Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Валадароў | 10 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 А ў Самарыі было семдзясят сыноў Ахава. І Егу напісаў ліст, і выслаў яго ў Самарыю да магнатаў гораду, і да старшыняў, і да апекуноў дзяцей Ахава, кажучы:
2 «Адразу, як атрымаеце ліст гэты, як вы маеце дзяцей гаспадара вашага, калясьніцы, коней, горад умацаваны і зброю,
3 дык выбярыце найлепшага і найсправядлівейшага з сыноў гаспадара вашага і пасадзіце яго на пасад бацькі ягонага, і ваюйце за дом гаспадара вашага».
4 Але яны спалохаліся вельмі і сказалі: «Нават два валадары не змаглі ўстаяць перад ім, а як жа мы зможам супрацівіцца яму?»
5 І загадчык дому, і начальнікі гораду, і старшыні, і апекуны сказалі Егу: «Мы — слугі твае, і ўсё, што ты загадаеш, зробім, і ня будзем выбіраць валадара. Дык што табе падабаецца, рабі».
6 І Егу напісаў ім другі ліст, кажучы: «Калі вы са мною і слухаеце мяне, то вазьміце галовы сыноў гаспадара вашага і прыйдзіце да мяне заўтра ў той самы час у Езрээль». А сыны валадара, семдзясят чалавек, былі на выхаваньні ў магнатаў гораду.
7 І калі ліст гэты прыйшоў да іх, яны ўзялі сыноў валадара, семдзясят чалавек, і забілі. І галовы іхнія склалі ў кошыкі, і паслалі ў Езрээль.
8 І прыйшоў весьнік, і паведаміў яму, кажучы: «Прынесьлі галовы сыноў валадарскіх». Ён адказаў: «Укладзіце іх у дзьве купы каля ўваходу ў браму аж да раніцы».
9 І калі разьвіднела, выйшаў ён і, стоячы, прамовіў да ўсяго народу: «Вы не вінаватыя. Вось, я паўстаў супраць гаспадара майго і забіў яго. Але хто забіў усіх гэтых?
10 Ведайце цяпер, што нішто не прапала са словаў ГОСПАДА, якія сказаў Ён супраць дому Ахава. ГОСПАД зьдзейсьніў тое, што сказаў праз слугу Свайго Ільлю».
11 І пазабіваў Егу ўсіх, хто застаўся з дому Ахава ў Езрээлі, усіх ўрадоўцаў ягоных, дарадцаў і сьвятароў, так што не засталося з іх аніводнага.
12 І ўстаў, і пайшоў, і ішоў у Самарыю. І быў у дарозе каля Бэт-Экед-Гераім.
13 І сустрэў Егу братоў Ахазіі, валадара Юды, і сказаў ім: «Хто вы?» А яны адказалі: «Мы — браты Ахазіі, і мы прыйшлі прывітаць сыноў валадара і сыноў валадаркі».
14 А ён сказаў: «Схапіце іх жывымі!» І схапілі іх жывымі, і замардавалі іх каля Бэт-Экеду, сорак два чалавекі, і ён не пашкадаваў з іх аніводнага.
15 Адтуль пайшоў Егу і спаткаў Ёнадава, сына Рэхава, які выйшаў яму на спатканьне, і прывітаў яго: «Ці сэрца тваё шчырае да мяне, як сэрца маё да цябе?» Ёнадаў сказаў: «Так». [Сказаў Егу]: «Калі так, дай мне руку сваю». І Ёнадаў даў яму руку сваю, і ён пасадзіў яго пры сабе ў калясьніцу,
16 і сказаў: «Хадзі са мной і пабач руплівасьць маю дзеля ГОСПАДА». І ехаў ён з ім у калясьніцы ягонай.
17 І прыехаў ён у Самарыю, і пазабіваў усіх, якія былі засталіся з дому Ахава ў Самарыі аж да апошняга паводле слова ГОСПАДА, сказанага праз Ільлю.
