Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Егошуа | 4 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Калі ўвесь народ пераправіўся праз Ярдан, сказаў ГОСПАД да Егошуа:
2 «Выбярыце дванаццаць мужчынаў спасярод народу, па адным з кожнага пакаленьня,
3 і загадайце, каб узялі з сярэдзіны Ярдану, дзе моцна стаялі ногі сьвятароў, дванаццаць камянёў, якія панесіцё з сабою і паложыце ў месцы, дзе разложыцеся табарам пераначаваць».
4 Тады Егошуа паклікаў дванаццаць мужчынаў, якіх выбраў з сыноў Iзраіля, па адным з кожнага пакаленьня.
5 І сказаў ім Егошуа: «Пайдзеце перад Каўчэгам ГОСПАДА, Бога вашага, на сярэдзіну Ярдану і няхай кожны прынясе на плячах сваіх па адным камяні паводле лічбы пакаленьняў сыноў Iзраіля.
6 Няхай гэта будзе знакам для вас. А калі сыны вашыя ў будучыні спытаюцца ў вас: “Што значаць гэтыя камяні?” —
7 вы адкажаце: “Гэта памятка таго, што воды Ярдану разьдзяліліся перад Каўчэгам Запавету ГОСПАДА, калі ён перапраўляўся праз яго. Дзеля таго паложаны камяні гэтыя як памятка сынам Iзраіля на вечна”».
8 І сыны Ізраіля зрабілі так, як загадаў ім Егошуа: прынесьлі з сярэдзіны Ярдану дванаццаць камянёў, як Егошуа загадаў ГОСПАД, паводле пакаленьняў сыноў Ізраіля, і прынесьлі ў месца, дзе былі разлажыўшыся табарам. Там іх палажылі.
9 Таксама іншых дванаццаць камянёў палажыў Егошуа на сярэдзіне Ярдану, дзе стаялі сьвятары, якія несьлі Каўчэг Запавету. Яны там знаходзяцца да сёньняшняга дня.
10 Сьвятары, якія несьлі Каўчэг, стаялі на сярэдзіне Ярдану, аж пакуль не было выканана ўсё, што ГОСПАД загадаў Егошуа абвясьціць народу, згодна з тым, што загадаў Майсей Егошуа. Народ жа пасьпешна перапраўляўся.
11 Калі ўжо ўсе пераправіліся, тады перайшоў і Каўчэг ГОСПАДА, перайшлі і сьвятары, і сталі наперадзе народу.
12 А сыны Рубэна, і сыны Гада, і палова пакаленьня Манасы перайшлі ўзброеныя наперадзе сыноў Ізраіля, як ім загадаў Майсей.
13 Каля сарака тысячаў ваяроў узброеных перайшло перад абліччам ГОСПАДА на раўніны Ерыхонскія, каб ваяваць.
14 У той дзень узьвялічыў ГОСПАД Егошуа перад усім Ізраілем, і сталі баяцца яго, як баяліся Майсея ў-ва ўсе дні жыцьця ягонага.
15 І сказаў ГОСПАД да Егошуа:
16 «Загадай сьвятарам, якія несьлі Каўчэг Запавету, каб выйшлі з Ярдану!»
17 І загадаў Егошуа сьвятарам: «Выйдзіце з Ярдану».
18 Калі яны выйшлі, несучы Каўчэг Запавету ГОСПАДА, і пачалі ісьці па сухой зямлі, вярнуліся воды на месца сваё і цяклі як раней у сваіх берагах.
19 У дзясяты дзень першага месяцу народ выйшаў з Ярдану і расклаўся табарам у Гільгале, на ўсход ад Ерыхону.
20 Тых жа дванаццаць камянёў, якія былі ўзятыя з Ярдану, Егошуа паставіў у Гільгале,
21 і сказаў сынам Ізраіля: «Калі спытаюцца сыны вашыя ў будучыні бацькоў сваіх: “Што азначаюць гэтыя камяні?” —
22 скажыце сынам вашым: “Па сухім дне перайшоў Ізраіль гэтую раку Ярдан,
23 бо ГОСПАД, Бог ваш, высушыў ваду Ярдану на вачах вашых, пакуль вы не перайшлі, як раней учыніў з Морам Чырвоным, якое высушыў перад намі, пакуль мы праз яго не перайшлі,
24 каб усе народы на зямлі пазналі магутную руку ГОСПАДА, ды каб і вы ў-ва ўсе дні баяліся ГОСПАДА, Бога вашага”».

Кніга Егошуа, 4 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.