Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто не дзьвярыма ўваходзіць у авечы двор, але ўлазіць іначай, той злодзей і разбойнік.
2 А хто ўваходзіць дзьвярыма, той — пастыр авечак.
3 Яму прыдзьвернік адчыняе, і авечкі слухаюць голас ягоны, і ён кліча сваіх авечак па імёнах, і выводзіць іх.
4 І калі выведзе сваіх авечак, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць голас ягоны.
5 За чужым жа ня пойдуць, але ўцякуць ад яго, бо ня ведаюць чужога голасу».
6 Гэтую прыказку сказаў ім Ісус, але яны не зразумелі, што такое Ён гаварыў ім.
7 Тады ізноў сказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам, што Я — дзьверы авечак.
8 Усе, якія прыходзілі раней за Мяне, — злодзеі і разбойнікі, але авечкі не паслухаліся іх.
9 Я — дзьверы. Хто ўвойдзе праз Мяне, збаўлены будзе, і ўвойдзе, і выйдзе, і пашу знойдзе.
10 Злодзей прыходзіць, каб толькі ўкрасьці, забіць і загубіць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыцьцё і мелі ўдосталь.
11 Я — Пастыр добры. Добры пастыр аддае душу́ сваю за авечак,
12 а найміт, які ня пастыр, для якога авечкі не свае, бачыць, што прыходзіць воўк, і пакідае авечак, і ўцякае, і воўк хапа́е іх, і разганяе авечак.
13 Найміт жа ўцякае, бо ён найміт і ня рупіцца пра авечкі.
14 Я — Пастыр добры і ведаю, хто мае, і мае ведаюць Мяне.
15 Як Айцец ведае Мяне, і Я ведаю Айца, і душу́ Маю́ аддаю за авечак.
16 Ма́ю Я і іншых авечак, якія ня з гэтага двара, і іх Я мушу прывесьці. І яны пачуюць голас Мой, і станецца адзін статак і адзін Пастыр.
17 За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю душу́ Маю́, каб ізноў узяць яе.
18 Ніхто не забірае яе ў Мяне, але Я Сам аддаю яе. Ма́ю ўладу аддаць яе і ма́ю ўладу ізноў узяць яе. Гэтае прыказаньне атрымаў Я ад Айца Майго».
19 Тады ізноў стаўся падзел між Юдэямі дзеля гэтых словаў.
20 Многія з іх казалі: «Ён мае дэмана і вар’яцее; што вы слухаеце Яго?»
21 Другія казалі: «Гэта словы не апанаванага дэманам. Ці ж можа дэман адчыня́ць вочы сьляпым?»
22 І сталася ў Ерусаліме сьвята Абнаўленьня, і была зіма.
23 І хадзіў Ісус у сьвятыні ў прысенку Салямонавым.
24 Тады абступілі Яго Юдэі і сказалі Яму: «Дакуль будзеш трымаць душу́ нашу? Калі Ты — Хрыстос, скажы нам адкрыта».
25 Адказаў ім Ісус: «Я казаў вам, і ня верыце; справы, якія Я раблю ў імя Айца Майго, яны сьведчаць пра Мяне.
26 Але вы ня верыце, бо вы не з Маіх авечак, як Я сказаў вам.
27 Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.
28 І Я даю ім жыцьцё вечнае, і не загінуць на вякі, і ніхто ня выхапіць іх з рукі Маёй.
29 Айцец Мой, Які даў Мне іх, большы за ўсіх, і ніхто ня можа выхапіць іх з рукі Айца Майго.
30 Я і Айцец — адно».
31 Тады ізноў Юдэі ўзялі камяні, каб укаменаваць Яго.
32 Адказаў ім Ісус: «Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго. За які з іх хочаце Мяне ўкаменаваць?»
33 Юдэі адказалі Яму, кажучы: «Не за добры ўчынак хочам укаменаваць Цябе, але за блюзьне́рства, і што Ты, будучы чалавекам, робіш Сябе Богам».
34 Ісус адказаў ім: «Ці не напісана ў Законе вашым: “Я сказаў: ‘Вы — богі’ ”?
35 Калі Ён назваў багамі тых, да якіх было слова Божае, і ня можа быць парушана Пісаньне,
36 як Таму, Каго Айцец асьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце: “Блю́зьніш”, таму што сказаў: “Я — Сын Божы”?
37 Калі Я не раблю ўчынкаў Айца Майго, ня верце Мне.
38 Калі ж раблю, калі Мне ня верыце, дык верце ўчынкам Маім, каб спазналі і паверылі, што Айцец у-ва Мне, і Я ў Ім».
39 Тады ізноў шукалі схапіць Яго, але Ён выйшаў з рук іхніх
40 і пайшоў ізноў за Ярдан, у тое месца, дзе раней хрысьціў Ян, і застаўся там.
41 І многія прыйшлі да Яго, і казалі, што Ян не ўчыніў ніводнага знаку, але ўсё, што сказаў Ян пра Яго, было праўдзівым.
42 І многія там паверылі ў Яго.

Эвангельле паводле Яна, 10 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.