18 І сабраў Егу увесь народ, і сказаў ім: «Ахаў мала служыў Баалу. Егу будзе яму служыць болей.
19 І цяпер паклічце ўсіх прарокаў Баала і ўсіх, хто служыць яму, і ўсіх сьвятароў да мяне. Кожны мусіць прыйсьці, бо маю скласьці вялікую ахвяру Баалу. Хто ня прыйдзе, ня будзе жыць». А Егу рабіў гэта падступна, каб вынішчыць усіх служыцеляў Баала.
20 І аб’явіў Егу: «Сьвяткуйце ўрачыстасьць Баала». І абвясьцілі сьвята.
21 І паслаў Егу весьнікаў па ўсім Ізраілі, і прыйшлі ўсе, хто служылі Баалу, і не застаўся ніводзін, які б не прыйшоў. І сабраліся яны ў сьвятыню Баала, і быў запоўнены дом Баала ад уваходу да ўваходу.
22 І сказаў ён загадчыку адзеньня [валадарскага]: «Вынесі адзеньне для ўсіх служыцеляў Баала». І ён вынес ім адзеньне.
23 І ўвайшлі Егу і Ёнадаў, сын Рэхава, у сьвятыню Баала, і Егу сказаў служыцелям Баала: «Перашукайце і перагледзьце, ці няма тут часам з вамі служыцеля ГОСПАДА, але каб былі толькі служыцелі Баала».
24 І ўвайшлі яны, каб скласьці ахвяры і цэласпаленьні. А Егу паставіў звонку восемдзясят чалавек і сказаў ім: «Хто дазволіць уцячы аднаму з гэтых людзей, якіх я прывяду ў рукі вашыя, душой сваёй заплаціць за душу тую».
25 І калі скончылася цэласпаленьне, Егу загадаў варце сваёй і начальнікам: «Ідзіце і забіце іх, няхай ніводзін не ўцячэ!» І пазабівалі іх варта і начальнікі вострывам мяча, і кінулі трупы іхнія, і ўвайшлі ў сьвятыню Баала.
26 І ўзялі яны слупы Баала, і спалілі іх,
27 і разьбілі ідалаў Баала, і зруйнавалі сьвятыню Баала, і замянілі яе на месца нячыстае аж сёньняшняга дня.
28 І зьнішчыў Егу Баала ў Ізраілі.
29 Але не адступіў Егу ад грахоў Ерабаама, сына Навата, у якія той уцягнуў Ізраіля, і не пакінуў ён залатых быкоў, якія былі ў Бэтэлі і Дане.
30 І ГОСПАД сказаў Егу: «За тое, што ты старанна выканаў тое, што добрае ў вачах Маіх, і ўсё, што было ў сэрцы Маім адносна дому Ахава, сыны твае будуць сядзець на пасадзе Ізраіля аж да чацьвёртага пакаленьня».
31 Але Егу не пільнаваўся хадзіць паводле закону ГОСПАДА, Бога Ізраіля, усім сэрцам сваім, і не адступіў ён ад грахоў Ерабаама, які ўвёў у грэх Ізраіля.
32 У тыя дні пачаў ГОСПАД разьдзіраць Ізраіля. І пабіў іх Хазаэль у-ва ўсіх межах Ізраіля,
33 ад Ярдану на ўсход сонца, усю зямлю Гілеад, Гада, Рубэна і Манасу, ад Араэру, які над ракою Арнон, і Гілеад, і Башан.
34 А іншыя дзеяньні Егу, і ўсё, што ён зрабіў, і мужнасьць ягоная запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
35 І супачыў Егу з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў Самарыі. Пасьля яго валадарыў сын ягоны Егаахаз.
36 Час валадараньня Егу над Ізраілем у Самарыі — дваццаць восем гадоў.

Другая кніга Валадароў, 10 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.