Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Мацьвея | 26 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І сталася, калі Ісус скончыў усе гэтыя словы, сказаў вучням Сваім:
2 «Вы ведаеце, што праз два дні будзе Пасха, і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаваньне».
3 Тады сабраліся першасьвятары, і кніжнікі, і старшыні народу на падворак першасьвятара на імя Каяфа.
4 І радзіліся яны, каб узяць Ісуса подступам і забіць.
5 Але казалі: «Ня ў сьвята, каб ня сталася замяшаньня ў народзе».
6 А Ісус быў у Бэтаніі, у доме Сымона пракажонага.
7 Падыйшла да Яго жанчына, якая мела алябастравы збанок міра шматкаштоўнага, і выліла на галаву Ягоную, калі Ён узьлягаў.
8 Убачыўшы гэта, вучні Ягоныя абурыліся, кажучы: «Навошта гэткае марнаваньне?
9 Бо можна было добра прадаць гэтае міра і раздаць убогім».
10 А Ісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: «Што робіце прыкрасьць жанчыне? Бо яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне.
11 Бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою, а Мяне не заўсёды маеце.
12 Бо выліўшы міра гэтае на цела Маё, яна ўчыніла гэта на пахаваньне Маё.
13 Сапраўды кажу вам: дзе толькі будзе абвешчана Эва́нгельле гэтае ва ўсім сьвеце, будзе сказана і пра тое, што яна зрабіла, на ўспамін пра яе».
14 Тады пайшоў адзін з Дванаццаці, называны Юда Іскарыёт, да першасьвятароў.
15 Ён сказаў: «Што хочаце мне даць, і я вам выдам Яго?» А яны паставілі яму трыццаць срэбнікаў.
16 І з таго часу ён шукаў нагоды, каб выдаць Яго.
17 А ў першы дзень Праснакоў падыйшлі вучні да Ісуса, кажучы Яму: «Дзе хочаш падрыхтаваць Табе есьці Пасху?»
18 Ён жа сказаў: «Ідзіце ў горад да такога і такога і скажыце яму: “Настаўнік гаворыць: 'Час Мой блізкі; у цябе ўчыню Пасху з вучнямі Маімі'”».
19 І зрабілі вучні, як загадаў ім Ісус; і падрыхтавалі Пасху.
20 А калі настаў вечар, Ён узьлёг з Дванаццацьцю.
21 І, калі яны елі, Ён сказаў: «Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне».
22 І, надта засмуціўшыся, яны пачалі гаварыць Яму, кожны з іх: «Ці ня я, Госпадзе?»
23 Ён жа, адказваючы, сказаў: «Той, які мачае са Мною руку ў місе, гэты выдасьць Мяне.
24 Сапраўды, Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы выдаецца; лепш было б яму, каб ня быў нарадзіўшыся чалавек гэты».
25 Адказваючы, Юда, які выдаў Яго, сказаў: «Ці ня я, Раббі?» Кажа яму: «Ты сказаў».
26 Калі ж яны елі, Ісус узяў хлеб, і, дабраславіўшы, паламаў, і даў вучням, і сказаў: «Бярыце, ешце; гэта ёсьць Цела Маё».
27 І, узяўшы келіх і падзякаваўшы, даў ім, кажучы: «Піце з яго ўсе,
28 бо гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету, якая праліваецца за многіх дзеля адпушчэньня грахоў.
29 Кажу ж вам, што адгэтуль ня буду піць ад гэтага плоду вінаграднага аж да таго дня, калі буду яго піць з вамі новае ў Валадарстве Айца Майго».
30 І, засьпяваўшы, яны пайшлі на гару Аліўную.
31 Тады кажа ім Ісус: «Усе вы згоршыцеся праз Мяне ў гэтую ноч, бо напісана: “Удару пастуха, і будуць расьцярушаныя авечкі статку”.
32 Але пасьля ўваскрасеньня Майго прыйду перад вамі ў Галілею».
33 Адказваючы, Пётар сказаў Яму: «Калі і ўсе згоршацца праз Цябе, я ніколі ня згоршуся».
34 Сказаў яму Ісус: «Сапраўды кажу табе, што ў гэтую ноч, перш, чым певень запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне».
35 Кажа Яму Пётар: «Калі б мусіў і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе». Таксама гаварылі і ўсе вучні.
36 Тады ідзе з імі Ісус у месца, званае Гетсэманія, і кажа вучням: «Пасядзіце тут, пакуль Я, адыйшоўшы, памалюся там».
37 І, узяўшы Пятра і абодвух сыноў Зэбэдэя, пачаў тужыць і сумаваць.
38 Тады кажа ім: «Смутная душа Мая аж да сьмерці, застаньцеся тут і чувайце са Мною».
39 І, адыйшоўшыся трохі, упаў на аблічча Сваё, молячыся і кажучы: «Ойча Мой! Калі магчыма, няхай абміне Мяне келіх гэты; аднак не як Я хачу, але як Ты».
40 І прыходзіць да вучняў, і знаходзіць іх у сьне, і кажа Пятру: «Гэтак не маглі вы і аднае гадзіны чуваць са Мною?
