Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Судзьдзяў | 20 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І выйшлі тады ўсе сыны Ізраіля, і як адзін чалавек сабраліся аднадумна ад Дану аж да Бээр-Шэбы разам з зямлёй Гілеад да ГОСПАДА ў Міцпу.
2 І сабраліся ўсе правадыры народу і ўсе пакаленьні Ізраіля на супольны сход народу Божага, а было іх чатырыста тысячаў пешых ваяроў, здольных да бою.
3 І пачулі сыны Бэн’яміна, што сабраліся сыны Ізраіля ў Міцпе. І пыталіся сыны Ізраіля ў лявіта, як гэтае злачынства адбылося.
4 І муж замучанай жанчыны расказаў: «Прыйшоў я з наложніцай маёй у Гіву, што належыць да Бэн’яміна, каб там пераначаваць.
5 І вось мужчыны таго гораду ноччу акружылі дом, у якім я быў, хочучы мяне забіць, а наложніцу маю гвалтаваньнем замучылі, што яна памерла.
6 Дык я, пасёкшы яе на часткі, паслаў у-ва ўсе межы пасяленьня Ізраіля, бо яны ўчынілі ганебнае і агіднае ў Ізраілі.
7 Прысутныя тут сыны Ізраіля, вырашайце, што вы павінны зрабіць?»
8 І выступіў увесь народ як адзін чалавек і адказаў: «Ніхто з нас ня пойдзе ў намёт свой, і ніхто ня зойдзе ў дом свой!
9 Але супольна выступім супраць Гівы паводле жэрабя.
10 І з кожнага пакаленьня Ізраіля выбярэм дзесяць чалавек са ста, і сто — з тысячы, і тысячу — з дзесяці тысяч. Яны будуць рупіцца пра харчы для войска, якое выправіцца зрабіць з Гівай пакаленьня Бэн’яміна адпаведна брыдоты, якой яны дапусьціліся ў Ізраілі».
11 І зыйшоўся ўвесь Ізраіль супраць гораду таго, усе разам, як адзін чалавек, з адною думкаю, з адным рашэньнем.
12 І паслалі пакаленьні Ізраіля пасланцоў да ўсіх сыноў Бэн’яміна, якія мелі ім сказаць: «Як жа вы дапусьціліся такога злачынства!
13 Выдайце цяпер тых людзей, сыноў Бэліяла, з Гівы, каб былі яны пакараныя сьмерцю і каб зло было вынішчана з Ізраіля». Але сыны Бэн’яміна не хацелі слухаць братоў сваіх, сыноў Ізраіля.
14 І сабраліся сыны Бэн’яміна з усіх гарадоў у Гіву, каб дапамагаць ім ваяваць супраць усяго народу Ізраіля.
15 У той дзень налічана было сыноў Бэн’яміна, што прыйшлі з іншых гарадоў і ўзброены, дваццаць шэсьць тысячаў, апрача жыхароў Гівы, з якіх было налічана семсот выбраных ваяроў.
16 У-ва ўсім гэтым войску было семсот чалавек адборных, якія не карысталіся правай рукой, і якія кідалі з прашчы каменем так, што воласа не міналі.
17 А ваяроў Ізраіля без сыноў Бэн’яміна, налічвалася чатырыста тысячаў тых, што дастаюць меч і здольныя да бою.
18 І паўсталі яны, і пашлі ў Бэтэль параіцца ў Бога. І спыталіся сыны Ізраіля: «Хто пойдзе з нас першым у бой супраць сыноў Бэн’яміна?» ГОСПАД ім адказаў: «Юда пойдзе першы».
19 На сьвітаньні вырушылі сыны Ізраіля ў дарогу і расклаліся табарам насупраць Гівы.
20 І ўшыкаваўшыся супраць сыноў Бэн’яміна, пачалі ваяваць супраць гораду Гіва.
21 Але ў той дзень сыны Бэн’яміна выйшлі з Гівы, і забілі спасярод сыноў Ізраіля дваццаць дзьве тысячы ваяроў.
22 І сыны Ізраіля набраліся мужнасьці, і ў тым самым месцы, дзе раней ваявалі, падрыхтаваліся да бою.
23 А раней пайшлі [у Бэтэль] і плакалі перад ГОСПАДАМ аж да ночы, і пыталіся ў ГОСПАДА, кажучы: «Ці маем мы далей ваяваць з сынамі Бэн’яміна, братамі нашымі, ці не?» ГОСПАД ім адказаў: «Ваюйце супраць іх».
24 І на другі дзень сыны Ізраіля пайшлі боем на сыноў Бэн’яміна.
