Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Валадароў | 2 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І сталася, што калі ГОСПАД хацеў узяць Ільлю ў неба віхорам, ішоў Ільля і Элісэй з Гільгалу.
2 І сказаў Ільля Элісэю: «Застанься тут, бо ГОСПАД паслаў мяне аж у Бэтэль». Але Элісэй адказаў яму: «На ГОСПАДА і на жыцьцё тваё, не пакіну цябе». І прыйшлі яны ў Бэтэль.
3 І выйшлі сыны прарокаў, якія былі ў Бэтэлі, да Элісэя і сказалі яму: «Ці ты ведаеш, што сёньня забярэ ГОСПАД гаспадара твайго па-над галавою тваёй?» Ён адказаў: «Я таксама ведаю, маўчыце».
4 І сказаў яму Ільля: «Элісэй, застанься тут, бо ГОСПАД паслаў мяне ў Ерыхон». Але ён адказаў: «На ГОСПАДаА і на жыцьцё тваё, я не пакіну цябе». І прыйшлі яны ў Ерыхон.
5 І падыйшлі сыны прарокаў, якія былі ў Ерыхоне, да Элісэя і сказалі яму: «Ці ты ведаеш, што сёньня забярэ ГОСПАД гаспадара твайго па-над галавой тваёй?» Ён сказаў: «Я таксама ведаю, а вы маўчыце!»
6 І сказаў яму Ільля: «Застанься тут, бо ГОСПАД паслаў мяне да Ярдану». Элісэй сказаў: «На ГОСПАДА і на жыцьцё тваё, не пакіну цябе». І пайшлі яны абодва разам.
7 І пяцьдзясят чалавек з сыноў прарокаў пайшлі, і сталі насупраць здалёку, а яны абодва стаялі каля Ярдану.
8 І Ільля зьняў плашч свой, і скруціў, і ўдарыў ім па вадзе. І разьдзялілася вада ў адзін і ў другі бок, і перайшлі абодва па сухому.
9 Калі перайшлі, Ільля сказаў Элісэю: «Прасі, чаго хочаш, каб я зрабіў табе, пакуль ня буду забраны ад цябе». А Элісэй сказаў: «Прашу, няхай падвойна дух твой пяройдзе на мяне!»
10 Ільля сказаў: «Цяжкога ты просіш. Калі, аднак, убачыш мяне, як буду ўзяты ад цябе, будзе табе тое, пра што просіш; а калі ня ўбачыш, ня будзе».
11 І калі яны ішлі і размаўлялі, раптам зьявілася калясьніца агністая і коні агністыя, і разьдзялілі абодвух, і Ільля ў віхоры падняўся ў неба.
12 А Элісэй глядзеў і крычаў: «Ойча мой! Ойча мой! Калясьніца Ізраіля і коньнікі ягоныя». І больш яго ўжо ня бачыў, і схапіўшы шаты свае, разьдзёр іх на дзьве часткі.
13 І падняў ён плашч Ільлі, які зваліўся з яго, і вярнуўся, і стаў на беразе Ярдану.
14 І плашчом Ільлі, які зваліўся з яго, ударыў па вадзе і сказаў: «Дзе ГОСПАД, Бог Ільлі?» І ўдарыў па вадзе, і яна разьдзялілася туды і сюды, і Элісэй перайшоў.
15 І ўбачылі яго сыны прарокаў, якія былі ў Ерыхоне насупраць, і сказалі: «Дух Ільлі супачыў на Элісэю». І прыйшлі на спатканьне яму, і пакланіліся яму, упаўшы тварам на зямлю,
16 і сказалі яму: «Вось, між слугаў тваіх знаходзіцца пяцьдзясят людзей мужных. Няхай яны пойдуць і пашукаюць гаспадара твайго, ці часам не падняў яго Дух ГОСПАДА і не спусьціў на адной з гор, або ў якой лагчыне». Ён жа сказаў: «Не пасылайце!»
17 Але яны налягалі на яго і надакучалі так, што Элісэй сказаў: «Пасылайце». І паслалі яны пяцьдзясят чалавек, і яны шукалі Ільлю тры дні, і не знайшлі,
18 і так вярнуліся да яго, калі ён быў у Ерыхоне, і ён сказаў ім: «Ці ж не казаў я вам: “Не ідзіце!”»
19 І сказалі жыхары гораду Элісэю: «Вось, разьмяшчэньне гораду гэтага добрае, як ты, гаспадару, бачыш, але вада нездаровая і зямля не дае пладоў».
20 Ён сказаў: «Прынясіце мне новую місу і укіньце ў яе солі». І яны прынесьлі яму,
21 і ён пайшоў да крыніцы вады, укінуў у яе соль і сказаў: «Гэта кажа ГОСПАД: “Я аздаравіў воду гэтую, і ня будзе ў ёй больш ані сьмерці, ані бясплоднасьці”».
22 І аздароўлена была вада па сёньняшні дзень паводле слова Элісэя, якое ён сказаў.
23 Адтуль пайшоў ён у Бэтэль. Калі ж ішоў ён дарогаю, малыя хлопцы выбеглі з гораду і сьмяяліся з яго пагардліва, кажучы: «Ідзі, лысы! Ідзі, лысы!»
24 Ён аглянуўся, убачыў іх і пракляў іх у імя ГОСПАДА. І выйшлі дзьве мядзьведзіцы з лесу, і разарвалі сорак двух хлопцаў з іх.
25 Адтуль пайшоў ён на гару Кармэль, а адтуль вярнуўся ў Самарыю.

Другая кніга Валадароў, 2 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.