Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Мацьвея | 5 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Убачыўшы натоўпы, Ён узыйшоў на гару, і, калі сеў, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя.
2 І Ён, расчыніўшы вусны Свае, навучаў іх, кажучы:
3 «Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае.
4 Шчасьлівыя тыя, што плачуць, бо яны будуць суцешаныя.
5 Шчасьлівыя ціхія, бо яны возьмуць у спадчыну зямлю.
6 Шчасьлівыя тыя, што прагнуць і смагнуць праведнасьці, бо яны будуць насычаныя.
7 Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны будуць памілаваныя.
8 Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
9 Шчасьлівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі будуць названыя.
10 Шчасьлівыя тыя, каго перасьледуюць за праведнасьць, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае.
11 Шчасьлівыя вы, калі дзеля Мяне будуць зьневажаць вас, і перасьледаваць, і казаць усякае злое слова хлусьліва.
12 Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая нагарода вашая ў небе; бо так перасьледавалі прарокаў, якія былі раней за вас.
13 Вы — соль зямлі. Калі ж соль згубіць сілу, то чым зробіш яе салёнаю? Яна ўжо ні на што не надаецца, хіба толькі выкінуць яе вон на патаптаньне людзям.
14 Вы — сьвятло сьвету. Ня можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары.
15 Ніхто не запальвае сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзінай, але на сьвечніку, і яна сьвеціць усім, хто ёсьць у доме.
16 Гэтак няхай сьвятло вашае сьвеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя справы і славілі Айца вашага, Які ў небе.
17 Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць Закон ці Прарокаў; не парушыць прыйшоў Я, але споўніць.
18 Бо сапраўды кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, аніводная ёта ці рыска не праміне з Закону, пакуль ня станецца ўсё.
19 Вось жа, хто разьвяжа адно з гэтых найменшых прыказаньняў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым названы будзе ў Валадарстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім названы будзе ў Валадарстве Нябесным.
20 Бо кажу вам: калі праведнасьць вашая не перавысіць [праведнасьці] кніжнікаў і фарысэяў, вы ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.
21 Вы чулі, што сказана старадаўным: “Не забівай, а хто заб’е, падлягае суду”.
22 А Я кажу вам, што ўсякі, хто гневаецца на брата свайго дарэмна, падлягае суду; а хто скажа брату свайму: “Рака́”, падлягае сынэдрыёну, а хто скажа: “Дурань”, падлягае гееньне вогненай.
23 Дык калі ты прынясеш дар твой на ахвярнік, і там узгадаеш, што брат твой ма́е нешта супраць цябе,
24 пакінь дар твой перад ахвярнікам і пайдзі перш пагадзіся з братам тваім, а тады, прыйшоўшы, прынясі дар твой.
25 Пагадзі́ся з супраціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім, каб супраціўнік не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя не аддаў бы цябе паслугачу́, і ня быў ты кінуты ў вязьні́цу.
26 Сапраўды кажу табе: ты ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадра́нта.
27 Вы чулі, што сказана старадаўным: “Не чужалож”.
28 А Я кажу вам, што ўсякі, хто глядзіць на жанчыну, жадаючы яе, ужо чужаложыць з ёю ў сэрцы сваім.
29 Калі ж правае вока тваё згаршае цябе, вырві яго і кінь ад сябе, бо лепш табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геенну.
30 І калі правая рука твая згаршае цябе, адсячы яе і кінь ад сябе, бо лепш табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геенну.
31 Сказана таксама, што, калі хто разлучаецца з жонкаю сваёю, няхай дасьць ёй развод.
32 А Я кажу вам: хто разлучаецца з жонкаю сваёю не з прычыны распусты, той робіць яе чужаложніцай, і хто жэніцца з разьведзенай, той чужаложыць.
33 Яшчэ чулі вы, што сказана старадаўным: “Не прысягай фальшыва, але спаўняй перад Госпадам прысягі твае”.
34 А Я кажу вам: не прысягай зусім, ані небам, бо яно — пасад Божы;
35 ані зямлёю, бо яна — падножжа ног Ягоных, ані Ерусалімам, бо ён — горад вялікага Валадара;
36 ані галавою сваёю не прысягай, бо ня можаш аніводнага воласу зрабіць белым ці чорным.
37 Але няхай будзе слова вашае: “Так, так”, “Не, не”, а што больш таго, тое ад злога.
38 Вы чулі, што сказана: “Вока за вока і зуб за зуб”.
39 А Я кажу вам: не праціўцеся злому, але, хто ўдарыць цябе ў правую шчаку тваю, павярні да яго і другую,
40 і хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе вопратку, аддай яму і шаты;
41 і хто прымусіць цябе ісьці з ім адну мілю, ідзі з ім дзьве.
42 Таму, хто просіць у цябе, дай, і ад таго, хто хоча ў цябе пазычыць, не адварочвайся.
43 Вы чулі, што сказана: “Любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго”.
44 А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце тых, якія праклінаюць вас, рабіце дабро тым, якія ненавідзяць вас, і маліцеся за тых, якія крыўдзяць вас і перасьледуюць вас,
45 каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ў небе, бо Ён узьнімае сонца Сваё над добрымі і злымі і спасылае дождж на праведных і няправедных.
46 Бо калі вы любіце тых, якія вас любяць, якая вам нагарода? Ці ж ня так робяць і мытнікі?
47 І калі вы вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівае робіце? Ці ж не такім чынам робяць і мытнікі?
48 Дык будзьце ж дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш, Які ў небе.

Эвангельле паводле Мацьвея, 5 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.