Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Валадароў | 25 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 У дзявятым годзе валадараньня ягонага, у дзясятым месяцы, у дзясяты дзень месяца прыйшоў Нэвухаднэцар, валадар Бабілонскі, з усім войскам сваім да Ерусаліму, і аблажыў яго, і збудаваў вакол яго валы.
2 І горад быў у аблозе аж да адзінаццатага году валадара Сэдэкіі.
3 У дзявяты дзень месяца пачаўся голад у горадзе, і не было ўжо хлеба для народу зямлі.
4 І быў зроблены вылам у муры гораду, і ноччу ўсе ваяры ўцяклі з гораду між мурамі, што каля саду валадарскага, а Халдэйцы былі вакол гораду. І выйшлі яны дарогай у кірунку Арабы.
5 І войска Халдэйцаў кінулася ў пагоню за валадаром, і дагналі яго на раўніне каля Ерыхону, і ўсё войска ягонае рассыпалася і пакінула яго.
6 І схапілі валадара, і прывялі да валадара Бабілонскага ў Рыўлю, і выдадзены быў на яго прысуд.
7 І сыноў Сэдэкіі забілі на вачах ягоных, а яму вырвалі вочы, і закулі яго ў мядзяныя кайданы, і адвялі ў Бабілон.
8 У пятым месяцы, у сёмы дзень месяца, а гэта быў дзевятнаццаты год Нэвухаднэцара, валадара Бабілонскага, увайшоў у Ерусалім Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, слуга валадара Бабілонскага.
9 І спаліў ён Дом ГОСПАДА, і палац валадара, і ўсе дамы ў Ерусаліме, і кожны вялікі дом спаліў агнём.
10 І войска Халдэйскае, якое было разам з начальнікам целаахоўнікаў, збурыла ўвесь мур вакол Ерусаліму.
11 А рэшту народу, якая засталася ў горадзе, і ўцекачоў, якія перайшлі да валадара Бабілонскага, а таксама людзей простых Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, перасяліў у няволю.
12 Толькі некаторых бедных людзей зямлі начальнік целаахоўнікаў пакінуў як вінаградараў і земляробаў.
13 І паламалі Хэлдэйцы мядзяныя слупы ў Доме ГОСПАДА, і падставы, і мора мядзянае, і забралі медзь іхнюю ў Бабілон.
14 І забралі катлы, лапаткі, нажніцы, лыжкі і ўвесь посуд мядзяны, якім карысталіся пры служэньні.
15 Начальнік целаахоўнікаў забраў таксама кадзільніцы і келіхі, якія былі з золата і срэбра.
16 А медзі з двух слупоў і аднаго мора, і падставаў, якія Салямон зрабіў для Дому ГОСПАДА, нельга было зважыць.
17 Васямнаццаць локцяў меў у вышыню адзін слуп, і галавіца ягоная была з медзі, а вышыня галавіцы была пяць локцяў. Вакол галавіцы было сеціва з яблыкамі гранату, усё з медзі. І другі слуп меў таксама сеціва.
18 Начальнік целаахоўнікаў узяў таксама Сэраю, першасьвятара, і намесьніка ягонага Сафонію, а таксама трох прыдзьвернікаў.
19 А з горада ўзяў ён аднаго эўнуха, які быў начальнікам войска, і пяць чалавек з атачэньня валадара, якіх знайшлі ў горадзе, галоўнага пісара войска, які запісваў у войска народ зямлі, а таксама шэсьцьдзесят людзей простых, што былі ў горадзе.
20 І ўзяў іх Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, і завёў да валадара Бабілонскага ў Рыўлю.
21 І валадар Бабілонскі загадаў забіць іх, і замардаваў іх у Рыўлі, у зямлі Хамат. І быў Юда выселены з зямлі сваёй.
22 А над народам, што застаўся ў зямлі Юды, які пакінуў Нэвухаднэцар, валадар Бабілонскі, паставіў начальнікам Гедалію, сына Ахікама, сына Шафана.
23 І ўсе начальнікі войска і людзі іхнія, даведаўшыся, што валадар Бабілонскі прызначыў Гедалію начальнікам, прыйшлі да Гедаліі ў Міцпу. І прыйшлі Ізмаэль, сын Нэтаніі, Ёханан, сын Карэаха, Сэрая, сын Танхумэта з Нэтофы, і Язанія, сын Маахата, яны і людзі іхнія.
24 І пакляўся Гедалія ім і людзям іхнім, і сказаў ім: «Ня бойцеся служыць Халдэйцам, жывіце на зямлі і служыце валадару Бабілонскаму, і добра будзе вам”».
25 Але ў сёмы месяц прыйшоў Ізмаэль, сын Нэтаніі, сына Элішамы, з роду валадарскага, і дзесяць чалавек з ім, і забілі яны Гедалію, а таксама Юдэяў і Халдэйцаў, якія былі з ім у Міцпе.
26 І ўстаў увесь народ, ад малога да вялікага, і начальнік войска, і пайшлі ў Эгіпет, бо баяліся Халдэйцаў.
27 І сталася ў трыццаць сёмым годзе пасьля высяленьня ў няволю Егаяхіна, валадара Юды, у дванаццаты месяц, у дваццаць сёмы дзень месяца, Эвіль-Мэрадах, валадар Бабілонскі, у год, у які пачаў валадарыць, вызваліў Егаяхіна, валадара Юды, з вязьніцы.
28 І ён гаварыў з ім ласкава, і падняў пасад ягоны па-над пасадамі валадароў, якія былі з ім у Бабілоне.
29 І зьняў Егаяхін шаты вязьнічныя, і еў заўсёды перад валадаром у-ва ўсе дні жыцьця свайго.
30 І той забясьпечваў яго заўсёды ўтрыманьнем валадарскім, дзень у дзень, у-ва ўсе дні жыцьця ягонага.

Другая кніга Валадароў, 25 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.