Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Валадароў | 5 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Нааман, начальнік войска валадара Сірыі, быў вялікі чалавек у гаспадара свайго і быў вельмі паважаны, бо праз яго ГОСПАД даў перамогу Сірыі. І быў ён ваяр мужны, але быў ён пракажоны.
2 Аднойчы ў час нападу войска Сірыйцаў узялі ў палон з зямлі Ізраіля малую дзяўчынку, і яна паслугавала жонцы Наамана.
3 І сказала яна гаспадыні сваёй: «О, каб гаспадар мой пайшоў да прарока, які ёсьць у Самарыі! Ён вылечыў бы яго ад праказы, якою хварэе!»
4 І Нааман пайшоў да гаспадара свайго і расказаў яму, кажучы: «Вось так і так сказала дзяўчынка з зямлі Ізраіля».
5 І валадар Сірыі сказаў яму: «Ідзі, а я пашлю ліст да валадара Ізраіля». І ён пайшоў, і ўзяў з сабой дзесяць талентаў срэбра, і шэсьць тысячаў сыкляў золата, і дзесяць зьменаў адзеньня.
6 І прынёс ён валадару Ізраіля ліст такога зьместу: «Калі атрымаеш ліст гэты, ведай, што я пасылаю да цябе слугу майго, Наамана, каб ты вылечыў яго ад праказы ягонай».
7 Калі валадар Ізраіля прачытаў гэты ліст, ён разьдзёр шаты свае і сказаў: «Ці ж я — Бог, каб мог забіваць ці вяртаць жыцьцё, што ён прысылае да мяне, каб я вылячыў чалавека ад праказы ягонай? Падумайце і паглядзіце, ці ён не зачэпкі шукае супраць мяне?»
8 І даведаўся Элісэй, чалавек Божы, што валадар Ізраіля разьдзёр шаты свае, і паслаў яму паведаміць: «Навошта разьдзёр ты шаты свае? Няхай прыходзіць ён да мяне, і няхай даведаецца, што ёсьць прарок у Ізраілі».
9 І прыйшоў Нааман з коньмі і калясьніцаю, і затрымаўся каля дзьвярэй дому Элісэя.
10 А Элісэй паслаў да яго пасланца сказаць: «Ідзі і памыйся сем разоў у Ярдане, і цела тваё станецца здаровым, і будзеш ты ачышчаны ад праказы».
11 І ўзлаваўся Нааман, і адыйшоў, кажучы: «Я думаў, што ён выйдзе да мяне, і стане, і будзе клікаць імя ГОСПАДА, Бога свайго, і што дакранецца рукой сваёй месца праказы, і аздаровіць мяне.
12 Ці ня лепшыя Абана і Фарпар, рэкі Дамаску, за ўсе рэкі Ізраіля? Ці ж ня мог я памыцца ў іх і быць аздароўленым?» І, узлаваны, павярнуўся і пайшоў.
13 І прыступіліся да яго слугі ягоныя, і казалі яму: «Бацька мой, калі б незвычайныя рэчы сказаў табе прарок, ты, напэўна, зрабіў бы; тым больш, калі ён сказаў табе: “Памыйся і будзеш ачышчаны”».
14 І адыйшоў Нааман, і сем разоў занурыўся ў Ярдане паводле слова чалавека Божага. І аднавілася цела ягонае, як цела малога дзіцяці, і быў ён ачышчаны.
15 І вярнуўся ён да чалавека Божага з усёй дружынай сваёй, і стаў перад ім, і сказаў: «Вось, пераканаўся я, што на ўсёй зямлі няма Бога, толькі ў Ізраілі! І цяпер, прашу, прымі дар удзячнасьці ад слугі твайго».
16 І адказаў Элісэй: «На жыцьцё ГОСПАДА, перад Якім стаю, не вазьму». А той моцна прасіў яго ўзяць, але ён не згадзіўся.
17 І сказаў Нааман: «Калі не, то няхай слузе твайму дадуць зямлі, колькі пара мулаў зьнесьці зможа, бо слуга твой ўжо ня будзе складаць ахвяры цэласпаленьня, і ахвяры крывавыя іншым багам, але толькі ГОСПАДУ!
18 Адно толькі няхай прабачыць ГОСПАД слузе твайму: калі гаспадар мой уваходзіць у сьвятыню Рымона, каб пакланіцца там, абапіраецца ён на плячо маё, і тады я мушу пакланіцца ў сьвятыні Рымона. Калі я буду пакланяцца ў тым мейсцы, няхай даруе ГОСПАД слузе твайму гэта».
19 Элісэй сказаў яму: «Ідзі ў супакоі». І ён ад’ехаў ад яго кавалак дарогі.
20 А Гехазі, слуга чалавека Божага, сказаў сабе: «Гаспадар мой пашкадаваў Наамана Сірыйца, бо не прыняў ад яго таго, што ён прынёс. На жыцьцё ГОСПАДА, пабягу за ім і нешта атрымаю ад яго».
21 І пабег Гехазі за Нааманам. І ўбачыў Нааман, што нехта бяжыць за ім, і зыйшоў з воза на спатканьне яго, і сказаў: «Ці ўсё добра?»
22 Ён адказаў: «Добра. Гаспадар мой паслаў мяне сказаць: “Толькі што прыйшлі да мяне два юнакі з гары Эфраіма з сыноў прарокаў. Дай ім талент срэбра і два адзеньні на замену”».
23 І сказаў яму Нааман: «Лепш вазьмі два таленты». І ўпрошваў яго, і завязаў два таленты срэбра, і два адзеньні на замену, і даў слугам сваім, і яны панесьлі іх перад ім.
24 І прыйшоў ён на ўзгорак, і забраў рэчы гэтыя з рук іхніх, і палажыў у доме, а людзей тых адпусьціў, і яны пайшлі.
25 І ён пайшоў, і зьявіўся перад гаспадаром сваім. І спытаўся яго Элісэй: «Адкуль ты прыйшоў, Гехазі?» Ён адказаў: «Слуга твой не хадзіў нікуды».
26 А ён сказаў яму: «Ці ж сэрца маё не хадзіла з табою, калі на спатканьне табе зыйшоў чалавек той з калясьніцы сваёй? Ці цяпер час браць срэбра і адзеньне, або аліўкавыя дрэвы, вінаграднікі, статак і жывёлу, нявольнікаў і нявольніцаў?
27 Няхай праказа Наамана прыстане да цябе і да насеньня твайго назаўсёды». І выйшаў Гехазі ад яго белы, як сьнег, ад праказы.

Другая кніга Валадароў, 5 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.