Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Валадароў | 7 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І сказаў Элісэй: «Слухайце слова ГОСПАДА. Вось, што кажа ГОСПАД: “Заўтра, у гэтую самую гадзіну, адна сэя найчысьцейшае мукі будзе за адзін сыкль, дзьве сэі ячменю таксама за адзін сыкль у браме Самарыі”».
2 У адказ на гэта зброяносец, на плячо якога абапіраўся валадар, сказаў чалавеку Божаму: «Хоць бы нават ГОСПАД зрабіў вокны ў нябёсах, ніколі ня можа стацца тое, што ты гаворыш». Элісэй адказаў: «Ты ўбачыш вачыма сваімі, але есьці гэтага ня будзеш!»
3 І былі чацьвёра пракажоных каля ўваходу ў браму. І сказалі яны адзін аднаму: «Што мы тут сядзім, чакаючы сьмерці?
4 Калі захочам пайсьці ў горад, з голаду памром; калі застанемся тут, таксама трэба будзе памерці. Дык хадземце, пойдзем у табар Сірыйцаў. Калі пашкадуюць нас, будзем жыць, а калі захочуць забіць, то памром».
5 І падняліся яны ўвечары, і пайшлі да табару Сірыйцаў. А калі дайшлі да табару Сірыйскага, нікога там не знайшлі.
6 Бо ў табары Сірыйскім даў Госпад чуць грукат калясьніцаў, коней і вялікага войска, так што казалі яны адзін другому: «Вось, валадар Ізраіля наняў супраць нас валадароў Хэтытаў і валадароў Эгіпецкіх, каб ішлі на нас».
7 І ўскочылі яны, і ўцяклі ў поцемках, і пакінулі намёты свае, коней, аслоў, увесь табар, як быў, і ўцяклі, ратуючы жыцьцё сваё.
8 І прыйшлі тыя пракажоныя да краю табару, і ўвайшлі ў адзін намёт, і наеліся, і напіліся, і набралі там срэбра і золата, і адзеньня, і пайшлі, і схавалі. І зноў вярнуліся ў другі намёт, і адтуль усё павыносілі, і схавалі.
9 І сказалі яны адзін аднаму: «Дрэнна мы робім. Дзень гэты — дзень радаснай весткі, а мы маўчым. Калі будзем адкладаць аж да раніцы, спаткае нас кара. Хадземце, пойдзем у палац валадара».
10 І прыйшлі яны, і паклікалі вартаўнікоў гораду, і расказалі ім: «Пайшлі мы ў табар Сірыйцаў і не знайшлі там ніводнага чалавека, а толькі коней і асьліцаў прывязаных, і намёты, як былі».
11 І вартаўнікі, пераклікаючыся, перадалі гэтую вестку ў палац валадарскі.
12 І устаў валадар ноччу, і сказаў слугам сваім: «Скажу вам, што зрабілі Сірыйцы. Яны ведаюць, што мы галодныя, дык выйшлі з табару, каб схавацца ў полі, думаючы так: “Калі выйдуць яны з гораду, мы захопім іх жывымі і ўвойдзем у горад”».
13 І адзін са слугаў ягоных сказаў: «Возьмем пяць коней, якія засталіся ў горадзе, бо толькі яны засталіся з усяго мноства Ізраіля, якое гіне з голаду, і пойдзем, і пабачым».
14 І прывялі дзьве калясьніцы з коньмі, і валадар паслаў іх за войскам Сірыйскім, загадваючы: «Ідзіце і паглядзіце!»
15 І пайшлі яны за імі аж да Ярдану, і вось, уся дарога закідана адзеньнем і рэчамі, якія кідалі Сірыйцы, уцякаючы. І вярнуліся пасланцы, і расказалі гэта валадару.
16 І выйшаў народ, і рабаваў табар Сірыйцаў. І адна сэя найчысьцейшай мукі каштавала адзін сыкль, а дзьве сэі ячменю — таксама адзін сыкль, паводле слова ГОСПАДА.
17 І валадар загадаў таму зброяносцу, на плячо якога абапіраўся, вартаваць каля брамы. Але натоўп затаптаў яго ў браме, як сказаў чалавек Божы, які гаварыў, калі прыходзіў валадар да яго.
18 Бо калі чалавек Божы сказаў валадару: «Заўтра ў гэтую пару дзьве сэі ячменю будуць каштаваць адзін сыкль, і адна сэя найчысьцейшай мукі — адзін сыкль, у браме Самарыі»,
19 зброяносец адказаў чалавеку Божаму: «Хоць бы нават ГОСПАД зрабіў вокны ў нябёсах, ці магло б споўніцца гэтае слова?», а той сказаў: «Ты ўбачыш гэта вачыма сваімі, але есьці гэтага ня будзеш».
20 І затаптаў яго натоўп у браме на сьмерць.

Другая кніга Валадароў, 7 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.