Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Валадароў | 18 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 У трэйцім годзе Осіі, сына Элы, валадара Ізраіля, Эзэкія, сын Ахаза, стаў валадаром Юды.
2 Меў ён дваццаць пяць гадоў, калі стаў валадаром, і валадарыў дваццаць дзевяць гадоў у Ерусаліме. Маці ягоная называлася Абія, дачка Захарыі.
3 І рабіў ён усё, што добрым было ў вачах ГОСПАДА, паводле ўсяго, што рабіў Давід, бацька ягоны.
4 Ён зьнішчыў узгоркі, пабіў слупы і Астартаў, паламаў мядзянага зьмея, якога зрабіў Майсей, бо аж да гэтага часу сыны Ізраіля складалі яму ахвяры каджэньня і называлі яго Нэхуштан.
5 І паклаў ён надзею ў ГОСПАДЗЕ, Богу Ізраіля, і падобнага да яго не было між усіх валадароў Юды, як пасьля яго, так і перад ім.
6 І моцна трымаўся ён ГОСПАДА, і не адступаўся ад Яго, і выконваў прыказаньні Ягоныя, якія загадаў ГОСПАД Майсею.
7 І ГОСПАД быў з ім, і ў-ва ўсім, што ён рабіў, меў посьпех. І збунтаваўся ён супраць валадара Асірыі, і не служыў яму.
8 Ён пабіў Філістынцаў аж да Газы і яе ваколіцаў, ад вартавой вежы аж да ўмацаванага гораду.
9 У чацьвёртым годзе валадара Эзэкіі, які быў сёмым годам Осіі, сына Элы, валадара Ізраіля, вырушыў Сальманэсэр, валадар Асірыі, супраць Самарыі і аблажыў яе.
10 І здабыў ён яе праз тры гады. У шостым годзе Эзэкіі, які быў дзявятым годам Осіі, валадара Ізраіля, была здабыта Самарыя.
11 І валадар Асірыі перасяліў Ізраіля ў Асірыю, і пасяліў іх у Халаху, у Хаборы каля ракі Газан і ў гарадах Мэдаў,
12 бо ня слухалі яны голасу ГОСПАДА, Бога свайго, але парушалі запавет Ягоны, і ўсяго, што загадаў Майсей, слуга ГОСПАДА, ня слухалі і не выконвалі.
13 У чатырнаццатым годзе валадараньня Эзэкіі, напаў Санхэрыў, валадар Асірыі, на ўсе ўмацаваныя гарады Юды, і захапіў іх.
14 І паслаў Эзэкія, валадар Юды, пасланцоў да валадара Асірыі ў Ляхіш, кажучы: «Саграшыў я. Адыйдзі ад мяне. Што накладзеш на мяне, панясу». І валадар Асірыі наклаў на Эзэкію, валадара Юды, даніну ў трыста талентаў срэбра і трыццаць талентаў золата.
15 І аддаў Эзэкія ўсё срэбра, якое было знойдзена ў Доме ГОСПАДА і ў скарбніцах палацу валадарскага.
16 У той час Эзэкія зьняў золата з дзьвярэй Дому ГОСПАДА і са слупоў, якія пазалаціў Осія, валадар Юды, і аддаў яго валадару Асірыі.
17 Але валадар Асірыі паслаў з Ляхіша начальніка войска і галоўнага эўнуха, і Рабсака да валадара Эзэкіі ў Ерусалім з вялікім войскам. І яны пайшлі, і прыйшлі ў Ерусалім, і сталі каля каналу верхняе сажалкі, на дарозе Поля Валюшніка.
18 І паклікалі яны валадара, і выйшлі да іх Эліякім, сын Хількіі, загадчык дому, і Шэўна, пісар, і Ёах, сын Асафа, канцлер.
19 І сказаў да іх Рабсак: «Скажыце Эзэкіі: “Гэта кажа вялікі валадар, валадар Асірыі. Што гэта за надзея, на якую ты спадзяешся?
