Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Адкрыцьцё | 18 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І пасьля гэтага ўбачыў я анёла, які зыходзіў з неба, які меў вялікую ўладу; і зямля была асьветленая ад славы ягонае;
2 І закрычаў ён моцна голасам вялікім, кажучы: «Упаў, упаў Бабілон, вялікая [распусьніца], і стаўся жытлом дэманаў, і прыбежышчам усякага духа нячыстага, і прыбежышчам усякай птушкі нячыстай і брыдкай,
3 бо віном ярасьці распусты сваёй яна напаіла ўсе народы, і валадары зямныя распусьнічалі з ёю, і купцы зямныя ўзбагаціліся з моцы раскошы яе».
4 І пачуў я іншы голас з неба, які казаў: «Выйдзі з яе, народзе Мой, каб ня ўдзельнічаць у грахах ейных і не атрымаць плягаў ейных;
5 бо дайшлі грахі яе аж да неба, і ўзгадаў Бог пра нягоднасьці ейныя.
6 Аддайце ёй, як і яна аддавала вам, і падвойце ёй удвая паводле справаў яе; у келіх, у які яна налівала, наліце ёй удвая.
7 Колькі ўслаўляла яна сябе і раскашавалася, гэтулькі дайце ёй мучэньняў і плачу, бо яна казала ў сэрцы сваім: “Сяджу валадаркаю, і не ўдава я, і плачу не пабачу».
8 Дзеля гэтага ў адзін дзень прыйдуць на яе плягі: сьмерць, і плач, і голад; і будзе яна спалена ў агні, бо магутны Госпад Бог, Які су́дзіць яе.
9 І загалосяць, і заплачуць па ёй валадары зямныя, якія распусьнічалі і раскашаваліся з ёю, калі ўбачаць дым ад пажару яе,
10 стаўшы здалёк дзеля страху ад мучэньняў яе і кажучы: «Гора, гора, горад вялікі Бабілон, горад магутны, бо ў адну гадзіну прыйшоў суд твой!»
11 І купцы зямныя галосяць і плачуць па ёй, бо ніхто ўжо не купля́е тавару іхняга,
12 тавару з золата, і срэбра, і каштоўнага камяня́, і пэрлаў, і вісону, і пурпуру, і ядвабу, і кармазыну, і ўсякага дрэва пахкага, і ўсякіх вырабаў з косьці слановае, і ўсякіх вырабаў з дрэва каштоўнага, і медзі, і жалеза, і мармуру,
13 і цынамону, і фіміяму, і міра, і ладану, і віна, і алею, і мукі́, і пшаніцы, і скаціны, і авечак, і коней, і вазоў, і целаў і душаў чалавечых.
14 «І плады пажаданьня душы́ тваёй адыйшлі ад цябе; і ўсё тлустае і бліскучае адыйшло ад цябе, і ты ніколі ўжо ня знойдзеш гэтага».
15 І гандляры гэтага, якія ўзбагаціліся ад яе, будуць стаяць здалёк дзеля страху ад мучэньняў яе, плачучы і галосячы,
16 і кажучы: «Гора, гора, горад вялікі, апрануты ў вісон, і пурпур, і кармазын, і аздоблены золатам, і каштоўным каменем, і пэрламі,
17 бо ў адну гадзіну спустошана гэткае багацьце!» І ўсе корнікі, і ўсе людзі на караблях, і маракі, і ўсе працаўнікі на моры сталі здалёк
18 і, гледзячы на дым ад пажару яго, крычалі, кажучы: «Што падобна да гораду вялікага?»
19 І сыпалі пыл на галовы свае, і крычалі, плачучы і галосячы, і кажучы: «Гора, гора, горад вялікі, у якім узбагаціліся ад каштоўнасьцяў ягоных усе, хто мае караблі на моры, бо ў адну гадзіну ён спустошаны!
20 Весяліся над ім, неба і сьвятыя апосталы і прарокі, бо прысудзіў Бог прысуд ваш на яго».
21 І ўзяў адзін дужы анёл камень вялікі, як млыновы, і кінуў у мора, кажучы: «Гэтак з сілаю кінуты будзе Бабілон, горад вялікі, і ўжо больш ня знойдуць яго.
22 І ня будзе ўжо чутно ў табе голасу гусьляроў, і музыкаў, і жалейнікаў, і трубачоў, і ня будзе знойдзена ўжо ў табе ніводнага майстра, і ніякага майстэрства, і голас млыновы ня будзе чутны ўжо ў табе,
23 і ня зьявіцца ўжо ў табе сьвятло сьвечкі, і голас жаніха і нявесты ня будзе чутны ўжо ў табе, бо купцы твае былі магнатамі зямлі, бо чараваньнямі тваімі падманутыя ўсе народы.
24 І знойдзена ў ім кроў прарокаў, і сьвятых, і ўсіх забітых на зямлі».

Адкрыцьцё Яна Багаслова, 18 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.