Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Летапісу | 20 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I сталася просьле гэтага: прышлі сынове Моава а сынове Амона, і зь імі з Маонян, ваяваць ізь Ясапатам.
2 I прышлі, і наказалі Ясапату, кажучы: «Ідзець на цябе вялікая множасьць з-за мора, ад Арама і во яны ў Гацацон-Тамары, каторая Енґеды».
3 I зьлякаўся Ясапат, і зьвярнуў відзеньне свае сачыць СПАДАРА, і абясьціў пост па ўсёй Юдэі.
4 I зьберліся Юдэі шукаць СПАДАРА, нават з усіх местаў Юдзіных прышлі яны шукаць СПАДАРА.
5 I стаў Ясапат у грамадзе Юдэяў а Ерузалімлян у Доме СПАДАРОВЫМ, перад новым панадворкам,
6 I сказаў: «СПАДАРУ, Божа айцоў нашых! Ці ня Ты Бог на нябёсах? I ты пануеш над усімі каралеўствамі паган, і ў Тваёй руццэ сіла а моц, так што ніхто ня можа спрацівіцца Табе!
7 Ці ня Ты, Божа наш, выгнаў жыхараў зямлі гэтае перад відам люду Свайго, Ізраеля, і аддаў яе насеньню Абрагамоваму, прыяцеля Свайго, на век?
8 І яны асяліліся на ёй, і пастанавілі Табе на ёй сьвятыню ў імя Твае, кажучы:
9 “Калі прыйдзе на нас бяда: меч, суд а ліпучка а галадоў, мы станем перад домам гэтым і ў прытомнасьці Тваёй, бо імя Твае ў доме гэтым, і загукаем да Цябе ў немарасьці сваёй, і Ты пачуеш а ўратуеш!”
10 I цяпер, вось, сынове Амонавы а Моаўляне а гара Сэір, каторай Ты не дазволіў Ізраелю перайсьці, як яны йшлі ізь зямлі Ягіпецкае, і яны абмінулі іх, і ня зьнішчылі іх,
11 Вось, яны плацяць нам, што прышлі выгнаць нас ізь дзяржавы, каторую Ты даў нам на спадак.
12 Божа наш! ці ня будзеш судзіць іх? бо няма ў нас сілы супроці множасьці гэтае вялікае, што прышла на нас, і мы ня ведаем, што рабіць, але да Цябе вочы нашы!»
13 I ўсі Юдэі стаялі перад відам СПАДАРОВЫМ, і дзецяняткі іхныя, жонкі іхныя а сынове іхныя.
14 Тады на Ягазеля, сына Захарынага, сына Венаінага, сына Ееля Матфанёнка, Левіта із сыноў Асафовых, зышоў Дух СПАДАРОЎ сярод грамады,
15 I сказаў ён: «Слухайце, усі Юдэі а жыхары Ерузаліму а каролю Ясапаце! Гэтак кажа СПАДАР вам: “Ня бойцеся ані лякайцеся множасьці гэтае вялікае, бо ня ваша вайна, а Божая.
16 Заўтра зыйдзіце супроці іх; вось, яны ўзыходзяць на схон Цыцу, а вы знойдзеце іх на канцу даліны, перад пустынёю Еруелям.
17 Ня вам біцца гэты раз; вы станьце, стойце й глядзіце на выбаўленьне СПАДАРОВА вам, Юда а Ерузаліме!” Ня бойцеся а не лякайцеся. Заўтра выйдзіце наўпярэймы ім, і СПАДАР будзе з вамі».
18 I пакланіўся Ясапат відам да зямлі, і ўся Юдэя а жыхары Ерузаліму палі перад СПАДАРОМ, каб пакланіцца СПАДАРУ.
19 I ўсталі Левіты із сыноў Когафовых а із сыноў Корыных — хваліць СПАДАРА, Бога Ізраелявага, голасам вельмі вялікім а ўзьнятым.
20 I ўсталі яны рана нараніцы, і выступілі ў бок пустыні Фекойскае; і, як яны выступілі, стаў Ясапат і сказаў: «Паслухайце мяне Юдэі а жыхары Ерузаліму! Верце ў СПАДАРА, Бога свайго, і будзеце непахісныя, верце прарокам Ягоным, і пашчасьце вам»
21 I, як ён парадзіўся зь людам, ён пастанавіў пяюноў СПАДАРУ, выхваляць харашыню сьвятасьці, каб вышлі перад узброенымі й казалі: «Выхваляйце СПАДАРА, бо на векі міласэрдзе Ягонае!»
22 I ў тую часіну, як яны пачалі пяяць а выхваляць, СПАДАР зьвярнуў засаду супроці сыноў Амонавых, Моававых і гары Сэіру, каторыя вышлі супроці Юды, і яны былі паражаны.
23 I паўсталі сынове Амонавы а Моаўляне на жыхараў гары Сэіру, каб разбураць а нішчыць; а як скончылі із жыхарамі Сэіру, тады пачалі нішчыць адны адных.
24 I як Юдэі прышлі аж да назіральнае вежы на пустыні, і глянулі на тую множасьць, і вось — трупы, на зямлі ляжачыя, і няма ўцеклага.
25 I прышоў Ясапат а люд ягоны глабаць здабыткі іхныя, і знайшлі ў іх множасьць і маемасьці, і трупоў, і дарагія рэчы, і набралі сабе толькі, што не панесьці. I тры дні яны глабалі здабытак, бо вялікі ён!
26 А чацьвертага дня зьберліся на даліну дабраславенства, бо там яны дабраславілі СПАДАРА. Затым і завуць тое месца даліною дабраславенства дагэтуль.
27 I абярнуліся кажны муж Юдэі а Ерузаліму, і Ясапат на чале іх, каб зьвярнуцца да Ерузаліму зь весялосьцяй, бо ўзрадаваў іх СПАДАР над варагамі іхнымі.
28 I прышлі да Ерузаліму з псалтырамі а гусьлямі а з трубамі да дому СПАДАРОВАГА.
29 I быў страх Божы на ўсіх каралеўскіх краёх, як яны пачулі, што СПАДАР ваяваў супроці варагоў Ізраеля.
30 I было ціха ў каралеўстве Ясапатавым, бо супакоіў яго СПАДАР.
31 I гаспадарстваваў Ясапат над Юдаю; яму было трыццаць пяць год, як ён пачаў гаспадарстваваць, і гаспадарстваваў дваццаць пяць год у Ерузаліме. А імя маці ягонае Азува Шылгелішка.
32 I хадзіў ён дарогаю айца свайго Асы, і не адхінаўся ад яе, робячы справядлівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ.
33 Адно ўзвышшы ня былі аддалены, і яшчэ люд не прыгатаваў сэрцаў сваіх да Бога айцоў сваіх.
34 Засталыя справы Ясапатавы першыя й апошнія, вось, яны апісаныя ў кнізе Егу Гананёнка, каторая менавана ў кнізе каралёў Ізраельскіх.
35 А просьле тога Ясапат, кароль Юдэйскі, пасябраваў з Агазяю, каралём Ізраельскім, каторы рабіў нягодна.
36 I ён пасябраваў ізь ім будаваць караблі, плаваць да Таршышу; і яны пабудавалі караблі ў Ецон-Ґеверу.
37 Тады Елезэр Додавёнак із Марэшы праракаў празь Ясапата, кажучы: «За тое, што ты пасябраваў з Агазяю, СПАДАР разбурыў твае работы». I разьбіліся караблі, і не маглі йсьці да Таршышу.

Другая кніга Летапісу, 20 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.