20 Ці ты думаеш, што словы заменяць раду і сілу да бою? На каго ты спадзяешся, што адважыўся супраць мяне бунтавацца?
21 Ці ты спадзяешся на Эгіпет, на гэты надламаны кій з трысьнёгу, які, калі хто абапрэцца на яго, ён уваходзіць у далонь і прабівае яе. Такі фараон, валадар Эгіпецкі, для ўсіх, хто на яго спадзяецца.
22 А можа скажаце мне: "На ГОСПАДА, Бога нашага, спадзяемся"? Дык ці ж Ён ня Той, Якога ўзгоркі і ахвярнікі панішчыў Эзэкія, загадваючы Юдзе і Ерусаліму: "Толькі перад ахвярнікам у Ерусаліме будзеце служыць ГОСПАДУ"?”
23 І цяпер пайдзі ў заклад з гаспадаром маім, валадаром Асірыі, і я дам табе дзьве тысячы коней, калі зможаш дастаць сабе вершнікаў для іх.
24 І якім чынам ты выганіш аднаго намесьніка, з найменшых слугаў гаспадара майго? Ці ты надзею маеш у Эгіпце дзеля калясьніцаў і коньнікаў?
25 Ці не бяз волі ГОСПАДА прыйшоў я ў гэтае месца, каб яго спустошыць? Бо ГОСПАД сказаў мне: “Ідзі ў зямлю гэтую і спустош яе”».
26 І сказалі Эліякім, сын Хількіі, і Шэўна, і Ёах Рабсаку: «Гавары да слугаў тваіх па-арамейску, бо мы разумеем мову гэтую, а не гавары да нас па-гебрайску, каб чуў народ, які на мурах».
27 І адказаў ім Рабсак: «Ці ж да гаспадара твайго і да цябе паслаў мяне гаспаар мой, каб казаў я гэтыя словы? Хіба не паслаў ён мяне да людзей, якія сядзяць на муры, і мусяць есьці гной свой і піць мачу сваю з вамі?»
28 І стаў Рабсак, і закрычаў моцным голасам па-гебрайску, кажучы: «Слухайце словы вялікага валадара, валадара Асірыі:
29 “Гэта кажа валадар. Няхай вас не падманвае Эзэкія, бо ня зможа ён выратаваць вас з рукі маёй!
30 І няхай не падманвае ён вас надзеяй на ГОСПАДА, кажучы: "Выратуе нас ГОСПАД і ня дасьць гораду гэтага ў рукі валадара Асірыі".
31 Ня слухайце Эзэкіі, бо гэта вось кажа валадар Асірыі: "Заключыце запавет са мною і выходзьце да мяне, і будзеце есьці з вінаградніку свайго і з дрэва фігавага свайго, і будзеце піць ваду з сажалак вашых,
32 пакуль я не прыйду і не перасялю вас у зямлю, падобную да зямлі вашай, у зямлю ўраджайную і багатую віном, зямлю хлебу і вінаграду, зямлю аліўкаў і зямлю мёду. І вы будзеце там жыць і ня будзеце паміраць". Дык ня слухайце Эзэкіі, які вас зводзіць, кажучы: "ГОСПАД вызваліць нас!"
33 Ці ратавалі богі народаў, кожны зямлю сваю, ад рукі валадара Асірыі?
34 Дзе богі Хамату і Арпаду? Дзе богі Сэфарваіму, Гэны і Іввы? Ці ж вызвалілі яны Самарыю з рукі маёй?
35 Хто з усіх багоў зямель гэтых уратаваў зямлю сваю ад рукі маёй? Дык няўжо ГОСПАД выбавіць з рукі маёй Ерусалім?”»
36 А народ маўчаў і не адказваў яму ані слова, бо такі быў загад валадара, каб не адказвалі яму.
37 І прыйшлі Эліякім, сын Хількіі, загадчык палацу, і Шэўна, пісар, і Ёах, сын Асафа, канцлер, да Эзэкіі ў разьдзёртых шатах і перадалі яму словы Рабсака.

Другая кніга Валадароў, 18 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.