Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Валадароў | 9 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І прарок Элісэй паклікаў аднаго з сыноў прарокаў, і сказаў яму: «Перапаяшы сьцёгны твае і вазьмі пасудзіну з алеем, і ідзі ў Рамот у Гілеадзе.
2 Калі прыйдзеш туды і ўбачыш Егу, сына Язафата, сына Німшы, увайшоўшы, возьмеш яго спасярод братоў ягоных і ўвядзеш ва ўнутранны пакой.
3 І возьмеш пасудзіну з алеем, і выльеш на галаву яму, і скажаш: “Гэта кажа ГОСПАД: "Я памазваю цябе на валадара Ізраіля"”. А пасьля адчыніш дзьверы і ўцячэш адтуль без затрымкі».
4 І пайшоў у Рамот у Гілеадзе той юнак, слуга прарока.
5 І калі ён прыйшоў, акурат сядзелі разам начальнікі войска. І ён сказаў: «Маю табе, князь, сказаць слова». Егу сказаў: «Катораму з усіх нас?» А ён сказаў: «Табе, князь».
6 І ён устаў, і ўвайшоў у пакой, а юнак выліў алей яму на галаву і сказаў: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я памазваю цябе на валадара для народу ГОСПАДАВАГА, для Ізраіля.
7 І ты зьнішчыш дом Ахава, гаспадара твайго, і адпомсьціш за кроў слугаў Маіх, прарокаў, і за кроў усіх слугаў ГОСПАДА, якія загінулі ад рукі Езабэлі.
8 І загіне ўвесь дом Ахава, і Я вынішчу ў Ахава ўсіх мужчынскага роду, і нявольніка, і вольнага ў Ізраілі.
9 І зраблю Я з домам Ахава як з домам Ерабаама, сына Навата, і як з домам Баашы, сына Ахіі.
10 А Езабэль зьядуць сабакі на полі Езрээль, і ня будзе каму пахаваць яе”». І адчыніў ён дзьверы, і ўцёк.
11 А Егу выйшаў да слугаў гаспадара свайго, і яны запыталіся ў яго: «Ці добра ўсё? Чаго прыходзіў да цябе гэты шаленец?» І ён сказаў ім: «Вы ведаеце гэтага чалавека і што ён гаварыў».
12 Але яны адказалі: «Няпраўда! Раскажы нам!» І ён сказаў ім: «Так і так сказаў ён мне, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД: "Я памазваю цябе на валадара для Ізраіля"”».
13 І яны зьнялі пасьпешна плашчы свае, і разаслалі каля ног ягоных на прыступках, і затрубілі ў трубу, і закрычалі: «Егу валадарыць!»
14 І Егу, сын Язафата, сына Німшы, паўстаў супраць Ярама. А Ярам і ўвесь Ізраіль у той час баранілі Рамот у Гілеадзе супраць Хазаэля, валадара Сірыі.
15 І вярнуўся Ярам, каб вылячыць у Езрээлі раны, якія прычынілі яму Сірыйцы ў баі супраць Хазаэля, валадара Сірыі. І сказаў Егу: «Калі вы згодныя са мною, няхай ніводзін не выходзіць з гораду, каб занесьці вестку ў Езрээль».
16 І ён сеў на калясьніцу і прыехаў ў Езрээль, бо Ярам ляжаў там, а Ахазія, валадар Юды, прыйшоў адведаць Ярама.
17 Калі вартаўнік, які стаяў на вежы ў Езрээлі, убачыў дружыну Егу, як ён ішоў, закрычаў: «Бачу людзей». Ярам сказаў: «Вазьмі коньніка і пашлі насустрач ім, і няхай ён спытае: “Ці з мірам [едуць]?”»
18 І паехаў коньнік на спатканьне яму, і сказаў: «Гэта кажа валадар: “Ці з мірам [едзеш]?”» Сказаў яму Егу: «Што табе да гэтага? Едзь за мною». І вартаўнік паведаміў: «Прыйшоў да іх пасланец, але не вяртаецца».
