Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Евангеля Мацьвея | 24 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I Ісус, вышаўшы ізь сьвятыні, пайшоў; і дабліжыліся вучанікі Ягоныя, каб паказаць Яму будынкі сьвятыні.
2 Ісус жа, адказуючы, сказаў ім: «Ці бачыце ўсе гэта? Запраўды кажу вам: не застанецца тут каменя на каменю, каторы ня будзе ськінены».
3 Як жа сядзеў Ён на ґары Аліўнай, то дабліжыліся да Яго вучанікі асобна й папыталіся: «Скажы нам, калі гэта будзе? і якая пазнака Твайго прыходу й сканчэньня веку?»
4 I, адказуючы, Ісус сказаў ім: «Сьцеражыцеся, каб хто ня зьвёў вас;
5 Бо шмат хто прыйдзе пад імям Маім і будуць казаць: ‘Я Хрыстос’ і шмат зьвядуць.
6 Таксама будзеце чуць войны а дзейкі праз войны. Глядзіце, не лякайцеся, бо належа ўсяму гэтаму быць; але гэта яшчэ не канец.
7 «Бо паўстане народ на народ, і гаспадарства на гаспадарства, і будуць галадові, мор а трасеньне зямлі ў розных месцах.
8 Усе гэта пачатак трудненьня.
9 Тады будуць аддаваць вас на мукі й забіваць вас; і вас будуць ненавідзіць усі народы за імя Мае.
10 I тады спакусіцца шмат хто; і адзін аднаго ізрадзяць, і зьненавідзяць адзін аднаго.
11 «I паўстане шмат хвальшывых прарокаў, ды зьвядуць шмат каго;
12 I, з прычыны памнажэньня бяспраўя, у шмат каго асьцюдзянее любоў.
13 Хто вытрывае да канца, спасецца.
14 I будуць пашыраць гэтую Евангелю гаспадарства па ўсім сьвеце, на сьветчаньне ўсім народам; і тады настане канец.
15 «Дык як абачыце гідоту спустошаньня, сказаную прарокам Данелям, на сьвятым месцу стаячую, — чытаючы хай разумее, —
16 Тады тыя, што ў Юдэі, хай уцякаюць у горы;
17 I хто на страсе, тый хай ня сходзе ўзяць што-лень із дому свайго;
18 I хто на полю, тый хай не зварачаецца назад узяць адзецьці свае.
19 «Бяда цяжарным а соючым тых дзён!
20 Маліцеся, каб ня прылучыліся ўцекі вашы ўзімку альбо ў сыботу;
21 Бо тады будзе вялікая атуга, якое ня прылучылася ад пачатку сьвету дагэтуль, і ніяк ня станецца.
22 I калі б не скараціліся тыя дні, то не ўратавалася б ніякае цела; але дзеля абраных скароцяцца тыя дні.
23 «Тады, калі хто скажа вам: ‘Во тут Хрыстос’, альбо ‘во тут’, — ня верце;
24 Бо паўстануць хвальшывыя хрысты а хвалынывыя прарокі і дадуць вялікія знакі а дзівы, каб спадмануць, калі магчыма, і абраных.
25 Вось, Я наперад сказаў вам.
26 «Дык, калі скажуць вам: ‘Вось, Ён на пустыні’, — ня выходзьце; ‘вось, у сховах’, — ня верце;
27 Бо, як маланьня выходзе з усходу і бывае відаць ажно на захадзе, так будзе прыход Сына Людзкога.
28 Бо, ідзе будзе труп, там зьбяруцца й арлы.
29 «I зараз, па атузе тых дзён, сонца зацьмее, і месяц ня дасьць сьвятліні свае, і зоры зваляцца зь неба, і сілы нябёсныя захістаюцца.
30 Тады зьявіцца знак Сына Людзкога на небе; і тады заплачуць усі плямёны земныя і абачаць Сына Людзкога, на булакох нябёсных ідучага з моцаю а сілаю вялікай.
31 І пашлець ангілаў Сваіх із трубою вялікаю, і зьбяруць абраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад аднаго канца нябёсаў аж да другога.
32 «Вучыцеся падобнасьці зь фіґі: як галуза яе мякчэе й пушчае лісьцё, вы ведаеце, што лета блізка;
33 Дык, як вы абачыце ўсе гэта, ведайце, што блізка, у дзьвярох,
34 Запраўды кажу вам: ня мінець род гэты, як усе гэта станецца;
35 Неба й зямля прамінуць, але слова Мае не прамінець.
36 «Празь дзень жа тый а гадзіну ніхто ня ведае, ані ангілы нябёсныя, ані Сын, адно Айцец Мой адзін.
37 Але як было за дзён Ноя, так будзе і ў прыход Сына Людзкога;
38 Бо як за дзён перад патопаю елі, пілі, жаніліся й выходзілі замуж да таго дня, калі ўвыйшоў Ной у караб,
39 I ня зналі, пакуль ня прышла патопа і не забрала ўсіх, — так будзе й прыход Сына Людзкога.
40 Тады будзе двух на полю: адзін будзе ўзяты, а другі пакінены.
41 Дзьве мелючыя ў жорнах: адна будзе ўзята, а другая пакінена.
42 «Дык будзьце чукавыя, бо ня ведаеце, каторае гадзіны Спадар ваш прыйдзе.
43 Але гэта вы ведаеце, што калі б ведаў дамовы гаспадар, каторае варты прыйдзе злодзей, то быў бы чукавы і ня даў бы падкапацца пад дом свой.
44 Дык і вы будзьце гатовы, бо, каторае гадзіны ня думаеце, прыйдзе Сын Людзкі.
45 «Дык хто верны а разумны слуга, каторага гаспадар прызначыў над дамоваю сваёй, даваць ежу ў пару?
46 Шчасьлівы тый слуга, каторага гаспадар ягоны, прышоўшы, засьпее так робячы.
47 Запраўды кажу вам, што ён прызнача яго над усёй маемасьцяй сваёй.
48 «Калі ж благі слуга тый скажа ў сэрцу сваім: ‘Длякаецца гаспадар мой прыйсьці’;
49 I пачнець біць сяброў сваіх, і есьці а піць із п'яніцамі, —
50 То прыйдзе гаспадар слугі таго дня, каторага ён не спадзяецца, і гадзіны, каторае ня ведае,
51 I разатнець яго на часьці, і прызнача дзель ягоную з двудушнікамі; там будзе плач а скрыгот зубамі.

Евангеля подле сьвятога Мацьвея, 24 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.