Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Мацьвея | 16 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І, падыйшоўшы, фарысэі і садукеі, спакушаючы Яго, прасілі паказаць ім знак з неба.
2 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Увечары вы кажаце: “Будзе пагода, бо неба чырвонае”.
3 І раніцаю: “Сёньня не́пагадзь, бо неба чырвонае і пахмурнае”. Крывадушнікі! Аблічча неба адрозьніваеце, а знакаў часу ня можаце?
4 Пакаленьне злое і чужаложнае знаку шукае, і знак ня будзе дадзены яму, апрача знаку Ёны прарока». І, пакінуўшы іх, адыйшоў.
5 І, перабраўшыся на другі бок, вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлеба.
6 А Ісус сказаў ім: «Глядзіце, сьцеражыцеся кі́сьлі фарысэйскай і садукейскай».
7 Яны ж разважалі між сабою, кажучы: «Бо мы хлябоў ня ўзялі».
8 Зразумеўшы ж гэта, Ісус сказаў ім: «Чаму разважаеце між сабою, малаверы, што хлябоў ня ўзялі?
9 Ці яшчэ не разумееце і ня памятаеце тыя пяць хлябоў на пяць тысячаў, і колькі кашоў назьбіралі?
10 Ці тыя сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кашоў назьбіралі?
11 Як не разумееце, што не наконт хлеба сказаў Я вам сьцерагчыся кі́сьлі фарысэйскай і садукейскай?»
12 Тады яны зразумелі, што Ён гаварыў ім сьцерагчыся ня кі́сьлі хлебнае, але навукі фарысэйскае і садукейскае.
13 А прыйшоўшы ў межы Цэзарэі Філіпавай, Ісус спытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: «Кім людзі называюць Мяне, Сына Чалавечага?»
14 А яны сказалі: «Адны — Янам Хрысьціцелем, другія — Ільлём, а іншыя — Ярэміем ці адным з прарокаў».
15 Ён кажа ім: «А вы кім Мяне называеце?»
16 Сымон жа Пётар, адказваючы, сказаў: «Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога».
17 І, адказваючы, Ісус сказаў яму: «Шчасьлівы ты, Сымон, сын Ёны, бо ня цела і кроў адкрылі табе гэтае, але Айцец Мой, Які ў небе.
18 І Я кажу табе: Ты — скала, і на гэтай скале Я збудую Царкву Маю, і брамы пекла не перамогуць яе.
19 І дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвязана ў небе; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвязана ў небе».
20 Тады загадаў Ён вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсьць Ісус Хрыстос.
21 Ад таго часу пачаў Ісус паказваць вучням Сваім, што Ён мусіць пайсьці ў Ерусалім і шмат перацярпець ад старшыняў, і першасьвятароў, і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць.
22 І, адклікаўшы Яго, Пётар пачаў забараняць Яму, кажучы: «Будзь міласьцівы да Сябе, Госпадзе! Няхай ня будзе гэтага з Табою!»
23 Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: «Адыйдзі ад Мяне, шата́н! Ты Мне згаршэньне, бо думаеш не пра тое, што Божае, але што чалавечае».
24 Тады Ісус сказаў вучням Сваім: «Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, і возьме крыж свой, і ідзе за Мною.
25 Бо хто хоча душу́ сваю выратаваць, той загубіць яе, а хто загубіць душу́ сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе.
26 Бо якая карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы́ сваёй пашкодзіць? Або што дасьць чалавек у выкуп за душу́ сваю?
27 Бо мае прыйсьці Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з анёламі Сваімі; і тады аддасьць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.
28 Сапраўды кажу вам: ёсьць некаторыя, што тут стаяць, якія не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, Які ідзе ў Валадарстве Сваім».

Эвангельле паводле Мацьвея, 16 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.