Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Я ёсьць сапраўдная вінаградная лаза́, а Айцец Мой — вінаградар.
2 Усякую галіну ў Мяне, якая не дае плоду, Ён адсякае; і ўсякую, што дае плод, абчышчае, каб больш пладоў давала.
3 Вы ўжо ачышчаныя праз слова, якое Я гаварыў вам.
4 Заставайцеся ў-ва Мне, і Я ў вас. Як галіна ня можа даваць плоду сама сабою, калі ня будзе на лазе́, так і вы, калі не застанецеся ў-ва Мне.
5 Я — вінаградная лаза́, вы — галіны; хто застаецца ў-ва Мне, і Я ў ім, той прыносіць мноства пладоў, бо без Мяне вы ня можаце рабіць нічога.
6 Хто ня будзе ў-ва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне; і іх зьбіраюць, і кідаюць у вагонь, і яны згараць.
7 Калі застанецеся ў-ва Мне, і словы Мае ў вас застануцца, то што хочаце, прасіце, і станецца вам.
8 У гэтым будзе праслаўлены Айцец Мой, калі вы прынесяцё мноства пладоў і будзеце Маімі вучнямі.
9 Як палюбіў Мяне Айцец, і Я палюбіў вас; заставайцеся ў любові Маёй.
10 Калі захаваеце прыказаньні Мае, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў прыказаньні Айца Майго і застаюся ў Яго любові.
11 Гэтае сказаў Я вам, каб радасьць Мая ў вас была, і каб радасьць вашая была поўная.
12 Гэта прыказаньне Маё, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
13 Ніхто ня мае любові большае за тую, калі хто аддасьць душу́ сваю за сяброў сваіх.
14 Вы — сябры Мае, калі робіце тое, што Я загадваю вам.
15 Я больш не называю вас слугамі, бо слуга ня ведае, што робіць гаспадар ягоны, а Я назваў вас сябрамі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, паведаміў вам.
16 Ня вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плод, і каб плод ваш заставаўся; каб тое, што папросіце ў Айца ў імя Маё, Ён даў вам.
17 Гэта загадваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.
18 Калі сьвет вас ненавідзіць, зразумейце, што Мяне раней за вас зьненавідзіў.
19 Калі б вы былі са сьвету, сьвет любіў бы сваё, а як вы не са сьвету, але Я выбраў вас са сьвету, дык за гэта ненавідзіць вас сьвет.
20 Памятайце словы, якія Я сказаў вам: “Слуга ня большы за гаспадара свайго”. Калі Мяне перасьледавалі, і вас будуць перасьледаваць; калі Маё слова захавалі, і вашае захаваюць.
21 Але ўсё гэтае зробяць вам дзеля імя Майго, бо ня ведаюць Таго, Хто паслаў Мяне.
22 Калі б Я не прыйшоў і не гаварыў ім, ня мелі б грэху, а цяпер ня маюць адгаворкі ў грэху сваім.
23 Хто Мяне ненавідзіць, ненавідзіць і Айца Майго.
24 Калі б Я не ўчыні́ў сярод іх справаў, якіх ніхто іншы не рабіў, ня мелі б грэху, а цяпер і бачылі, і зьненавідзелі і Мяне, і Айца Майго.
25 Але каб споўнілася слова, напісанае ў Законе іхнім: “Зьненавідзелі Мяне дарэмна”.
26 Калі ж прыйдзе Абаронца, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух Праўды, Які ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьведчыць пра Мяне.
27 І вы таксама будзеце сьведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.

Эвангельле паводле Яна, 15 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.