Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Валадароў | 15 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 У дваццаць сёмым годзе Ерабаама, валадара Ізраіля, Азарыя, сын Амазіі, стаў валадаром Юды.
2 Меў ён шаснаццаць гадоў, калі стаў валадаром, і валадарыў у Ерусаліме пяцьдзясят два гады. Маці ягоная называлася Ехолія з Ерусаліму.
3 І рабіў ён тое, што добрым было ў вачах ГОСПАДА, і хадзіў як бацька ягоны, Амазія.
4 Толькі ўзгоркі не былі зьнішчаныя, і народ складаў ахвяры крывавыя і кадзіў на ўзгорках.
5 І пакараў ГОСПАД валадара праказай, і быў ён пракажоны аж да дня сьмерці сваёй, і жыў у доме ў адзіноце. А сын ягоны Ёатам быў начальнікам над палацам і судзіў народ зямлі.
6 А іншыя дзеяньні Азарыі і ўсё, што ён рабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
7 І супачыў Азарыя з бацькамі сваімі, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Давіда. Пасьля яго валадаром стаў сын ягоны Ёатам.
8 У трыццаць восьмым годзе Азарыі, валадара Юды, Захарыя, сын Ерабаама, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на шэсьць месяцаў.
9 І рабіў ён тое, што было ліхім у вачах ГОСПАДА, як рабілі бацькі ягоныя, і не адступіў ад грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля.
10 І Шальлюм, сын Ябэша, змовіўся супраць яго, і напаў на яго ў Іблеаме, і забіў, і валадарыў на мейсцы ягоным.
11 А іншыя дзеяньні Захарыі запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
12 Бо такое было слова ГОСПАДА, якое сказаў ён Егу: «Сыны твае аж да чацьвёртага пакаленьня будуць сядзець на пасадзе Ізраіля». І так сталася.
13 Шальлюм, сын Ябэша, стаў валадаром у трыццаць дзявятым годзе Узіі, валадара Юды, і валадарыў адзін месяц у Самарыі.
14 І выйшаў Мэнахэм, сын Гадзі, з Тырцы, і прыйшоў у Самарыю, і напаў на Шальлюма, сына Ябэша, у Самарыі, і забіў яго, і стаў валадаром замест яго.
15 А рэшта дзеяньняў Шальлюма і змова ягоная, якую ён учыніў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
16 І спустошыў Мэнахэм Тыфсах і ўсё, што ў ім было, і ваколіцы ягоныя, пачынаючы ад Тырцы, бо горад не адчыніў яму брамы. І ён выбіў яго, і цяжарных жанчынаў пасек.
17 У трыццаць дзевятым годзе Азарыі, валадара Юды, Мэнахэм, сын Гадзі, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на дзесяць гадоў.
18 І рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА, і не адступаў ад грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўводзіў у грэх Ізраіля ўсе дні свае.
19 Прыйшоў Пул, валадар Асірыйцаў, у зямлю Ізраіля. І Мэнахэм даў Пулу тысячу талентаў срэбра, каб заручыцца дапамогай ягонай і ўмацаваць уладу ў руках сваіх.
20 А пасьля Мэнахэм гэтае срэбра разлажыў на Ізраільцянаў, на ўсіх людзей багатых, па пяцьдзясят сыкляў срэбра на кожнага чалавека, каб аддаць валадару Асірыі. І валадар Асірыі вярнуўся назад, і не застаўся ў зямлі Ізраіля.
21 А іншыя дзеяньні Мэнахэма і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
22 І супачыў Мэнахэм з бацькамі сваімі, а пасьля яго валадаром стаў Пэкахія, сын ягоны.
23 У пяцідзясятым годзе Азарыі, валадара Юды, Пэкахія, сын Мэнахэма, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на два гады.
24 І дапускаўся ён таго, што ліхім было ў вачах ГОСПАДА, і не адступаў ад грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўводзіў у грэх Ізраіля
25 І змовіўся супраць яго Пэках, сын Рэмаліі, возьнік ягоны, і забіў яго ў Самарыі ў вежы палацу валадарскага, а з ім было пяцьдзясят ваяроў Гілеадзкіх. І ён забіў яго, і стаў валадаром пасьля яго.
26 А іншыя дзеяньні Пэкахіі і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
27 У пяцьдзясят другім годзе Азарыі, валадара Юды, Пэках, сын Рэмаліі, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на дваццаць гадоў.
28 І дапускаўся ён таго, што ліхім было ў вачах ГОСПАДА, і не адступаў ад грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўводзіў у грэх Ізраіля.
29 У дні Пэкаха, валадара Ізраіля, прыйшоў Тыглят-Пілесэр, валадар Асірыі, і ўзяў ён Абэль-Бэт-Мааху, Янаах, Кэдэш, Хацор, Гілеад, Галілею і ўсю зямлю Нэфталі, і перасяліў іх у Асірыю.
30 А Осія, сын Элы, змовіўся супраць Пэкаха, сына Рэмаліі, і напаў на яго, і забіў яго, і стаў валадаром замест яго ў дваццатым годзе Ётама, сына Узіі, валадара Юды.
31 А іншыя дзеяньні Пэкаха і ўсё, што ён зрабіў запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
32 У другім годзе Пэкаха, сына Рэмаліі, валадара Ізраіля, стаў валадарыць Ётам, сын Узіі, валадара Юды.
33 Меў ён дваццаць пяць гадоў, калі стаў валадаром, і шаснаццаць гадоў быў валадаром у Ерусаліме. Маці ягоная называлася Еруша, дачка Цадока.
34 І рабіў ён тое, што падабалася ГОСПАДУ; паводле ўсяго, што рабіў Узія, бацька ягоны, ён рабіў.
35 Толькі ўзгоркі не былі зьнішчаныя, і народ складаў ахвяры крывавыя і кадзіў на ўзгорках. І пабудаваў ён верхнюю браму Дому ГОСПАДА.
36 А астатнія дзеяньні Ётама і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
37 У дні ягоныя ГОСПАД пачаў пасылаць на Юду Рэцына, валадара Сірыі, і Пэкаха, сына Рэмаліі.
38 І супачыў Ётам з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з імі ў горадзе Давіда, бацькі свайго. А пасьля яго пачаў валадарыць Ахаз, сын ягоны.

Другая кніга Валадароў, 15 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.