Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Валадароў | 8 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І сказаў Элісэй той жанчыне, сына якой уваскрасіў: «Устань і ідзі разам з сям’ёй сваёй, і абжывіся на чужыне, там, дзе будзеш магчы, бо ГОСПАД спаслаў вялікі голад, які прыходзіць на гэтую зямлю на сем гадоў».
2 І сабралася жанчына, і зрабіла тое, што чалавек Божы сказаў ёй. І пайшла яна разам з сям’ёй сваёй, і абжылася у зямлі Філістынцаў на сем гадоў.
3 Праз сем гадоў жанчына вярнулася з зямлі Філістынцаў і пайшла да валадара прасіць пра вяртаньне дому ейнага і поля.
4 А валадар размаўляў з Гехазіем, слугою чалавека Божага, кажучы: «Раскажы мне пра ўсе вялікія справы, якія ўчыніў Элісэй».
5 І калі ён расказаў пра тое, як Элісэй уваскрасіў мёртвага, зьявілася жанчына, сына якой ён уваскрасіў, і маліла валадара пра вяртаньне дому свайго і поля свайго. І сказаў Гехазі: «Гаспадару мой, валадар, гэта тая жанчына і гэта той сын, якога ўваскрасіў Элісэй».
6 І спытаўся валадар жанчыну пра гэта, і яна расказала яму. І валадар даў ёй аднаго ўрадоўца і сказаў яму: «Вярні ёй усё, што яе, і ўсе прыбыткі з поля ад дня, у які пакінула яна зямлю, і аж да сёньняшняга дня».
7 І прыйшоў Элісэй у Дамаск, а ў той час хварэў Бэн-Гадад, валадар Сірыі. І паведамілі яму: «Прыйшоў сюды чалавек Божы».
8 І сказаў валадар Хазаэлю: «Вазьмі дары з сабою і ідзі насустрач чалавеку Божаму, і спытайся праз яго ГОСПАДА, ці паднімуся я з гэтае хваробы сваёй?»
9 І пайшоў Хазаэль на спатканьне Элісэя, маючы з сабой дары, і ўсе багацьці Дамаску, цяжарам на сорак вярблюдаў. І прыйшоў ён, і стаў перад ім, і сказаў: «Сын твой Бэн-Гадад, валадар Сірыі, паслаў мяне да цябе спытаць: “Ці я паднімуся з гэтае хваробы сваёй?”»
10 Элісэй сказаў: «Ідзі і скажы яму: “Паздаравееш”. Але ГОСПАД аб’явіў мне, што ён памрэ».
11 І наставіў Элісэй вочы свае на яго, і доўга ўглядаўся, аж той засмуціўся. І пачаў плакаць чалавек Божы.
12 І Хазаэль спытаўся ў яго: «Чаго плача гаспадар мой?» А ён адказаў яму: «Бо я ведаю, якое няшчасьце ты зробіш сынам Ізраіля: мураваныя гарады іхнія спаліш агнём, ваяроў іхніх выб’еш мячом, дзяцей пазабіваеш і цяжарных жанчынаў пасячэш».
13 А Хазаель сказаў: «Хто такі слуга твой, гэты сабака, каб рабіў такія вялікія рэчы?» І сказаў Элісэй: «ГОСПАД аб’явіў мне, што ты будзеш валадаром Сірыі».
14 І пайшоў ён ад Элісэя, і прыйшоў да гаспадара свайго. А той спытаўся ў яго: «Што сказаў табе Элісэй?» І ён адказаў: «Ён сказаў мне, што ачуняеш».
15 І прыйшоў Хазаэль на другі дзень, і ўзяў посьцілку, намачыў у вадзе і палажыў на твар ягоны, і той памёр. І Хазаель стаў валадаром замест яго.
16 У пяты год Ярама, сына Ахава, валадара Ізраіля, Егарам, сын Язафата, стаў валадаром Юды.
17 Меў ён трыццаць два гады, калі пачаў валадарыць, і восем гадоў валадарыў у Ерусаліме.
18 І хадзіў ён шляхам валадароў Ізраіля, як рабіў дом Ахава, бо дачка Ахава была жонкай ягонай, і рабіў ён тое, што ліхім было ў вачах ГОСПАДА.
19 Але ГОСПАД не хацеў зьнішчыць Юды дзеля слугі Свайго, Давіда, бо Ён абяцаў яму даць сьветач яму і сынам ягоным на ўсе часы.
20 За яго часам Эдом паўстаў, каб ня быць пад Юдай, і паставіў сабе валадара.
21 І пайшоў Егарам у Цаір, і ўсе калясьніцы ягоныя з ім. І ўстаў ён ноччу, і ўдарыў на Эдомцаў, якія акружылі яго і начальнікаў калясьніцаў, і ўцёк народ у намёты свае.
22 І Эдом узбунтаваўся, каб ня быць пад Юдай, па сёньняшні дзень. У той час адыйшла таксама Лібна.
23 А астатнія дзеяньні Егарама, і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды,
24 І заснуў Егарам з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з імі ў горадзе Давіда. Пасьля яго валадарыў Ахазія, сын ягоны.
25 У дванаццатым годзе Ярама, сына Ахава, валадара Ізраіля, пачаў валадарыць Ахазія, сын Егарама.
26 Ахазія меў дваццаць два гады, калі стаў валадаром, і адзін год валадарыў у Ерусаліме. Маці ягоная называлася Аталія, дачка Омры, валадара Ізраіля.
27 І ён хадзіў шляхамі дому Ахава, і рабіў тое, што ліхім было у вачах ГОСПАДА, як дом Ахава, бо быў ён сваяком роду Ахава.
28 І пайшоў ён разам з Ярамам, сынам Ахава, ваяваць супраць Хазаэля, валадара Сірыі, у Рамот у Гілеадзе, і Сірыйцы паранілі Ярама.
29 І ён вярнуўся ў Ізраіль, каб лячыцца ад ранаў, якімі паранілі яго Сірыйцы ў Рамоце, калі ён ваяваў супраць Хазаэля, валадара Сірыі. А Ахазія, сын Егарама, валадар Юды, пайшоў адведаць Ярама, сына Ахава, у Езрээль, бо той хварэў.

Другая кніга Валадароў, 8 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.