Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Валадароў | 1 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Пасьля сьмерці Ахава збунтаваўся Мааў супраць Ізраіля.
2 А Ахазія выпаў праз краты з верхняга пакою, што ў Самарыі, і захварэў. І паслаў ён пасланцоў, і загадаў ім: «Ідзіце, спытайце Баал-Зэбуба, бога Экрону, ці ачуняю я з гэтай хваробы сваёй?»
3 І анёл ГОСПАДА сказаў Ільлі з Тэшбы: «Устань і выйдзі на сустрэчу пасланцоў валадара з Самарыі і скажы ім: “Ці ж няма Бога ў Ізраіля, што вы ідзіцё пытацца ў Баал-Зэбуба, бога Экрону?
4 Таму, вось, што кажа ГОСПАД: "З ложка, на які ты лёг, не падымешся, але напэўна памрэш"”». І Ільля пайшоў.
5 І вярнуліся пасланцы да Ахазіі, і ён спытаў іх: «Чаму вы вярнуліся?»
6 А яны адказалі яму: «Нейкі чалавек сустрэў нас і сказаў нам: “Ідзіце і вярніцеся да валадара, які паслаў вас, і скажыце яму: "Гэта кажа ГОСПАД. Ці няма Бога ў Ізраіля, што ты пасылаеш раіцца да Баал-Зэбуба, бога Экрону? Таму з ложка, на які ты лёг, не падымешся, але напэўна памрэш"”».
7 Ён сказаў ім: «Як выглядаў той чалавек, які выйшаў вам на спатканьне і сказаў вам гэтыя словы?»
8 Адказалі яму: «Гэты чалавек быў у плашчы са скураў і быў падперазаны пасам скураным вакол сьцёгнаў». І ён крыкнуў: «Гэта Ільля з Тэшбы».
9 І паслаў Ахазія па яго пяцідзясятніка разам з яго пяцьдзесяцёма. І прыйшоў ён да Ільлі, калі той у гэты час быў на вяршыні гары, і сказаў яму: «Чалавеча Божы! Валадар загадаў, каб ты зыйшоў з гары!»
10 У адказ Ільля сказаў пяцідзясятніку: «Калі я — чалавек Божы, няхай зыйдзе агонь з неба і спаліць цябе разам з пяцьдзесяцёма тваімі!» І зыйшоў агонь з неба, і спаліў яго разам з пяцьдзесяцёма ягонымі.
11 І валадар паўторна паслаў па яго іншага пяцідзясятніка разам з яго пяцьдзесяцёма. І ён сказаў яму: «Чалавеча Божы! Вось што кажа валадар: “Хутка зыйдзі з гары!”»
12 У адказ Ільля сказаў ім: «Калі я — чалавек Божы, няхай зыйдзе агонь з неба і спаліць цябе і пяцьдзясят чалавек тваіх». І зыйшоў агонь Божы з неба, і спаліў яго і пяцьдзясят чалавек ягоных.
13 І паслаў валадар трэйцяга пяцідзясятніка і пяцьдзясят чалавек з ім. Калі ён прыйшоў, упаў на калені перад Ільлёю і прасіў яго: «Чалавеча Божы, няхай жыцьцё маё і жыцьцё гэтых слугаў тваіх, гэтых пяцідзесяці, будзе каштоўным у вачах тваіх!
14 Бо вось, агонь зыйшоў з неба, і спаліў абодвух папярэдніх пяцідзясятнікаў разам з пяцьдзесяцёма, якія з імі былі. Але цяпер прашу, каб зьявіў ты міласэрнасьць дзеля душы маёй».
15 І анёл ГОСПАДА сказаў Ільлі: «Зыйдзі разам з ім, ня бойся яго». І Ільля ўстаў, і пайшоў разам з ім да валадара,
16 і сказаў яму: «Гэта кажа ГОСПАД: “За тое, што ты паслаў пасланцоў раіцца да Баал-Зэбуба, бога Экрону, як быццам няма Бога ў Ізраіля, ад Якога ты мог бы даведацца слова Ягонае, з ложку, на якім ляжыш, не падымешся, але сьмерцю памрэш”».
17 І памёр валадар паводле слова ГОСПАДА, якое сказаў Ільля. А на месцы ягоным стаў валадарыць Ярам, брат ягоны, у другім годзе Егарама, сына Язафата, валадара Юды, бо Ахазія ня меў сына.
18 Іншыя дзеяньні Ахазіі, якія ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.

Другая кніга Валадароў, 1 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.