25 І сыны Бэн’яміна выйшлі з Гівы, і гэтым разам выбілі васямнаццаць тысячаў Ізраільцянаў, якія носяць меч.
26 І ўсе сыны Ізраіля, і ўвесь народ пайшлі ў Бэтэль і, седзячы, плакалі перад ГОСПАДАМ, і посьцілі ў той дзень аж да вечара, і складалі ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя,
27 і пыталіся сыны Ізраіля ГОСПАДА. А ў той час быў там Каўчэг Запавету Божага.
28 І стаў тады Пінхас, сын Элеазара, сына Аарона, і пытаўся: «Ці павінны мы яшчэ ісьці ваяваць супраць сыноў Бэн’яміна, братоў нашых, ці не?» ГОСПАД ім адказаў: «Ідзіце ваяваць, бо Я заўтра аддам іх у рукі вашыя».
29 І сыны Ізраіля паставілі кругом Гівы засады.
30 На трэйці дзень пайшлі сыны Ізраіля ў бой супраць сыноў Бэн’яміна і, падобна як першы раз, ушыкаваліся насупраць Гівы.
31 І сыны Бэн’яміна выступілі супраць народу, і адыйшліся ад горада, і пачалі як раней забіваць ваяроў на дарогах, з якіх адна ідзе ў Бэтэль, а другая — у Гіву, і на палях, і ўжо загінула каля трыццаці ваяроў.
32 І казалі сыны Бэн’яміна, што, як першым разам, будуць выбіваць іх, а сыны Ізраіля казалі: «Уцякайма, каб адвесьці іх ад гораду на тыя дарогі».
33 І ўсе ваяры Ізраіля, устаўшы з месца свайго, ушыкаваліся ў Баал-Тамар. Засады таксама выйшлі са сховаў на раўніне Гівы.
34 І выйшлі супраць Гівы дзесяць тысячаў адборных ваяроў Ізраіля, і пачалася цяжкая бітва супраць сыноў Бэн’яміна, а тыя не разумелі, што чакае іх параза.
35 І пабіў ГОСПАД Бэн’яміна перад абліччам Ізраіля, і выбілі іх у той дзень дваццаць пяць тысячаў сто чалавек, усіх, якія здабывалі меч.
36 Калі сыны Бэн’яміна ўбачылі, што яны пераможаны, пачалі уцякаць. А сыны Ізраіля, бачачы гэта, далі ім прастору уцякаць, бо давяралі засадзе, якая хавалася каля Гівы.
37 У той час выступілі тыя, што хаваліся ў засадзе, і напалі на Гіву, і ўварваўшыся ў горад, пазабівалі вострывам мяча ўсіх, што былі ў горадзе.
38 А сыны Ізраіля былі дамовіўшыся з тымі, якія былі ў засадзе, што мелі з гораду выпусьціць дым як знак.
39 І сыны Ізраіля пачалі ўцякаць у часе бою, а сыны Бэн’яміна, забілі з сыноў Ізраіля каля трыццаці чалавек, і казалі: «Напэўна пераможам іх, як у папярэднім баі».
40 А з гораду стаў падымацца слуп дыму. І сыны Бэн’яміна, павярнуўшыся, убачылі, як полымя з гораду падымаецца ў неба.
41 І сыны Ізраіля, павярнуўшыся, сталі наступаць, а ваяры Бэн’яміна стрывожыліся, бо бачылі, што прыйшла да іх бяда.
42 І пачалі яны ўцякаць перад сынамі Ізраіля дарогай у бок пустыні, але войска дагнала іх. Таксама тыя, што выйшлі з гораду, клалі іх трупамі пасярод сябе.
43 І акружылі яны з усіх бакоў Бэн’яміна, і гналі іх без адпачынку, і забівалі іх ад Гівы на захад.
44 І палегла з пакаленьня Бен’яміна васямнаццаць тысячаў чалавек, усе ваяры мужныя.
45 З тых, якія ўцякалі ў бок пустыні да скалы Рымон, забілі на дарогах пяць тысячаў чалавек, і гналі іх да Гідому, дзе забілі каля дзьвюх тысячаў.
46 І ўсіх Бен’ямінцаў палегла ў той дзень дваццаць пяць тысячаў мужчынаў, што выцягваюць меч, усе ваяры мужныя.
47 А тыя шэсьцьсот чалавек, што засталіся, уцяклі да скалы Рымон, і заставаліся на скале Рымон чатыры месяцы.
48 А сыны Ізраіля вярнуліся да сыноў Бэн’яміна ў горад, і выбілі востравам мяча, пачынаючы ад мужчын да ўсяго, што знайшлі. Спалілі таксама ўсе гарады і мясцовасьці іхнія.

Кніга Судзьдзяў, 20 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.