41 Чувайце і маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу. Сапраўды, дух ахвочы, а цела кволае».
42 Ізноў, другі раз адыйшоўшы, маліўся, кажучы: «Ойча Мой! Калі ня можа келіх гэты абмінуць Мяне, каб Мне ня піць яго, няхай станецца воля Твая!»
43 І, прыйшоўшы, знаходзіць іх ізноў у сьне; бо вочы іхнія абцяжэлі.
44 І, пакінуўшы іх, адыйшоўшы, маліўся трэці раз, кажучы тое самае слова.
45 Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: «Сьпіцё яшчэ і адпачываеце? Вось, наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі грэшнікаў.
46 Уставайце, хадзем! Вось, наблізіўся той, хто Мяне выдае».
47 І калі Ён яшчэ гаварыў, вось, прыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, і з ім шматлікі натоўп з мячамі і кала́мі ад першасьвятароў і старшыняў народу.
48 А той, што выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, гэта Ён; бярыце Яго».
49 І адразу, падыйшоўшы да Ісуса, сказаў: «Радуйся, Раббі!», і пацалаваў Яго.
50 А Ісус сказаў яму: «Дружа, дзеля чаго ты прыйшоў?» Тады тыя, што прыйшлі, усклалі рукі на Ісуса і ўзялі Яго.
51 І вось, адзін з тых, што былі з Ісусам, выцягнуўшы руку, выхапіў меч свой і, ударыўшы слугу першасьвятара, адсек яму вуха.
52 Тады кажа яму Ісус: «Вярні меч твой на месца ягонае; бо ўсе, што ўзялі меч, ад мяча загінуць.
53 Ці ты думаеш, што Я ня маю сілы цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён паставіць побач Мяне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?
54 Як жа споўніцца Пісаньне, што гэта мусіць стацца?»
55 У тую гадзіну сказаў Ісус натоўпу: «Быццам на разбойніка выйшлі вы з мячамі і кала́мі схапіць Мяне. Кожны дзень сядзеў Я з вамі, навучаючы ў сьвятыні, і вы не хапалі Мяне.
56 А гэта ўсё сталася, каб споўніліся Пісаньні прарокаў». Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
57 А тыя, што схапілі Ісуса, завялі [Яго] да першасьвятара Каяфы, дзе былі сабраныя кніжнікі і старшыні.
58 Пётар жа ішоў за Ім здалёк аж да падворку першасьвятара; і, увайшоўшы ў сярэдзіну, сеў з паслугачамі, каб бачыць канец.
59 А першасьвятары і старшыні, і ўвесь сынэдрыён шукалі фальшывага сьведчаньня супраць Ісуса, каб забіць Яго.
60 І не знаходзілі; і многія фальшывыя сьведкі, што прыходзілі, не знайшлі. Нарэшце, два фальшывыя сьведкі, якія прыйшлі,
61 сказалі: «Ён прамаўляў: “Магу зруйнаваць бажніцу Божую і ў тры дні збудаваць яе”».
62 І, устаўшы, першасьвятар сказаў Яму: «Ты нічога не адказваеш? Што яны супраць Цябе сьведчаць?»
63 А Ісус маўчаў. І, адказваючы, першасьвятар сказаў Яму: «Заклінаю Цябе Богам жывым, каб Ты сказаў нам, ці Ты — Хрыстос, Сын Божы?»
64 Кажа яму Ісус: «Ты сказаў. Да таго кажу вам: адгэтуль угледзіце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч Моцы і ідзе на аблоках нябесных».
65 Тады першасьвятар разьдзёр шаты свае, кажучы: «Ён блю́зьніць! Якую яшчэ маем патрэбу ў сьведках? Вось, цяпер вы пачулі блюзьне́рства Ягонае.
66 Што вы думаеце?» Яны ж, адказваючы, сказалі: «Ён варты сьмерці».
67 Тады плявалі Яму ў аблічча і білі Яго; а іншыя білі Яго па шчоках,
68 кажучы: «Прараку́й нам, Хрыстос, хто ўдарыў Цябе?»
69 А Пётар сядзеў звонку, на падворку, і падыйшла да яго адна служка, кажучы: «І ты быў з Ісусам Галілейцам».
70 Ён жа адрокся перад усімі, кажучы: «Ня ведаю, што ты кажаш».
71 Калі ж ён выходзіў за браму, убачыла яго другая і кажа тым, якія былі там: «І гэты быў з Ісусам з Назарэту».
72 І ён ізноў адрокся з прысягаю, што ня ведае Чалавека Гэтага.
73 Неўзабаве тыя, што падыйшлі і стаялі там, сказалі Пятру: «Праўда, і ты з іх, бо і гаворка твая выяўляе цябе».
74 Тады ён пачаў бажыцца і прысягаць, што ня ведае Чалавека Гэтага. І адразу запяяў певень.
75 І ўзгадаў Пётар слова Ісуса, сказанае яму: «Перш, чым певень запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне». І, выйшаўшы вонкі, заплакаў горка.

Эвангельле паводле Мацьвея, 26 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.