Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Егошуа | 13 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Калі Егошуа састарэўся і быў у гадах пажылых, сказаў яму ГОСПАД: «Ты састарэўся і стаў у гадах пажылых, але яшчэ абшырная зямля застаецца незанятай.
2 Вось гэтая зямля: уся Галілея, акругі Філістынцаў і ўвесь Гешур,
3 ад Шыхору, на ўсход ад Эгіпту аж да мяжы Экрону на поўначы, зямля Ханаан, якая дзеліцца паміж пяцьцю князямі Філістынскімі з Газы, Ашдоду, Ашкелёну, Гату і Экрону, і Авеямі на поўдні;
4 уся зямля Ханаан, ад Мэары Сідонскай аж да Афэку і мяжы Амарэйцаў.
5 Потым зямля Гебалу ды ўвесь Лібан на ўсходзе ад Баал-Гаду, што ля падножжа гары Гермон аж да ўваходу ў Хамат.
6 Усіх, што жывуць у гарадах ад Лібану аж да Місрэфот-Маіму на захад, усіх Сідонцаў Я выганю і зьнішчу іх перад сынамі Ізраіля. Толькі жэрабям падзялі зямлю між сынамі Ізраіля на ўласнасьць, як Я загадаў табе.
7 Вось цяпер падзялі гэтую зямлю на пасяленьне дзевяці пакаленьням і палове пакаленьня Манасы».
8 А пакаленьне Рубэна і пакаленьне Гада, і другая палова пакаленьня Манасы атрымалі спадчыну сваю ад Майсея, слугі ГОСПАДА, на ўсходзе за Ярданам,
9 ад Араэру, што ляжыць на беразе ручая Арнон, і горад, які ў сярэдзіне даліны, якую даў ім Маісей, слуга ГОСПАДА, і ўсю раўніну ад Мэдэбы да Дыбону,
10 і ўсе гарады Сыгона, валадара Амарэйскага, які караляваў у Хешбоне, аж да мяжы сыноў Амона,
11 і Гілеад, і мяжу з Гешурам і Маахай, ды ўсю гару Гермон і ўвесь Башан аж да Салхі,
12 усё валадарства Ога, які караляваў у Аштароце і Эдрэі, які быў апошнім з Рэфаімаў, а Майсей пабіў іх і выгнаў.
13 Але сыны Ізраіля ня выгналі сыноў Гешура і Мааха, і жывуць яны сярод Ізраіля па сёньняшні дзень.
14 Толькі пакаленьню Левія ня дадзена ўласнасьці. Ахвяры ГОСПАДУ, Богу Ізраіля — гэта спадчына ягоная, як абвясьціў яму ГОСПАД.
15 Майсей даў пакаленьню сыноў Рубэна частку, адпаведна родаў іхніх.
16 Атрымалі яны зямлю ад Араэру на беразе ручая Арнон, і горад у сярэдзіне даліны, і ўвесь абшар аж да Мэдэбы,
17 Хешбон ды ўсе гарады ягоныя, якія на раўніне: Дыбон, Бамот-Баал, Бэт-Баал-Мэон,
18 Ягцу, Кедэмот і Мэфаат,
19 Кірыятаім, і Сібму, і Цэрэт-Гешшахар на гары на раўніне,
20 Бэт-Пэор і схілы Пісгі, і Бэт-Гаешымот,
21 і ўсе гарады на раўніне, і ўсё валадарства Сыгона, валадара Амарэйскага, які караляваў у Хешбоне, якога забіў Майсей, падобна як і начальнікаў Мадыянскіх: Эвія, Рэкема, Цура, Хура, Рэбу, князёў Сыгона, якія жылі ў той зямлі.
22 Таксама варажбіта Білеама, сына Бэора, забілі сыны Ізраіля мячом разам з іншымі забітымі.
23 Мяжой зямлі сыноў Рубэна быў Ярдан. Такая уласнасьць сыноў Рубэна па родах іхніх, поруч гарады іхнія з навакольнымі вёскамі.
24 І даў Майсей частку пакаленьню сыноў Гада, адпаведна родаў іхніх.
25 Атрымалі яны ў спадчыну: Язэр, і ўсе гарады Гілеаду, і палову зямлі сыноў Амона аж да Араэру, насупраць Раббы,
26 і ад Хешбону аж да Рама-Міцпы і Бэтаніму і ад Маханаіму аж да мяжы Ло-Дэбару,
27 а ў даліне: Бэтхарам, Бэтнімра, Суккот і Цафон, рэшту валадарства Сыгона, валадара Хешбону. Мяжой іх быў Ярдан і яго ваколіцы аж да мора Кінэрэт за Ярданам на ўсход.
28 Гэта спадчына сыноў Гада па родах іх, разам гарады іхнія з навакольнымі вёскамі.
29 Майсей даў таксама частку палове пакаленьня Манасы, адпаведна родаў іхніх.
30 Атрымалі яны на ўласнасьць зямлю ад Маханаіму, увесь Башан, усё валадарства Ога, валадара Башану, усе пасяленьні Яіра, якія ў Башане, шэсьцьдзесят гарадоў.
31 А палову Гілеаду, Аштарот і Эдрэю, гарады валадарства Ога ў Башане, заімелі сыны Махіра, сына Манасы, палова сыноў Махіра па родах сваіх.
32 Гэтую спадчыну падзяліў Майсей на раўнінах Мааву за Ярданам насупраць Ерыхону, на ўсход ад Ерыхону.
33 А пакаленьню Левія ня даў уласнасьці, бо ГОСПАД, Бог Ізраіля, Ён Сам —спадчына іхняя, як Ён ім сказаў.

Кніга Егошуа, 13 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.