Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Валадароў | 20 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 У тыя дні Эзэкія захварэў сьмяротна. І прыйшоў да яго прарок Ісая, сын Амоса, і сказаў яму: «Гэта кажа ГОСПАД: “Упарадкуй дом свой, бо памрэш і ня будзеш жыць”».
2 І Эзэкія адвярнуўся тварам да сьцяны, і маліўся да ГОСПАДА, кажучы:
3 «ГОСПАДЗЕ! Узгадай, што я хадзіў перад абліччам Тваім верна і са шчырым сэрцам, і рабіў тое, што мілае Табе». І заплакаў Эзэкія ўголас.
4 І не перайшоў Ісая яшчэ і паловы гораду, як было да яго слова ГОСПАДА, кажучы:
5 «Вярніся і скажы Эзэкіі, валадару народу Майго: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Давіда, бацькі твайго. Я пачуў малітву тваю і ўбачыў сьлёзы твае, і вось, Я аздараўлю цябе, і на трэйці дзень ты пойдзеш у Дом ГОСПАДА.
6 І Я дадам да дзён тваіх пятнаццаць гадоў, і вызвалю з рукі валадара Асірыі цябе і горад гэты, і вазьму пад апеку горад гэты дзеля Сябе і дзеля Давіда, слугі Майго”».
7 І сказаў Ісая: «Вазьміце аладку з фігаў». І ўзялі яе, і паклалі на скулу, і Эзэкія ачуняў.
8 І сказаў Эзэкія Ісаі: «Які знак будзе, што ГОСПАД аздаровіць мяне, і што на трэйці дзень я пайду ў Дом ГОСПАДА?»
9 Ісая сказаў яму: «Такі будзе табе знак ад ГОСПАДА, што ГОСПАД споўніць слова, якое Ён сказаў. Ці цень мае прайсьці наперад на дзесяць ступеняў, ці адступіцца на дзесяць ступеняў?»
10 Эзэкія сказаў: «Лёгка для ценю прайсьці наперад на дзесяць ступеняў. Не хачу гэтак, але няхай цень вернецца назад на дзесяць ступеняў!»
11 І клікаў прарок Ісая ГОСПАДА, і Ён перасунуў назад цень на ступенях гадзіньніка Ахаза на дзесяць ступеняў.
12 У той час Бэрадах-Баладан, сын Баладана, валадара Бабілону, паслаў лісты і падарункі Эзэкіі, бо даведаўся, што ён быў хворы і паздаравеў.
13 І цешыўся Эзэкія з прыходу іхняга, і паказаў ім увесь скарб свой, срэбра і золата, пахнідлы і дарагі алей, збройню сваю і ўсё, што знаходзілася ў скарбніцах ягоных. І не засталося ніводнай рэчы, якой бы Эзэкія не паказаў ім у палацы сваім і ў-ва ўсёй дзяржаве сваёй.
14 І прыйшоў да валадара Эзэкіі прарок Ісая, і сказаў яму: «Што казалі тыя людзі і адкуль прыйшлі яны да цябе?» Эзэкія сказаў яму: «З далёкай зямлі прыйшлі яны, з Бабілону».
15 І спытаўся Ісая: «Што бачылі яны ў доме тваім?» Эзэкія адказаў: «Усё, што ёсьць у доме маім, бачылі яны. Не было ніводнай рэчы, якой бы я не паказаў ім».
16 І сказаў Ісая Эзэкіі: «Паслухай слова ГОСПАДА.
17 Вось, прыйдуць дні, што ўсё, што ў палацы тваім і што сабралі бацькі твае аж да гэтага дня, забяруць у Бабілон, і не застанецца нічога, — кажа ГОСПАД.
18 Таксама дзяцей тваіх, якія выйдуць з цябе, якіх ты народзіш, забяруць, і стануць яны эўнухамі ў палацы валадара Бабілону».
19 І сказаў Эзэкія Ісаі: «Добрае слова ГОСПАДА, якое ты сказаў». І сказаў сабе: «Будзе мір і дабрабыт, прынамсі, у дні мае ».
20 А іншыя дзеяньні Эзэкіі, і мужнасьць ягоная, і як ён выкапаў студню і канал, і ўвёў ваду ў горад, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
21 І супачыў Эзэкія з бацькамі сваімі, а замест яго валадарыў Манаса, сын ягоны.

Другая кніга Валадароў, 20 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.