Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Каласянам | 2 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Бо хачу, каб вы ведалі, якую вялікую барацьбу я ма́ю дзеля вас і дзеля тых, што ў Ляадыкеі, і дзеля ўсіх, якія ня бачылі аблічча майго ў целе,
2 каб суцешыліся сэрцы іхнія, злучаныя ў любові і дзеля ўсякага багацьця пэўнага разуменьня, дзеля пазнаньня тайны Бога — і Айца, і Хрыста,
3 у Якім усе скарбы мудрасьці і веданьня схаваныя.
4 А кажу гэта, каб хто ня ўвёў вас у зман пераканаўчымі словамі.
5 Бо хоць я і адсутны целам, але духам я з вамі, радуючыся і бачачы ваш парадак і ўмацаванасьць веры вашае ў Хрыста.
6 Дык як вы прынялі Хрыста Ісуса, Госпада, так хадзіце ў Ім,
7 укарэненыя і збудаваныя ў Ім, і сьцьверджаныя ў веры, як вы былі навучаныя, багацеючы ў ёй з падзякаю.
8 Глядзіце, каб хто не збаламуціў вас філасофіяй і пустым падманам паводле традыцыі чалавечай, паводле стыхіяў сьвету, а не паводле Хрыста.
9 Бо ў Ім жыве ўся поўня Боства цялесна,
10 і вы напоўненыя ў Ім, Які ёсьць галава ўсякага начальства і ўлады.
11 У Ім і вы абрэзаныя абразаньнем, не рукою зробленым, якое зьняла цела грахоў цялесных, абразаньнем Хрыстовым.
12 Пахаваныя з Ім у хрышчэньні, у Ім вы і ўваскрэсьлі праз веру ў дзеяньне Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых,
13 і вас, якія былі мёртвыя ў грахах і неабразаньні цела вашага, Ён ажывіў разам з Ім, дараваўшы нам усе грахі,
14 сьцёршы рукапіс пастановаў, што былі супраць нас; і забраў яго спасярод, прыбіўшы да крыжа,
15 распрануўшы начальствы і ўлады, адважна аддаў іх на сорам, трыюмфуючы над імі ў Ім.
16 Дык няхай ніхто ня су́дзіць вас за ежу, ці за пітво, ці за ўдзел у сьвяце, ці маладзіку́, ці субоце.
17 Гэта ёсьць цень таго, што мае быць, а цела — Хрыстовае.
18 Няхай ніхто не пазбавіць вас нагароды праз самавольнае ўпакорваньне і набажэнства анёлам, уваходзячы ў тое, чаго ня бачыў, дарэмна ўзганарыўшыся розумам цела свайго
19 і не трымаючыся Галавы, ад якое ўсё цела, вязямі і вузламі змацаванае і злучанае, расьце ўзрастаньнем Божым.
20 Дык калі вы памерлі разам з Хрыстом для стыхіяў сьвету, чаго ж, быццам жывучы́ ў сьвеце, трымаецеся пастановаў:
21 «Не дакранайся, і не каштуй, і не чапай»,
22 што ўсё [вядзе] да сапсутасьці праз [само] ўжываньне, паводле пастановаў і навукі чалавечае?
23 Гэтае слова нібыта мае мудрасьць у самавольным набажэнстве, упакорваньні і мардава́ньні цела, не ў паша́не да таго, што насычае цела.

Пасланьне да Каласянаў Апостала Паўла, 2 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.