Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Егошуа | 23 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Калі мінуў доўгі час пасьля таго, як ГОСПАД даў Ізраілю супакой ад усіх ворагаў іхніх навокал, і Егошуа быў ужо стары і ў гадох пажылых,
2 склікаў Егошуа ўвесь Ізраіль, і старшыняў, і князёў, і судзьдзяў, і начальнікаў, і сказаў ім: «Я састарэўся і прыйшоў у гады,
3 а вы бачылі ўсё, што зрабіў ГОСПАД, Бог ваш, усім гэтым народам, і як Ён ваяваў за вас.
4 Дык глядзіце, вось я падзяліў між вас жэрабям як спадчыну для пакаленьняў вашых тыя народы, якія трэба яшчэ заваяваць, таксама, як і тыя, якія я вынішчыў ад Ярдану аж па Вялікае Мора на захадзе.
5 ГОСПАД, Бог ваш, разгоніць іх ды прыбярэ іх перад абліччам вашым, і вы паселіцеся на зямлі іхняй, як Ён вам абяцаў.
6 Толькі будзьце мужнымі і выконвайце ўсё, што напісана ў кнізе Закону Майсея, і не адхіляйцеся ад яго ані ўправа, ані ўлева.
7 І не сябруйце з паганамі, якія між вамі жывуць, і не прысягайце ў імя багоў іхніх, ды не служыце ім, і не пакланяйцеся ім,
8 але туліцеся толькі да ГОСПАДА, Бога вашага, як рабілі вы да гэтага дня.
9 Павыганяў ГОСПАД на вачах вашых вялікія і моцныя народы, і ніводзін з іх ня мог вам супрацівіцца,
10 адзін з вас гнаў тысячу ворагаў, бо ГОСПАД Сам ваяваў за вас, як быў абяцаўшы.
11 Вось толькі пільна намагайцеся, каб любіць ГОСПАДА, Бога вашага.
12 Але калі вы будзеце няверныя, і калі будзеце сябраваць і мяшацца сужонствамі з гэтымі народамі, якія сярод вас засталіся,
13 дык ведайце, што ГОСПАД, Бог ваш, ня будзе нішчыць іх перад вамі, але яны стануць вам сеткаю, і пасткаю, і бічом для вас, і калючкаю ў вачах вашых, аж пакуль ня вынішчыць Ён вас з гэтай прыгожай зямлі, якую даў вам ГОСПАД, Бог ваш.
14 Вось жа сёньня я ўзыходжу на дарогу ўсёй зямлі. А вы пераканаецеся ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою, што з усіх словаў добрых, якімі прамаўляў да вас ГОСПАД, Бог ваш, ніводнае не было пустое.
15 Але як спраўдзілася вам усякае добрае слова, якое казаў вам ГОСПАД, Бог ваш, так навядзе ГОСПАД на вас усе тыя ліхія словы, пакуль ня вынішчыць вас з гэтай добрай зямлі, якую даў вам ГОСПАД, Бог ваш.
16 Калі вы парушыце запавет ГОСПАДА, Бога вашага, які заключыў Ён з вамі, ды станеце служыць багам іншым, і пакланяцца ім, тады падымецца на вас ярасьць ГОСПАДА і хутка вы прападзіцё з гэтай зямлі прыгожай, якую Ён вам даў».

Кніга Егошуа, 23 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.