Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Адкрыцьцё | 1 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Адкрыцьцё Ісуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаў слугам Сваім, што мусіць стацца неўзабаве. І Ён даў знак, паслаўшы [яго] праз анёла Свайго слузе Свайму Яну,
2 які засьведчыў слова Божае, і сьведчаньне Ісуса Хрыста, і ўсё, што бачыў.
3 Шчасьлівы той, які чытае, і тыя, якія слухаюць словы прароцтва і захоўваюць тое, што напісана ў ім, бо час блізкі.
4 Ян — да сямі цэркваў, што ў Азіі: ласка вам і супакой ад Таго, Які ёсьць, і Які быў, і Які прыходзіць, і ад сямі духаў, якія перад пасадам Ягоным,
5 і ад Ісуса Хрыста, сьведкі вернага, Першароднага з мёртвых і Начальніка валадароў зямных. Яму, Які палюбіў нас і ў крыві Сваёй абмыў нас ад грахоў нашых,
6 і зрабіў нас валадарамі і сьвятарамі Богу і Айцу Свайму, слава і ўлада на вякі вякоў. Амэн.
7 Вось, Ён прыходзіць з аблокамі, і ўгледзіць Яго кожнае вока і тыя, якія прабілі Яго, і заплачуць перад Ім усе плямёны зямлі. Так, амэн.
8 «Я ёсьць Альфа і Амэга, Пачатак і Канец, — кажа Госпад, — Які ёсьць, і Які быў, і Які прыходзіць, Усеўладны».
9 Я, Ян, брат ваш і ўдзельнік у прыгнёце, і ў Валадарстве, і ў цярплівасьці Ісуса Хрыста, быў на востраве, называным Патмас, за слова Божае і за сьведчаньне Ісуса Хрыста.
10 Я быў у духу ў дзень Госпадаў і пачуў за сабою вялікі голас, як трубы,
11 які казаў: «Я ёсьць Альфа і Амэга, Першы і Апошні; і што бачыш, напішы ў кнігу і пашлі цэрквам, што ў Азіі: у Эфэс, і ў Сьмірну, і ў Пэргам, і ў Тыятыру, і ў Сарды, і ў Філядэльфію, і ў Ляадыкею».
12 І я павярнуўся, каб пабачыць той голас, што гаварыў са мною, і, павярнуўшыся, убачыў сем залатых сьвечнікаў,
13 і сярод сямі сьвечнікаў — Падобнага да Сына Чалавечага, Які апрануты ў доўгую шату і падперазаны праз грудзі залатым паясом.
14 А галава Ягоная і валасы белыя, як белая воўна, як сьнег; і вочы Ягоныя — як полымя агню,
15 і ногі Ягоныя падобныя да халкалібану, як у печы распаленыя; і голас Ягоны — як гук водаў многіх;
16 І меў Ён у правай руцэ Сваёй сем зорак, і з вуснаў Ягоных выходзіў меч двусечны востры; і твар Ягоны — як сонца, якое сьвеціць у сіле сваёй.
17 І калі я ўбачыў Яго, я ўпаў ля ног Ягоных як мёртвы, і Ён паклаў на мяне правую руку Сваю, кажучы мне: «Ня бойся. Я ёсьць Першы і Апошні,
18 і Жывы, і Я быў мёртвы, і вось, жыву на вякі вякоў, амэн. І Я маю ключы пекла і сьмерці.
19 Напішы, што ты бачыў, і што ёсьць, і што мае стацца пасьля гэтага.
20 Тайна сямі зорак, якія ты бачыў у правіцы Маёй, і сямі сьвечнікаў залатых: сем зорак — гэта анёлы сямі цэркваў, а сем сьвечнікаў, якія ты бачыў, — гэта сем цэркваў.

Адкрыцьцё Яна Багаслова, 1 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.