынамі Рубэна і сынамі Гада.
34 А сыны Рубэна і сыны Гада назвалі гэты ахвярнік Эд, бо казалі: «Гэта сьведка між намі, што ГОСПАД ёсьць Бог».

Кніга Егошуа, 22 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.