19 І Ярам паслаў другога коньніка. І той пад’ехаў да іх, і сказаў: «Гэта кажа валадар: “Ці з мірам?”» А Егу сказаў яму: «Што табе да гэтага? Едзь за мною».
20 І зноў вартаўнік паведаміў: «Прыйшоў ён да іх, але не вяртаецца. А едуць яны, быццам едзе Егу, сына Німшы, бо ён шалёна езьдзіць»
21 І Ярам сказаў: «Запрагай калясьніцу!» І запрэглі калясьніцу ягоную, і Ярам, валадар Ізраіля, і Ахазія, валадар Юды, кожны ў калясьніцы сваёй, выехалі на сустрэчу Егу, і спаткалі яго на полі Набота з Езрээлю.
22 Калі Ярам убачыў Егу, сказаў: «Ці з мірам ты, Егу?» Той адказаў: “Што значыць “з мірам”, калі яшчэ працягваецца распуста Езабэлі, маці тваёй, і чараўніцтва ейнае».
23 І павярнуўся Ярам, і кінуўся ўцякаць, і сказаў Ахазіі: «Здрада, Ахазія!»
24 А Егу нацягнуў лук і прабіў Ярама паміж плячыма ягонымі, і страла прайшла праз сэрца ягонае, і ён схіліўся на калясьніцу сваю.
25 І сказаў Егу Бідкару, возьніку свайму: «Вазьмі і кінь яго на поле Набота з Езрээлю! Бо ўзгадай, я і ты ехалі конна ўдвух за бацькам ягоным, Ахавам, калі ГОСПАД выказаў на іх прысуд:
26 “Учора бачыў Я кроў, кроў Нобота і кроў сыноў ягоных, кажа ГОСПАД. І Я адпомшчу табе на гэтым полі, кажа ГОСПАД”. Дык вазьмі цяпер і кінь яго на гэтае поле паводле слова ГОСПАДА».
27 А Ахазія, валадар Юды, бачачы гэта, уцякаў дарогай на Бет-Гаган. І дагнаў яго Егу, і сказаў: «І гэтага таксама забіце!» І паранілі яго ў калясьніцы ягонай на ўзгорку Гур, які пры Іблеаме, але ён уцёк у Мэгіддо і там памёр.
28 І слугі ягоныя ўсклалі яго на калясьніцу ягоную і прывезлі ў Ерусалім, і пахавалі яго ў магіле разам з бацькамі ягонымі ў горадзе Давіда.
29 У адзінаццатым годзе Ярама, сына Ахава, Ахазія стаў валадаром Юды.
30 І ўвайшоў Егу у Езрээль, а Езабель пачула пра гэта, і падмалявала сабе вейкі, і аздобіла галаву, і выглядала праз акно.
31 І калі Егу ўваходзіў праз браму, крыкнула: «Ці з мірам ты, Зімры, які забіў гаспадара свайго?»
32 Егу узьняў твар свой у бок акна і сказаў: «Хто са мною, хто?» І нахіліліся да яго два ці тры эўнухі.
33 І ён сказаў ім: «Скіньце яе!» І выкінулі яе, і крывёй ейнаю залілася сьцяна і коні, якія яе тапталі.
34 І ўвайшоў Егу, і еў, і піў, і сказаў: «Ідзіце, знайдзіце тую праклятую, і пахавайце яе, бо яна —дачка валадарская».
35 І калі выйшлі, каб пахаваць яе, не знайшлі нічога, толькі чэрап, ногі і далоні.
36 І, вярнуўшыся, расказалі яму пра гэта. І сказаў Егу: «Такое было слова ГОСПАДА, якое Ён сказаў праз слугу Свайго Ільлю з Тэшбы: “На полі Езрээль сабакі будуць есьці цела Езабэлі.
37 І труп Езабэлі будзе, як гной, на абліччы поля ў Езрээлі, так што ня можна будзе сказаць: "Гэта Езабэль"”».

Другая кніга Валадароў, 9 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.