1 I сёмага году ўмацаваўся Егояда, і ўзяў у змову із сабою вайводцаў сотняў: Азару Ерогаменка а Ізмайлу Егогананенка а Азару Оведзёнка а Маасэю Адаёнка а Елішафата Зыхранка.
2 I яны прайшлі па Юдэі, і зьберлі Левітаў з усіх местаў Юдэі й галоваў айцоў Ізраелявых, і прышлі да Ерузаліму.
3 I ўся грамада ўчыніла змову з каралём у доме СПАДАРОВЬМ. I сказаў ім: «Вось, сын каралеўскі мае гаспадарстваваць, як СПАДАР сказаў праз сыноў Давідавых.
4 Гэта вы маеце рабіць: трайціна з вас, у сыботу прыходзячых, ізь сьвятароў а Левітаў, будзе брамнікамі ля парогаў;
5 I трайціна ў доме каралеўскім, і трайціна ў браме хундамэнту, а ўвесь люд будзе на панадворках дому СПАДАРОВАГА.
6 Але ніхто хай ня ўходзе да дому СПАДАРОВАГА, з выняткам сьвятароў а служачых ізь Левітаў. Яны маюць увыйсьці, бо сьвятасьць яны; яле ўвесь люд хай будзе на старожы СПАДАРОВАЕ.
7 I хай Левіты аступяць караля з усіх бакоў, кажны із зброяю сваёй у руццэ сваёй, і хто будзе ўходзіць у дом, хай будзе забіты. I будзьце вы пры каралю, як ён будзе ўходзіць і выходзіць».
8 I зрабілі Левіты а ўсі Юдэі подле ўсёга, што расказаў Егояда сьвятар; і ўзялі кажны людзёў сваіх, у сыботу прыходзячых з адыходзячымі ў сыботу, бо не адпусьціў Егояда сьвятар адмененых радаў.
9 I раздаў Егояда сьвятар вайводцам сотняў дзіды а малыя шчыты а панцыры караля Давіда з дому Божага;
10 І пастанавіў увесь люд, кажнага із зброяй сваёй у руццэ сваёй, ад правага боку дому аж да левага боку дому, ля аброчніка а ля дому навокал караля.
11 I вывялі сына каралёвага, і ўзлажылі на яго карону а сьветчаньні, і ўстанавілі яго каралём; і Егояда а сынове ягоныя памазалі яго, і сказалі: «Хай жывець кароль!»
12 I пачула Афаля голас люду, што бег і выхваляў караля, і вышла да люду да дому СПАДАРОВАГА,
13 I абачыла, і вось, кароль стаіць ля стаўпа пры ўходзе, і князі й трубы ля караля, і ўвесь люд зямлі вяселіцца, і трубяць у трубы, і пяюны з музыцкімі снадзямі, і наўчаныя пяяць хвалу. Тады Афаля разьдзерла адзецьці свае й закрычэла: «Змова! змова!»
14 Тады Егояда сьвятар вывеў вайводцаў сотняў, што былі пастаноўленыя над войскам, і сказаў ім: «Вывядзіце яе з радоў, а хто пойдзе за ёю, хая будзе забіты мячом»; бо сьвятар сказаў: «Не забіце яе ў доме СПАДАРОВЫМ».
15 I налажылі рукі на яе, і прышла яна да ўходу конскае брамы дому каралеўскага, там забілі яе.
16 I ўчыніў Егояда змову меж сабою й меж усім людам а каралём, каб яны былі людам СПАДАРОВЫМ.
17 I ўвесь люд пайшоў да дому Вааловага, і зламіў яго, і аброчнікі а абразы яго разьбілі, і забіў Матфана, сьвятара Вааловага, перад аброчнікамі.
18 Таксама Егояда прызначыў урады дому СПАДАРОВАГА пад руку сьвятароў Левітаў, каторых Давід разьдзяліў у доме СПАДАРОВЫМ да абраканьня ўсепаленьняў СПАДАРУ, як напісана ў Праве Масеявым, з радасьцяй а пяцьцём, подле загады Давіда.
19 I пастанавіў брамнікаў ля брамаў дому СПАДАРОВАГА, каб ня ўходзіў нячысты чым-колечы.
20 I ўзяў вайводцаў сотняў, і выдатных, і дзяржаўцаў люду, і ўвесь люд зямлі, і зьвялі караля з дому СПАДАРОВАГА, і прайшлі пераз высокую браму да дому каралеўскага, і пасадзілі караля на пасадзе каралеўскім.
21 I весяліўся ўвесь люд зямлі, і ў месьце было ціха. А Афалю забілі мячом.
Другая кніга Летапісу, 23 глава