Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Летапісу | 6 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 Тады сказаў Салямон: «СПАДАР сказаў, што Ён зыча жыць у цемрадзі;
2 I я пастанавіў дом перабываньня Табе і месца на быцьцё Твае на векі».
3 I кароль павярнуўся відам сваім, і дабраславіў цэлую грамаду Ізраялян, — а ўся грамада Ізраялян стаяла, —
4 I ён сказаў: «Дабраславёны СПАДАР, Бог Ізраеляў, Каторы, што казаў вуснамі Сваімі Давіду, айцу майму, тое выпаўніў рукамі Сваімі, кажучы:
5 “Адгэнуль як Я вывеў люд Свой ізь зямлі Ягіпецкае, Я не абраў места ў ні водным із плямёнаў Ізраелявых на пастанаўленьне дому, у каторым перабывала б імя Мае, і не абраў чалавека, каторы быў бы гаспадаром люду Майго Ізраеля;
6 Але абраў Ерузалім, каб там перабывала імя Мае, і абраў Давіда, каб ён быў над людам Майм Ізраелям”.
7 I было на сэрцу ў Давіда, айца майго, пастанавіць дом імені СПАДАРА, Бога Ізраелявага.
8 Але СПАДАР сказаў Давіду, айцу майму: “У цябе ё на сэрцу пастанавіць дом Імені Майму; добра, што гэта ў цябе на сэрцу.
9 Ня ты, адылі, пастановіш дом, а сын твой, каторы выйдзе ізь сьцёгнаў тваіх, — ён пастанове дом імені Майму”.
10 I споўніў СПАДАР слова Свае, каторае сказаў: я ўступіў на месца Давіда, айца свайго, і сеў на пасадзе Ізраелявым, як сказаў СПАДАР, і пастанавіў дом імені СПАДАРА, Бога Ізраелявага.
11 I я пастанавіў там скрыню, у каторай змова СПАДАРА, учыненая Ім із сынамі Ізраелявымі».
12 I стаў ля аброчніка СПАДАРОВАГА сьпераду ўсяе грамады Ізраялян, і прасьцяг далоні свае, —
13 Бо Салямон зрабіў мядзяную амбону, удаўжкі пяць локцяў і ўшыркі пяць локцяў, а ўвышкі тры локці, і пастанавіў яе сярод панадворку; і стаў на ёй, і ўкляк сьпераду ўсяго збору Ізраелявага, і прасьцяг далоні свае да неба, —
14 I сказаў: «СПАДАРУ, Божа Ізраеляў! Няма Бога, падобнага да Цябе, ані на нябёсах, ані на зямлі; Ты дзяржыш змову а ласку да слугаў Сваіх, перад табою ходзячых усім сэрцам сваім;
15 Ты споўніў слузе Свайму Давіду, айцу майму, што Ты казаў яму; што сказаў Ты вуснамі Сваімі, тое ў дзень гэты споўніў рукою Сваёю.
16 I цяпер, СПАДАРУ, Божа Ізраеляў! споўні слузе Свайму Давіду, айцу майму, тое, што Ты сказаў яму, кажучы: “Ня будзе адцяты муж ад віду Майго, седзячы на пасадзе Ізраелявым, калі толькі сынове твае будуць глядзець дарогаў сваіх, каб хадзіць подле права Майго так, як ты хадзіў перад Імною”.
17 Дык цяпер, СПАДАРУ, Божа Ізраеляў! хай будзе здойсьнена слова Твае, каторае Ты казаў слузе Свайму Давіду.
18 Запраўды, ці Богу жыць ізь людзьмі на зямлі? калі неба а нябёсы нябёс ня тоўпяць Цябе, тым меней дом гэты, каторы я пастанавіў;
19 Але глянь на малітву слугі Свайго і на просьбу яго, СПАДАРУ, Божа мой! пачуй гуканьне а малітву, катораю слуга Твой моліцца перад Табою.
20 Хай будуць вочы Твае адчыненыя на дом гэты ўдзень і ночы, на месца, ідзе Ты абяцаў палажыць імя Свае, каб чуць малітву, катораю слуга Твой будзе маліцца на месцу гэтым.
21 Пачуй маленьні слугі Свайго і люду Свайго Ізраеля, якімі яны будуць маліцца на месцу гэтым, пачуй зь месца перабываньня Свайго, зь нябёс, пачуй і даруй!
22 Як хто ізгрэша супроці прыяцеля свайго, і будуць вымагаць ад яго прысягі, каб ён прысягнуў, і будзе адбывацца прысяга перад аброчнікам Тваім у доме гэтым:
23 Ты пачуй зь неба, і ўчыні, і рассудзі слугаў Сваіх, зьвярні нягоднаму, адплачуючы дарогу ягоную на ягонай собскай галаве, аправуючы справядлівага, даючы яму подле справядлівасьці ягонае.
