Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Мацьвея | 17 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І праз шэсьць дзён бярэ Ісус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і вядзе іх на гару высокую адных.
2 І Ён перамяніўся перад імі, і сьвяцілася аблічча Ягонае, як сонца, а шаты Ягоныя сталіся белыя, як сьвятло.
3 І вось, зьявіліся ім Майсей і Ільля, ведучы́ гутарку з Ім.
4 Адказваючы, Пётар сказаў Ісусу: «Госпадзе! Добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры намёты: Табе адзін, і Майсею адзін, і адзін Ільлі».
5 Калі ён яшчэ гаварыў, вось, воблака сьветлае ахінула іх; і вось, голас з воблака, які кажа: «Гэта Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне; Яго слухайце».
6 І, пачуўшы, вучні ўпалі на аблічча сваё і моцна спужаліся.
7 І Ісус, падыйшоўшы, дакрануўся да іх і сказаў: «Устаньце і ня бойцеся!2
8 Падняўшы ж вочы свае, яны нікога ня ўбачылі, акрамя аднаго Ісуса.
9 І як зыходзілі яны з гары, Ісус загадаў ім, кажучы: «Нікому не кажыце пра гэты ві́дзеж, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне з мёртвых».
10 І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Чаму ж кніжнікі кажуць, што Ільля мусіць прыйсьці спачатку?»
11 А Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Ільля сапраўды прыйдзе спачатку і направіць усё.
12 А Я кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, але ўчынілі з ім, як хацелі; гэтак і Сын Чалавечы мае перацярпець ад іх».
13 Тады вучні зразумелі, што Ён казаў ім пра Яна Хрысьціцеля.
14 І як прыйшлі яны да натоўпу, падыйшоў да Яго чалавек, падаючы перад ім на калені і кажучы:
15 «Госпадзе! Зьлітуйся над сынам маім, ён люнатык і цяжка церпіць; бо часта кідаецца ў вагонь і часта ў ваду.
16 І я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі аздаравіць яго».
17 Ісус жа, адказваючы, сказаў: «О, пакаленьне бязьвернае і сапсаванае! Дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне сюды».
18 І забараніў яму Ісус, і дэман выйшаў з яго, і хлопец быў аздароўлены ў тую гадзіну.
19 Тады вучні, падыйшоўшы да Ісуса насамоце, сказалі: «Чаму мы не маглі выгнаць яго?»
20 А Ісус сказаў ім: «Дзеля недаве́рства вашага. Бо сапраўды кажу вам: калі вы маеце веру, як гарчычнае зерне, і скажаце гары гэтай: “Перайдзі адгэтуль туды”, дык яна пяройдзе; і нішто ня будзе немагчымым для вас.
21 Гэты ж род выходзіць толькі праз малітву і пост».
22 Калі ж былі яны ў Галілеі, Ён сказаў ім: «Сын Чалавечы ма́е быць выдадзены ў рукі людзей,
23 і заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсьне». І яны дужа засмуціліся.
24 Калі ж прыйшлі яны ў Капэрнаум, падыйшлі да Пятра зьбіральнікі дыдрахмаў і сказалі: «Настаўнік ваш ці ня дасьць дыдрахмы?»
25 Ён кажа: «Так». І калі ён увайшоў у дом, Ісус папярэдзіў яго, кажучы: «Як ты думаеш, Сымоне, валадары зямныя з каго бяруць мы́та ці дані́ну, ці са сваіх сыноў, ці з чужых?»
26 Пётар кажа Яму: «З чужых». Сказаў яму Ісус: «Значыцца, сыны вольныя.
27 Але, каб нам не згаршаць іх, пайшоўшы на мора, кінь ву́ду, і першую рыбу, якая пападзецца, вазьмі, і, расчыніўшы ёй рот, знойдзеш статыр; узяўшы яго, аддай ім за Мяне і за сябе».

Эвангельле паводле Мацьвея, 17 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.