Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Паводле Іаана | 9 глава

Пераклад Біблейскай камісіі


1 І, прахо́дзячы, убачыў Ён чалавека сляпога ад нараджэ́ння.
2 І спыта́ліся ў Яго вучні Яго, ка́жучы: Раввí! хто саграшы́ў: ён ці бацькí яго, што ён сляпы́м нарадзíўся?
3 Адказаў Іісус: ні ён не саграшы́ў, ні бацькí яго, але гэта дзеля таго, каб вы́явіліся дзе́і Божыя на ім;
4 Мне нале́жыць рабіць спра́вы Таго, Хто пасла́ў Мяне, пакуль яшчэ дзень; надыхо́дзіць ноч, калі ніхто не можа дзе́йнічаць;
5 паку́ль Я ў све́це, Я святло́ све́ту.
6 Сказа́ўшы гэта, Ён плю́нуў на зямлю́ і зрабіў глей са слíны, і пама́заў гле́ем вочы сляпому,
7 і сказаў яму: ідзі, умы́йся ў купа́льні Сілаа́м (што азначае: Пасла́ны). Той пайшоў і ўмы́ўся, і прыйшоў віду́шчым.
8 Суседзі ж і тыя, хто бачыў яго ране́й, што ён быў сляпы́, гаварылі: ці не той гэта, які сядзеў і жабрава́ў?
9 Адны казалі: гэта ён. А другія: падо́бны да яго. Ён жа казаў: гэта я.
10 Тады казалі яму: як у цябе адкры́ліся вочы?
11 І сказаў ён у адказ: Чалавек, Якога завуць Іісус, зрабіў глей, пама́заў вочы мае́ і сказаў мне: «ідзі ў купа́льню Сілаа́м і ўмы́йся». Я пайшоў, умы́ўся і стаў бачыць.
12 Тады сказалі яму: дзе Ён? Той кажа: не ведаю.
13 Вядуць яго да фарысеяў, таго былога сляпца́.
14 А была́ субота, калі Іісус зрабіў глей і адкрыў яму вочы.
15 Таксама пыта́ліся ў яго і фарысеі, я́к ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: глей паклаў Ён на вочы мае́, і я ўмыўся, і бачу.
16 Гаварылі тады некаторыя з фарысеяў: не ад Бога Гэты Чалавек, бо не прытры́мліваецца суботы. Іншыя казалі: я́к можа чалавек грэ́шны такія цу́ды рабіць? І была́ нязго́да паміж імі.
17 Кажуць сляпому зноў: а ты што ска́жаш пра Яго, бо Ён адкры́ў твае вочы? І той сказаў: гэта прарок.
18 Не паве́рылі аднак Іудзеі ў тое, што ён быў сляпы́ і стаў ба́чыць, паку́ль не паклíкалі бацько́ў таго, хто стаў ба́чыць,
19 і спыталіся ў іх, ка́жучы: гэта сын ваш, пра якога вы ка́жаце, што ён нарадзíўся сляпы́м? як жа ён цяпер бачыць?
20 У адказ ім бацькí яго сказалі: мы ведаем, што гэта сын наш, і што ён сляпым нарадзíўся;
21 а як ён цяпер бачыць, не ведаем, і хто адкрыў яму вочы, мы не ведаем; сам ён дарослы, у яго спыта́йцеся; сам пра сябе́ няхай скажа.
22 Так сказалі бацькí яго, таму што бая́ліся Іудзеяў, бо Іудзеі ўжо змо́віліся, каб таго, хто прызна́е Яго за Хрыста, адлучы́ць ад сінагогі;
23 таму бацькí яго і сказалі: ён даро́слы, у яго спыта́йцеся.
24 І вось паклíкалі другі раз чалавека, што быў сляпы́м, і сказалі яму: узнясí славу Богу; мы ведаем, што Чалавек Той грэ́шны.
25 Ён жа ў адказ ім сказаў: ці грэшны Ён, не ведаю; адно ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу.
26 І сказалі яму зноў: што́ Ён зрабіў табе? я́к Ён адкрыў твае вочы?
27 Той адказаў ім: я сказаў вам ужо, і вы не слу́халі; што́ яшчэ хо́чаце пачуць? хіба́ і вы хо́чаце стаць Яго вучнямі?
28 Яны ж зга́нілі яго, ка́жучы: гэта ты вучань Яго, а мы Маісе́евы вучні;
29 мы ведаем, што з Маісе́ем гаварыў Бог; а пра Яго не ведаем, адкуль Ён.
30 У адказ чалавек той сказаў ім: гэта і дзіўна, што вы не ве́даеце, адкуль Ён, а Ён адкрыў мае́ вочы;
31 мы ж ведаем, што грэ́шнікаў Бог не слухае; а хто шану́е Бога і выко́нвае волю Яго, таго слу́хае;
32 адве́ку не чува́ць было́, каб хто адкрыў вочы сляпому ад нараджэ́ння;
33 калі б не быў Ён ад Бога, не мог бы нічога зрабіць.
34 У адказ яны сказалі яму: у граха́х увесь ты нарадзíўся, і ты ву́чыш нас? І вы́гналі яго вон.
35 Пачуў Іісус, што вы́гналі яго вон, і, знайшо́ўшы яго, сказаў яму: ты ве́руеш у Сы́на Божага?
36 У адказ той сказаў: а хто Ён, Госпадзі, каб я ўве́раваў у Яго?
37 Сказаў яму Іісус: і бачыў ты Яго, і Той, Хто гаворыць з табою, — гэта Ён.
38 Ён жа сказаў: ве́рую, Госпадзі! І пакланíўся Яму.
39 І сказаў Іісус: на суд Я ў свет гэты прыйшоў, каб невіду́шчыя бачылі, а віду́шчыя сляпы́мі сталі.
40 І пачулі гэта некато́рыя з фарысеяў, што былí з Ім, і сказалі Яму: няўжо і мы сляпы́я?
41 Сказаў ім Іісус: калі б вы сляпы́я былí, то не ме́лі б граху́; але паколькі вы ка́жаце, што бачыце, то грэх ваш застае́цца.

Святое Евангелле паводле Іаана, 9 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.