Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Валадароў | 13 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 У дваццаць трэйцім годзе Ёаша, сына Ахазіі, валадара Юды, Егаахаз, сын Егу, стаўся валадаром Ізраіля ў Самарыі на сямнаццаць гадоў.
2 І дапускаўся ён зла перад ГОСПАДАМ, і хадзіў у грахах Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля, і не адварочваўся ад грэху.
3 І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА супраць Ізраіля, і аддаў іх ГОСПАД у рукі Хазаэля, валадара Сірыі, і ў рукі Бэн-Гадада, сына Хазаэля, на ўвесь той час.
4 І маліўся Егаахаз перад абліччам ГОСПАДА, і выслухаў яго ГОСПАД, бо Ён бачыў гора Ізраіля, як прыціснуў іх валадар Сірыі.
5 І даў ГОСПАД Ізраілю збаўцу, і быў ён вызвалены з рукі Сірыі. І жылі сыны Ізраіля ў намётах сваіх, як і даўней.
6 Аднак не адвярнуліся яны ад грахоў дому Ерабаама, які ўвёў у грэх Ізраіля, і трывалі ў ім, і нават Астарта стаяла ў Самарыі.
7 І пакінуў [ГОСПАД] Егаахазу з войска толькі пяцьдзясят коньнікаў, дзесяць калясьніцаў і дзесяць тысячаў пяхоты, бо выбіў іх валадар Сірыі, і зрабіў іх як пыл на дарозе.
8 А іншыя дзеяньні Егахааза і ўсё, што ён зрабіў, і мужнасьць ягоная запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
9 І заснуў Егаахаз пры бацьках сваіх, і пахавалі яго ў Самарыі. Пасьля яго стаў валадаром сын ягоны Егааш.
10 У трыццаць сёмым годзе Ёаша, валадара Юды, Егааш, сын Егаахаза, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на шаснаццаць гадоў.
11 і дапускаўся ён таго, што ліхім было ў вачах ГОСПАДА, і не адступіў ад грахоў дому Ерабаама, сына Навата, які ўводзіў у грэх Ізраіля, і трываў у іх.
12 А іншыя дзеяньні Егааша і ўсё, што ён зрабіў, і мужнасьць ягоная, калі ён ваяваў супраць Амазіі, валадара Юды, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
13 І заснуў Егааш пры бацьках сваіх, а Ерабаам сеў на пасадзе ягоным. І быў пахаваны Егааш у Самарыі з валадарамі Ізраіля.
14 А Элісэй захварэў немаччу, ад якой потым памёр. І прыйшоў да яго Егааш, валадар Ізраіля, і плакаў перад ім, і казаў: «Ойча мой, ойча мой! Калясьніца Ізраіля і коньнікі ягоныя!»
15 І сказаў яму Элісэй: «Вазьмі лук і стрэлы!» І ён прынёс яму лук і стрэлы.
16 І сказаў ён валадару Ізраіля: «Палажы руку сваю на лук!» І валадар палажыў руку сваю, а Элісэй палажыў рукі свае на рукі валадара
17 і сказаў: «Адчыні вакно на ўсход». І калі ён адкрыў, сказаў Элісэй: «Страляй!» І ён стрэліў, а Элісэй сказаў: «Страла перамогі ГОСПАДА і страла збаўленьня супраць Сірыі. Ты паб’еш Сірыю ў Афэку і зьнішчыш яе».
18 І сказаў: «Вазьмі стрэлы!» І калі ён узяў іх, сказаў яму: «Удар па зямлі!» І ён ударыў тры разы, і перастаў.
19 І чалавек Божы загневаўся на яго і сказаў: «Трэба было ўдарыць пяць або шэсьць разоў. Тады ты перамог бы Сірыю дашчэнту, цяпер жа пераможаш Сірыю толькі тры разы!»
20 І памёр Элісэй, і пахавалі яго. А дружыны Мааву нападалі на зямлю штогод.
21 І сталася, што калі пахавалі аднаго чалавека, убачылі дружыну [Мааву], і кінулі чалавека таго ў магілу Элісэя, і ўцяклі. Але калі чалавек той дакрануўся костак Элісэя, аджыў і стаў на ногі свае.
22 А Хазаэль, валадар Сірыі, непакоіў Ізраіля ў-ва ўсе дні Егаахаза.
23 І зьлітаваўся ГОСПАД над імі, і зьвярнуўся да іх дзеля запавету Свайго, які заключыў з Абрагамам, Ісаакам і Якубам, і не хацеў выгубіць іх, і не адкінуў іх ад аблічча Свайго.
24 І памёр Хазаэль, валадар Сірыі, а замест яго стаў валадарыць сын ягоны, Бэн-Гадад.
25 І Егааш, сын Егаахаза, забраў з рук Бэн-Гадада, сына Хазаэля, гарады, якія той быў забраў ад бацькі ягонага, Егаахаза, вайною. Тройчы пабіў яго Егааш і вярнуў гарады Ізраіля.

Другая кніга Валадароў, 13 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.