Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Валадароў | 21 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Манаса меў дванаццаць гадоў, калі стаў валадаром, і пяцьдзясят пяць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. Маці ягоная называлася Хефцыба.
2 І дапускаўся ён ліхоты ў вачах ГОСПАДА па звычаю народаў, якія зьнішчыў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля.
3 І адбудаваў ён узгоркі, якія быў зьнішчыў Эзэкія, бацька ягоны, і пабудаваў ахвярнікі Баалу, і зрабіў Астарту, як рабіў Ахаў, валадар Ізраіля, і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму, і служыў яму.
4 І пабудаваў ён ахвярнікі ў Доме ГОСПАДА, пра які сказаў ГОСПАД: «У Ерусаліме Я зьмяшчу імя Маё».
5 І пабудаваў ён ахвярнікі ўсяму войску нябеснаму на абодвух панадворках Дому ГОСПАДА.
6 І правёў ён сына свайго праз агонь, і займаўся варажбой і чарамі, паставіў тых, што выклікаюць духаў памёршых, і вешчуноў, і шмат рабіў ён зла ў вачах ГОСПАДА, каб гнявіць Яго.
7 І паставіў ён ідала Астарты, якога зрабіў, у Сьвятыні, пра якую ГОСПАД сказаў Давіду і Салямону, сыну ягонаму: «У гэтай Сьвятыні і ў Ерусаліме, які Я выбраў з усіх пакаленьняў Ізраіля, Я зьмяшчу імя Маё навечна.
8 І ўжо больш ня будзе нага Ізраіля блукаць далёка ад зямлі, якую Я даў бацькам іхнім, калі толькі будуць яны выконваць усё тое, што Я загадаў ім, і ўвесь Закон, які даў ім Майсей, слуга Мой».
9 Але яны не паслухалі Яго, і, зьведзеныя Манасам, дапускаліся ліхоты горш, чым народы, якія вынішчыў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля.
10 І прамаўляў ГОСПАД праз слугаў Сваіх, прарокаў, кажучы:
11 «За тое, што Манаса, валадар Юды, дапускаўся такіх брыдотаў, горшых чым тыя, якіх дапускаліся Амарэйцы перад ім, і ўцягнуў у грэх Юду ідаламі сваімі,
12 вось што кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я навяду няшчасьці на Ерусалім і Юду, што ў кожнага, хто пачуе, зазьвініць у абодвух вушах ягоных.
13 І працягну Я над Ерусалімам мерку Самарыі і грунтвагу дому Ахава, і вытру Ерусалім, як выціраецца міска, вытру і перавярну дагары дном.
14 Я адкіну рэшту спадчыны Маёй, і аддам яе ў рукі ворагаў іхніх, і станецца яна рабункам і здабычай усіх ворагаў іхніх.
15 Бо яны рабілі ліхое перад вачыма Маімі і гнявілі Мяне з таго дня, як выйшлі бацькі іхнія з Эгіпту, аж па гэты дзень”».
16 Таксама Манаса праліваў вельмі шмат нявіннай крыві, аж напоўніў ёй Ерусалім ад краю да краю, ня лічачы грахоў, у якія ўцягнуў Юду, дапускаючы таго, што ліхое ў вачах ГОСПАДА.
17 А рэшта дзеяньняў Манасы, і ўсё, што ён зрабіў, і грахі, якіх дапускаўся, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
18 І супачыў Манаса з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў садзе дому свайго, у садзе Узіі. Пасьля яго стаў валадаром Амон, сын ягоны.
19 Амон меў дваццаць два гады, калі стаў валадаром, і валадарыў ён у Ерусаліме два гады. Маці ягоная называлася Мешулемэт, дачка Харуца з Ётбы.
20 І дапускаўся ён ліхоты ў вачах ГОСПАДА, як Манаса, бацька ягоны,
21 і хадзіў усімі шляхамі, якімі хадзіў бацька ягоны, і служыў ідалам, якім служыў бацька ягоны, і пакланяўся ім.
22 І пакінуў ён ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, і не хадзіў шляхам ГОСПАДА.
23 І змовіліся супраць яго слугі ягоныя, і забілі валадара ў доме ягоным.
24 Але народ зямлі забіў усіх, якія былі змовіўшыся супраць валадара Амона, і выбралі сабе на валадара замест яго Ёсію, сына ягонага.
25 А іншыя дзеяньні Амона і ўсё, што ён рабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
26 І пахавалі яго ў садзе Узіі ў магіле ягонай. Пасьля яго стаў валадарыць Ёсія, сын ягоны.

Другая кніга Валадароў, 21 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.