Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Валадароў | 3 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Ярам, сын Ахава, узяў уладу над Ізраілем у Самарыі ў васямнаццатым годзе Язафата, валадара Юды, і валадарыў дванаццать гадоў.
2 І дапускаўся ён усякага ліха перад ГОСПАДАМ, але ня так, як бацька ягоны і маці. Ён прыняў слуп Баала, які зрабіў бацька ягоны.
3 Трываў ён, аднак, у грахах Ерабаама, сына Навата, які навучыў грашыць Ізраіля, і не адступіў ад іх.
4 Мэша, валадар Мааву, гадаваў шмат быдла і даваў валадару Ізраіля сто тысячаў авечак і воўну са ста тысячаў бараноў.
5 Але пасьля сьмерці Ахава валадар Мааву збунтаваўся супраць валадара Ізраіля.
6 І валадар Ярам выйшаў з Самарыі і зрабіў агляд усяго Ізраіля.
7 І ў дарозе ён паслаў Язафату, валадару Юды, пасланцоў, паведамляючы: «Валадар Мааву збунтаваўся супраць мяне. Ці хочаш пайсьці са мной ваяваць супраць Мааву?» Той адказаў: «Пайду. Як ты, так і я, як народ твой, так і народ мой, як коні твае, так і коні мае».
8 І запытаўся: «Якім шляхам мы пойдзем?» А ён адказаў: «Праз пустыню Эдом».
9 І вырушылі валадар Ізраіля, валадар Юды і валадар Эдому. І ішлі яны сем дзён, і не было вады для войска і жывёлы, якая ішла з імі.
10 І сказаў валадар Ізраіля: «Бяда! Сабраў ГОСПАД трох валадароў, каб выдаць іх у рукі Мааву».
11 І спытаўся Язафат: «Ці няма тут прарока ГОСПАДАВАГА, каб праз яго спытаць ГОСПАДА?» І сказаў адзін са слугаў валадара Ізраіля: «Ёсьць тут Элісэй, сын Шафата, які паліваў вадой рукі Ільлі».
12 І сказаў Язафат: «Ён мае слова ГОСПАДА». І пайшлі да яго валадар Ізраіля, і Язафат, і валадар Эдому.
13 І сказаў Элісэй валадару Ізраіля: «Што табе да мяне? Ідзі да прарокаў бацькі твайго і да прарокаў маці тваёй». Але сказаў яму валадар Ізраіля: «Ці не сабраў ГОСПАД трох валадароў гэтых, каб аддаць іх у рукі Мааву?»
14 І сказаў Элісэй: «На жыцьцё ГОСПАДА Магуцьцяў, перад абліччам Якога я стаю, калі б я не паважаў Язафата, валадара Юды, не зьвярнуў бы ўвагі на цябе і ня глянуў бы.
15 Цяпер жа прывядзіце да мяне гусьляра». І калі той зайграў, лягла на Элісэя рука ГОСПАДА,
16 і ён сказаў: «Гэта кажа ГОСПАД: “Выкапайце ў гэтай лагчыне равы побач равоў”.
17 Гэта вось кажа ГОСПАД: “Ня ўбачыце ветру, ані дажджу, а лагчына гэтая запоўніцца вадою. І будзеце піць вы, і статак ваш, і жывёла вашая”.
18 І гэтага яшчэ мала ў вачах ГОСПАДА. Ён выдасьць таксама Мааў у рукі вашыя.
19 Вы зруйнуеце ўсе гарады ўмацаваныя і ўсе гарады багатыя, вы сьсячыцё ўсе дрэвы добрыя, засыпеце ўсе крыніцы водаў, усе палі абрабляныя добрыя зьнішчыце, накідаўшы камянёў».
20 І сталася раніцаю, калі звычайна складаецца ахвяра, вось, вада пацякла дарогаю Эдомскай і напоўнілася зямля вадою.
21 А ўсе Мааўляне, даведаўшыся, што надыходзяць валадары, каб ваяваць супраць іх, склікалі ўсіх, здольных насіць зброю, і сталі на мяжы.
22 Вельмі рана ўстаўшы, на ўзыходзе сонца, убачылі Мааўляне здалёку ваду чырвоную, як кроў.
23 І закрычалі яны: «Гэта кроў! Напэўна, валадары рэжуцца паміж сабой, і пазабівалі адзін аднаго. Хадзем па здабычу, Мааўляне!»
24 Калі падыйшлі яны пад табар Ізраіля, падняліся Ізраільцяне і ўдарылі на Мааўлянаў так, што тыя кінуліся перад імі ўцякаць, а яны ішлі наперад і забівалі Мааўлянаў.
25 І зруйнавалі гарады, і закідалі палі добрыя камянямі, і засыпалі ўсе крыніцы водаў, і зрэзалі ўсе дрэвы добрыя. Урэшце, засталіся толькі муры Кір-Харэшэту, і абкружылі яго каменекіды і закідвалі камянямі.
26 Калі валадар Мааву ўбачыў, што перамагаюць ворагі ягоныя, ён узяў з сабой сямсот чалавек, якія валодалі мячом, каб прабіцца да валадара Эдому, але ня змог.
27 І ўзяў ён сына свайго першароднага, які пасьля яго меў валадарыць, і склаў яго ў ахвяру цэласпаленьня на мурах. І паўстала вялікае абурэньне ў Ізраільцянаў, і яны адыйшлі ад яго, і вярнуліся ў зямлю сваю.

Другая кніга Валадароў, 3 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.