Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Егошуа | 2 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Егошуа, сын Нуна, з Шыттыму паслаў патаемна двух выведчыкаў і сказаў ім: «Ідзіце і аглядайце зямлю і горад Ерыхон». І яны пайшлі, і ўвайшлі ў дом распусьніцы імем Рахаў, і там затрымаліся.
2 Данесьлі пра гэта валадару Ерыхонскаму і сказалі: «Гэтыя вось людзі прыйшлі сюды ноччу ад сыноў Ізраіля, каб выведаць зямлю».
3 І валадар Ерыхонскі паслаў да Рахаў людзей, загадваючы: «Вывядзі тых людзей, якія прыйшлі да цябе і ўвайшлі ў дом твой. Яны — выведчыкі і прыйшлі выведаць усю гэтую зямлю».
4 Але жанчына ўзяла і схавала мужоў тых, і сказала: «Прызнаюся, прыйшлі да мяне людзі тыя, але я ня ведала, адкуль яны.
5 Калі ў поцемках зачынялася брама, яны разам выйшлі, і я ня ведаю, куды яны пайшлі. Бяжыце шпарка за імі і зловіце іх».
6 Сама ж яна завяла іх на дах дому свайго і закрыла іх снапамі лёну, якія там былі.
7 Тыя ж людзі [валадара], пабеглі дарогаю, якая ідзе да бродаў на Ярдане. Пасьля іх адыходу брама была адразу зачынена.
8 Яшчэ не заснулі тыя, што хаваліся, як Рахаў прыйшла да іх і сказала:
9 «Я ведаю, што ГОСПАД аддаў вам зямлю гэтую, і жах перад вамі ахапіў нас, і ўсе жыхары зямлі памлелі перад вамі.
10 Чулі мы, што ГОСПАД асушыў перад вамі воды Мора Чырвонага, калі выйшлі вы з Эгіпту і што вы зрабілі двум валадарам Амарэйскім, якія жылі за Ярданам,ыгону і Огу, якіх вы забілі.
11 Усё вось гэта чуючы, мы баімся і млее ў нас сэрца нашае ды займае дух нам дзеля вашага надыходу. Бо ГОСПАД, Бог ваш, Ён — Бог у небе высока і на зямлі нізка.
12 Цяпер вось прысягніце мне на ГОСПАДА, што як я вам зьявіла міласэрнасьць, так і вы зробіце ласку сям’і бацькі майго і дасьцё мне знак як заруку,
13 што захаваеце бацьку майго і маці маю, братоў маіх і сясьцёр маіх і ўсё, што іхняе, і ўратуеце душы нашыя ад сьмерці».
14 Яны адказалі ёй: «Мы за вас гатовыя памерці, калі толькі нас ня выдасі. Калі ГОСПАД аддасьць нам гэтую зямлю, зьявім табе міласэрнасьць і вернасьць».
15 І спусьціла яна іх на вяроўцы з акна, бо дом яе прылягаў да муру гарадзкога і яна як бы ў мурах пражывала.
16 І сказала яна ім: «Ідзіце ў горы, каб часам не сустрэлі вас тыя, што шукаюць вас. Там перахаваецеся тры дні, пакуль яны вернуцца, і тады пойдзеце шляхам сваім».
17 Выведчыкі сказалі ёй: «Мы будзем чыстыя ад прысягі гэтай, якою запрысягла ты нас, калі ты ня зробіш гэтак:
18 Калі мы ўвойдзем у гэтую зямлю, ты прывяжы вяроўку з пурпуровых нітак да вакна, праз якое спусьціла нас. І забяры ў дом свой бацьку свайго, маці сваю, братоў сваіх і ўсю радню сваю.
19 Калі хто выйдзе з дзьвярэй дому твайго, то кроў яго спадзе на галаву ягоную, а мы будзем невінаватыя. А калі хто ў доме з табой будзе заставацца, кроў ягоная спадзе на галаву нашую, калі нечая рука іх дакранецца.
20 Калі, аднак, нашую справу ты выявіш, мы будзем свабодныя ад прысягі, якою ты нас зьвязала».
21 На гэта яна адказала: «Як вы сказалі, няхай так будзе». І адпусьціла іх у дарогу, і яны пайшлі, а яна павесіла пурпуровую вяроўку ў вакне.
22 Выведчыкі пайшлі, і прыйшлі ў горы, і там былі тры дні, аж пакуль не вярнуліся людзі, пасланыя на пошукі іх. Тыя ж шукалі па ўсёй дарозе і не знайшлі іх.
23 Тады вярнуліся і два выведчыкі. Яны зыйшлі з гары, пераправіліся праз раку, а калі прыйшлі да Егошуа, сына Нуна, расказалі яму ўсё, што іх спаткала.
24 І дадалі: «Аддаў ГОСПАД у рукі нашыя ўсю гэтую зямлю, і ўсе жыхары яе млеюць у страху перад намі».

Кніга Егошуа, 2 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.