24 Як люд Твой Ізраель будзе пераможаны непрыяцелям сваім за тое, што ізграшыў перад Табою, і яны навернуцца, і вызнаюць імя Твае, і будуць прасіць а маліцца перад Табою ў доме гэтым:
25 Ты пачуй зь неба, і даруй грэх люду Свайго Ізраеля, і зьвярні іх да зямлі, каторую Ты даў ім а бацьком іхным.
26 Як замкнецца неба, і ня будзе дажджу за тое, што яны ізграшылі перад Табою, і будуць маліцца на месцу гэтым, і вызнаюць імя Твае, і адвернуцца ад грэху, бо Ты ўслышыў іх:
27 Ты пачуй зь неба, і даруй грэх слугаў Сваіх і люду Свайго Ізраеля, паказаўшы ім добрую дарогу, па каторай ісьці ім, і пашлі дождж на зямлю Сваю, каторую Ты даў люду Свайму на спадак.
28 Галадоў калі будзе на зямлі, або будзе мор, або будзе вецер палячы, або іржа, шаранча або чэрві, або будуць ціснуць яго непрыяцелі на зямлі ў браме ягонай, якая бяда, якая хвароба:
29 Кажную малітву, кажнае маленьне, якое будзе ад якога-лень чалавека альбо ад усёга люду Твайго Ізраеля, як яны пачуюць кажны бяду сваю а гора свае, і прасьцягнуць далоні свае да дому гэтага,
30 Дык Ты пачуй зь неба — месца перабываньня Свайго, і даруй, і аддай кажнаму подле ўсіх дарогаў ягоных, каторага сэрца ты знаеш, — бо Ты толькі знаеш сэрцы сыноў людзкіх, —
31 Каб яны баяліся Цябе й хадзілі дарогамі Тваімі ўсі дні, пакуль жывуць на зямлі, каторую Ты даў бацьком нашым.
32 I навет чужаземец, што ня зь люду Твайго Ізраеля, калі ён прыйдзе ізь зямлі далёкае дзеля імені Твайго вялікага, і рукі Твае магутнае, і цаўя Твайго выцягненага, і прыйдзе, і будзе маліцца ля дому гэтага:
33 Ты пачуй зь неба, зь месца перабываньня Свайго, і зрабі ўсе, чаго будзе гукаць да Цябе чужаземец, каб пазналі ўсі люды зямлі імя Твае, і каб баяліся Цябе, як люд Твой Ізраель, і ведалі, што Тваім імям завецца дом гэты, каторы пастанавіў я.
34 Як выйдзе люд Твой на вайну супроці варагоў сваіх дарогаю, катораю Ты пашлеш яго, і будзе маліцца Табе, абярнуўшыся да места гэтага, каторае абраў Ты, і да дому, каторы я пастанавіў імені Твайму:
35 Пачуй зь неба малітву іхную а просьбу іхную, і спраў справу іхную.
36 Як яны ізгрэшаць перад Табою, бо няма чалавека, што не ізграшыў бы, і Ты загневаешся на іх, і аддасі іх варагом, і яны возьмуць іх у палон да зямлі далёкае альбо блізкое,
37 I як яны ў зямлі, да каторае будуць палонены, ахамянуцца ў сэрцу сваім, і навернуцца, і будуць маліцца Табе ў зямлі няволі свае, кажучы: “Мы ізграшылі, зрабілі бяспраўе, былі несправядлівыя”;
38 I зьвернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёю ў зямлі няволі свае, куды завядуць іх у палон, і будуць маліцца, абярнуўшыся да зямлі, каторую Ты даў бацьком іхным, і да места, каторае абраў Ты, і да дому, каторы пастанавіў я імені Твайму;
39 Дык пачуй зь неба, месца перабываньня Свайго, малітву іхную а маленьне іхнае, і спраў справу іхную, і даруй люду Свайму, у чым ён ізграшыў перад Табою.
40 А цяпер, Божа мой! хай будуць жа вочы Твае адчыненыя й вушы Твае ўважлівыя да малітвы на месцу гэтым.
41 I цяпер, СПАДАРУ Божа, стань на месца супакою Свайго, Ты а скрыня магутнасьці Твае. Сьвятары Твае, СПАДАРУ Божа, хай адзенуцца ў спасеньне, і сьвятыя Твае хай вяселяцца ў дабру.
42 СПАДАРУ Божа! не адхіні віду памазанца Свайго, успомні міласэрдзе да Давіда, слугі Свайго».

Другая кніга Летапісу, 6 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.