Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Егошуа | 11 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Явін, валадар Хацору, пачуўшы пра гэта, змовіўся з Ёвавам, валадаром Мадону, і з валадаром Шымрону, і з валадаром Ахшафу,
2 і з валадарамі поўначы, якія жылі ў гарах і ў Арабе з паўднёвага боку Кінэрэту, і ў Шэфэлі, таксама на ўзвышшах Дору каля мора,
3 з Хананейцамі на ўсходзе і захадзе, з Амарэйцамі, Хетытамі, Пэрэзеямі, Евусеямі, а таксама з Хівеямі, якія пражываюць каля падножжа Гермону ў зямлі Міцпа.
4 Выйшлі яны ўсе з дружынамі сваімі, народ вельмі вялікі, быццам пясок на беразе мора, разам коньнікі і калясьніцы ў вялікай лічбе.
5 І сабраліся ўсе гэтыя валадары, і расклаліся табарам у адным месцы каля водаў Мэрому, каб супольна ваяваць супраць Ізраіля.
6 І сказаў да Егошуа ГОСПАД: «Ня бойся іх, бо заўтра ў гэтую самую гадзіну Я пакладу іх забітымі перад Ізраілем; коні іхнія ты акульгавіш, а калясьніцы іхнія спаліш агнём».
7 І Егошуа і ўсё яго войска з ім прыйшлі раптоўна да водаў Мэрому і напалі на іх.
8 І аддаў іх ГОСПАД у рукі Ізраіля, і ён разьбіў іх і гнаўся за імі аж да Вялікага Сідону і Місрэфот-Маіму і аж да даліны Міцпа на ўсходзе, і так забіваў іх, што не застаўся ніводзін.
9 І зрабіў Егошуа так, як яму загадаў ГОСПАД: коні іхнія акульгавіў, а калясьніцы спаліў.
10 У той час Егошуа вярнуўся і заняў Хацор, і валадара ягонага забіў мячом, а Хацор перад гэтым быў сталіцай усіх гэтых валадарстваў.
11 І выбіў ён усё жывое, што там было, і не ашчадзіў анікога, але ўсё спустошыў аблажыўшы клятваю, а сам горад Хацор спаліў.
12 Ды ўсё навокал, гарады і валадароў іхніх, захапіў, і забіў мячом, і аблажыў клятваю, і спустошыў, як загадаў Майсей, слуга ГОСПАДА.
13 Толькі ўсе гарады, што стаяць на ўзгорках, не паліў Ізраіль за выняткам Хацору, спаленага Егошуам.
14 Усю здабычу з гэтых гарадоў і жывёлу падзялілі сыны Ізраіля паміж сабою, але людзей усіх выбілі мячом да апошняга, не пакідаючы жывой душы.
15 Як загадаў ГОСПАД Майсею, слузе Свайму, так пераказаў Майсей Егошуа, а ён усё выканаў; не прапусьціў аніводнага загаду, аніводнага слова, якое сказаў ГОСПАД Майсею.
16 Такім чынам Егошуа завалодаў усёю зямлёю гэтаю: гарамі, і ўсім Нэгэвам, і ўсёю зямлёю Гашэн, і Шэфэлёй, і Арабай, і гарамі Ізраільскімі ды раўнінамі іхнімі,
17 ад гары Халак, якая падымаецца да Сэіру, аж да Баал-Гаду ў даліне Лібану, каля падножжа гары Гермон. Усіх жа валадароў іхніх перамог і забіў.
18 Доўгі час Егошуа ваяваў супраць валадароў гэтых.
19 Ніводзін горад не заключыў запавету з сынамі Ізраіля, апрача Хівеяў, якія жылі ў Гібэоне. Усе былі ваяваньнем здабытыя.
20 Бо такім быў намер ГОСПАДА, каб зрабіць упорыстымі сэрцы іхнія, каб ваявалі супраць Ізраіля і каб пагінулі, і не заслужыліся на міласэрнасьць, папаўшы пад клятву, ды каб вынішчыць іх, як загадаў ГОСПАД Майсею.
21 У той час Егошуа напаў і выбіў сыноў Анака ў гарах, у Хеўроне, і ў Дэбіры, і ў Анаве, і ў-ва ўсіх гарах Юдэйскіх, а таксама Ізраільскіх, і аддаў іх клятве, і спустошыў усе гарады іхнія.
22 Не пакінуў Ізраіль ніводнага чалавека з роду Анака ў зямлі сыноў Ізраіля, толькі ў гарадах Газа, Гат і Ашдод засталося іх крыху.
23 І захапіў Егошуа ўсю зямлю, як прадказаў ГОСПАД Майсею, і аддаў яе на пасяленьне сынам Ізраіля, падзяліўшы на пакаленьні. І зямля супакоілася ад войнаў.

Кніга Егошуа, 11 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.