Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Егошуа | 14 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 А гэта вось атрымалі ў спадчыну сыны Ізраіля ў зямлі Ханаан ад Элеазара сьвятара і Егошуа, сына Нуна, і князёў плямёнаў пакаленьняў Ізраіля.
2 Усё было падзелена жэрабям, як загадаў ГОСПАД праз Майсея, дзевяці пакаленьням і палове пакаленьня Манасы.
3 Бо двум пакаленьням і палове пакаленьня Манасы даў Майсей спадчыну за Ярданам, апрача лявітаў, якім нічога ня даў між братоў,
4 бо ад сыноў Язэпа выйшлі два пакаленьні: Манасы і Эфраіма, а лявітам ня дадзена на ўласнасьць зямлі, а толькі гарады на жыцьцё і пашы пры гарадах для жывёлы іхняе і статкаў іхніх.
5 Як загадаў ГОСПАД Майсею, так і зрабілі сыны Ізраіля, і так падзялілі зямлю.
6 Тады прыйшлі сыны Юды да Егошуа ў Гільгале, і Халеў, сын Ефунны, Кенэзей, сказаў: «Ты ведаеш, што ГОСПАД сказаў Майсею, чалавеку Божаму, пра мяне і пра цябе ў Кадэш-Барнэа.
7 Сорак гадоў меў я, калі Майсей, слуга ГОСПАДА, паслаў мяне з Кадэш-Барнэа выведаць зямлю. І я яму расказаў праўдзіва, што я бачыў.
8 І браты мае, якія хадзілі разам са мною, напалохалі сэрцы людзей, а я пайшоў за ГОСПАДАМ, Богам маім.
9 У той дзень Майсей прысягнуў: “Зямля, на якую ступіла нага твая, будзе спадчынай тваёй і сыноў тваіх навекі, бо ты быў верным і пайшоў за ГОСПАДАМ, Богам маім”.
10 І так захаваў мяне ГОСПАД пры жыцьці, як абяцаў, да сёньняшняга дня. Ужо сорак пяць гадоў мінула, як ГОСПАД сказаў словы гэтыя Майсею, калі яшчэ Ізраіль вандраваў праз пустыню. Цяпер маю восемдзесят пяць гадоў,
11 але яшчэ сёньня я дужы як тады, калі пасылаў мяне Майсей; колькі ў мяне тады было сілы, столькі і цяпер маю для таго, каб ваяваць ды ісьці ў паход і вяртацца.
12 Таму дай ты мне гэтую гару, якую абяцаў мне ГОСПАД у той дзень. Ты сам чуў у той дзень, што там жывуць сыны Анака, а гарады іх вялікія ды ўмацаваныя. Калі ГОСПАД са мною, я здабуду іх, як мне гэта ГОСПАД абяцаў».
13 Егошуа дабраславіў Халева, сына Ефунны, і даў яму ў спадчыну Хеўрон.
14 Таму вось Хеўрон як спадчына належыць Халеву, сыну Ефунны, Кенэзею, аж па сёньняшні дзень, бо ён быў верны і пайшоў за ГОСПАДАМ, Богам Ізраіля.
15 Хеўрон перад тым называўся Кірыят-Арба, а Арба быў найвялікшым чалавекам сярод сыноў Анака. І зямля жыла ў супакоі ад войнаў.

Кніга Егошуа, 14 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.