1 Калі Аталія, маці Ахазіі, даведалася, што сын ейны памёр, устала яна і выбіла ўсё насеньне валадарскае.
2 Але Егашэва, дачка валадара Егарама, сястра Ахазіі, узяла Ёаша, сына Ахазіі, і выкрала яго спасярод мардаваных сыноў валадара разам з карміцелькай ягонай, і схавала яго перад Аталіяй у пакоі спальным, і ня быў ён забіты.
3 І хаваўся ён з ёй шэсьць гадоў у Сьвятыні ГОСПАДА ў той час, калі Аталія валадарыла ў краіне.
4 А ў сёмы год Егаяда паслаў і ўзяў сотнікаў і целаахоўнікаў, і Карэтаў, і ўвёў іх да сябе ў Сьвятыню ГОСПАДА, і заключыў з імі запавет, і запрысягнуў іх у доме ГОСПАДА, і паказаў ім сына валадарскага.
5 І загадаў ім: «Гэта вось слова, які вы маеце выканаць. Адна трэйцяя частка вас, што прыходзіце ў суботу, будзе вартаваць пры палацы валадарскім.
6 Адна трэйцяя частка — пры браме Сур, а яшчэ адна трэйцяя — пры браме за целаахоўнікаў, і вартаваць Дом, каб не было пашкоджаньня.
7 І дзьве дружыны з вас, усе, што адыходзяць у суботу, будуць вартаваць пры Доме ГОСПАДА, пры валадару.
8 І атачыце яго, трымаючы зброю ў руцэ сваёй. І хто ўвойдзе да шыхтоў, няхай будзе забіты. І будзеце вы з валадаром, калі ён уваходзіць і выходзіць».
9 І зрабілі сотнікі ўсё, як ім загадаў сьвятар Егаяда. І ўзяў кожны людзей сваіх, якія прыходзілі ў суботу і адыходзілі ў суботу, і прыйшлі да сьвятара Егаяды.
10 І сьвятар раздаў сотнікам дзіды і шчыты валадара Давіда, якія былі ў Доме ГОСПАДА.
11 І стала варта, кожны са зброяй ў руцэ сваёй ад правага боку Дому аж да левага боку Дому, перад ахвярнікам у Сьвятыні вакол валадара.
12 І ён вывеў сына валадара, і ўсклаў на яго карону валадарскую і нараменьнік. І паставілі яны яго валадаром, і памазалі яго, і, пляскаючы ў далоні, крычалі: «Няхай жыве валадар!»
13 І пачула Аталія гоман народу, і выйшла да людзей у Сьвятыню ГОСПАДА.
14 І ўбачыла яна валадара, які стаяў на ўзвышэньні, паводле звычая, і князёў, і трубы каля валадара, і ўвесь народ зямлі, які цешыцца і трубіць у трубы. І разьдзёрла яна шаты свае, і крыкнула: «Змова, змова!»
15 А сьвятар Егаяда загадаў сотнікам і начальнікам войска, кажучы: «Выведзіце яе за агароджу Сьвятыні, а калі б хто пайшоў за ёй, няхай памрэ ад мяча». Бо сьвятар сказаў: «Не забівайце яе ў Сьвятыні ГОСПАДА».
16 І схапілі яе, і пацягнулі яе дарогай, па якой уяжджаюць коні ў палац, і там была яна забітая.
17 А Егаяда заключыў запавет паміж ГОСПАДАМ і валадаром і народам, каб быў ён народам ГОСПАДА, і паміж валадаром і народам.
18 І ўвесь народ зямлі ўвайшоў у дом Баала, і зруйнавалі яго, і ахвярнікі ягоныя і балванаў разьбілі ўшчэнт, а Маттана, сьвятара Баала, забілі перад ахвярнікамі. І сьвятар паставіў варту пры Доме ГОСПАДА.
19 І ўзяў ён сотнікаў, Карэтаў і целаахоўнікаў, і ўвесь народ зямлі, і вывелі яны валадара з Дому ГОСПАДА, і павялі праз браму целаахоўнікаў у палац, і там сеў ён на пасадзе валадарскім.
20 І радаваўся ўвесь народ зямлі, і горад напоўніўся супакоем. А Аталію забілі мячом у доме валадарскім.
Другая кніга Валадароў, 11 глава