Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Егошуа | 24 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І сабраў Егошуа ў Сыхэме ўсе пакаленьні Ізраіля, і паклікаў старшыняў і князёў, і судзьдзяў, і начальнікаў, і яны сталі ў прысутнасьці Бога.
2 І прамовіў Егошуа да ўсяго народу: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “За ракою жылі бацькі вашыя спрадвеку, Тэрах, бацька Абрагама і Нахора, і служылі іншым багам.
3 І ўзяў Я бацьку вашага, Абрагама, з зямлі на другім баку ракі і правёў яго праз усю зямлю Ханаан, і памножыў нашчадкаў ягоных, і даў яму Ісаака.
4 І даў Я Ісааку Якуба і Эзава, і Эзаву даў Я гару Сэір на пасяленьне, а Якуб і сыны ягоныя павандравалі ў Эгіпет.
5 І паслаў Я туды Майсея і Аарона, і ўдарыў Эгіпет плягамі, якія Я рабіў у ім, а пасьля Я вывеў вас.
6 Вывеў Я бацькоў вашых з Эгіпту, і прыйшлі вы да мора. І гналіся за бацькамі вашымі Эгіпцяне з калясьніцамі і коньнікамі аж да Мора Чырвонага.
7 І клікалі яны ГОСПАДА, і Ён паставіў цемру паміж вамі і Эгіпцянамі, і напусьціў на іх мора і яно пахавала іх, і бачылі вочы вашыя, што Я зрабіў у Эгіпце. І жылі вы доўгі час у пустыні.
8 Пасля ўвёў Я вас у зямлю Амарэйцаў, якія жылі за Ярданам, і калі яны пайшлі вайной на вас, Я выдаў іх у рукі вашыя, і занялі вы зямлю іхнюю, і выбілі іх.
9 Паўстаў вось Балак, сын Цыпора, валадар Мааву, і ваяваў супраць Ізраіля. Ён паслаў і паклікаў Білеама, сына Бэора, каб ён праклінаў вас.
10 Але Я не захацеў слухаць яго, але наадварот, дабраславіў вас, і вызваліў вас з рук ягоных.
11 І пераправіліся вы праз Ярдан, і прыйшлі ў Ерыхон. І ваявалі супраць вас жыхары таго гораду; а таксама Амарэйцы, Пэрэзеі і Хананейцы, Хетыты, Гіргашэі, Хівеі і Евусеі, але Я выдаў іх у рукі вашыя.
12 І паслаў Я перад вамі шаршанёў, і яны выгналі іх перад вамі, двух валадароў Амарэйскіх, не мячом тваім ды ня лукам тваім.
13 І даў Я вам зямлю, над якой вы не працавалі, і гарады, якіх вы не будавалі, і вы жывіцё ў іх, і вінаград і аліўкавыя дрэвы, якіх вы не садзілі, а вы жывіцеся імі”.
14 Дык бойцеся ГОСПАДА і служыце Яму ў шчырасьці і праўдзе. Выкіньце ідалаў, якім служылі бацькі вашыя на другім баку ракі і ў Эгіпце, і служыце ГОСПАДУ!
15 Калі ж вам не падабаецца служыць ГОСПАДУ, то выбірайце сабе цяпер, каму служыць хочаце: ці багам, якім служылі бацькі вашыя на другім баку ракі, ці багам Амарэйцаў, у зямлі якіх вы жывіцё. А я і дом мой будзем служыць ГОСПАДУ».
16 У адказ народ сказаў: «Ня будзе так, каб мы пакінулі ГОСПАДА, а служылі чужым багам.
17 Бо ГОСПАД, Бог наш, вывеў нас і бацькоў нашых з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі, і Ён учыніў на вачах нашых страшныя знакі і Ён захоўваў нас на ўсім шляху, якім мы вандравалі, ды сярод усіх народаў, праз якія мы праходзілі.
18 Ён выгнаў перад намі ўсе народы і Амарэйцаў, жыхароў зямлі, у якую мы ўвайшлі, дык мы будзем таксама служыць ГОСПАДУ, бо толькі Ён — Бог наш!»
19 І сказаў Егошуа народу: «Вы ня здолееце служыць ГОСПАДУ, бо Ён — Бог сьвяты і зайздросны, і Ён не прабачыць вам злачынстваў вашых і грахоў вашых.
20 Калі вы пакінеце ГОСПАДА і станеце служыць багам іншым, Ён прыйдзе да вас, і будзе караць вас, і выгубіць вас так, як раней рабіў дабро вам».
21 І сказаў народ Егошуа: «Гэтага ніколі ня будзе, але мы будзем служыць ГОСПАДУ».
22 І Егошуа зноў сказаў народу: «Вы самі — сьведкі супраць сябе, бо вы самі выбралі сабе ГОСПАДА, каб служыць Яму». Яны адказалі: «Мы — сьведкі».
23 І Егошуа зноў сказаў народу: «Дык цяпер выкіньце багоў іншых спасярод сябе ды прыхіліце сэрцы вашыя да ГОСПАДА, Бога Ізраіля».
24 І народ адказаў Егошуа: «ГОСПАДУ, Богу нашаму, хочам служыць, голас Ягоны будзем слухаць».
25 І заключыў Егошуа ў гэты дзень запавет з народам, і даў яму пастановы і законы ў Сыхэме.
26 І запісаў Егошуа гэтыя словы ў кнізе Закону Божага. Пасьля ўзяў вялікі камень і паставіў яго там пад дубам, які быў у месцы сьвятыні ГОСПАДА.
27 І сказаў Егошуа ўсяму народу: «Вось гэты камень будзе супраць вас як сьведка, бо ён чуў усе словы ГОСПАДА, якія ГОСПАД гаварыў да нас, каб пасьля вы не захацелі адрачыся ГОСПАДА, Бога вашага».
28 І адпусьціў Егошуа народ, і кожны пайшоў у паселасьць сваю.
29 Пасьля ўсяго гэтага памёр Егошуа, сын Нуна, слуга ГОСПАДА, маючы сто дзесяць гадоў.
30 Пахавалі яго ў межах спадчыны ягонай у Тымнат-Сэраху, што на гары Эфраіма, на поўнач ад гары Гааш.
31 Ізраіль служыў ГОСПАДУ ўсе дні жыцьця Егошуа і ўсе дні старшыняў, якія перажылі Егошуа і добра ведалі ўсё, што ГОСПАД зрабіў Ізраілю.
32 А косткі Язэпа, якія сыны Ізраіля забралі з сабой з Эгіпту, пахавалі ў Сыхэме, на частцы поля, купленага Якубам ад сыноў Гамора, бацькі Сыхэма, за срэбра, і сталася яно ўласнасьцю сыноў Язэпа.
33 Памёр таксама Элеазар, сын Аарона, і пахавалі яго ў Гібэа, [горадзе] Пінхаса, сына ягонага, які дадзены быў яму на гары Эфраіма.

Кніга Егошуа, 24 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.