Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Судзьдзяў Ізраэлявых | 4 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 І далей рабілі сынове Ізраелявы ліха ў ваччу СПАДАРА. Егуд жа памер.
2 I выдаў іх СПАДАР у рукі Явіна, караля Канаанскага, каторы гаспадарстваваў у Гацору; і вайводцам у яго быў Сысэра, а ён жыў у Гарошэф-Гаґоіме.
3 I загаласілі сынове Ізраелявы да СПАДАРА; бо ў яго было дзевяцьсот зялезных цялежак, і ён моцна ўціскаў сыноў Ізраелявых дваццаць год.
4 I Дэвора, жонка-прарока Лапідофіха, судзіла Ізраеля таго часу.
5 I жыла яна пад пальмаю Дэворынаю, меж Рамы й Бэт-Элю, на гары Яхрэмавай; і ўзыходзілі да яе сынове Ізраелявы на суд.
6 I паслала, і пагукала Варака Авіноаменка зь Кедэшу Неффалімовага, і сказала яму: «Ціж не расказаў СПАДАР, Бог Ізраеляў: “Пайдзі, прыцягні людзёў на гару Табор і вазьмі із сабою дзесяць тысячаў чалавекаў із сыноў Неффалімовых а сыноў Завулонавых;
7 А Я прыцягну да цябе аж да цур’я Кішону, Сысэру, вайводцу Явіновага, і цялежкі ягоныя, і множасьць ягоную, і аддам яго ў рукі твае”».
8 I сказаў ёй Варак: «Калі ты пойдзеш з імною, то я пайду; а калі ня пойдзеш з імною, не пайду».
9 I яна сказала: «Пайсьці пайду з табою; толькі не табе ўжо будзе чэсьць на гэтай дарозе, у каторую ты йдзеш, бо ў руку жонкі выдасьць СПАДАР Сысэру». I ўстала Дэвора, і пайшла з Вараком да Кедэшу.
10 I згукаў Варак Завулона а Неффаліма да Кедэшу, і ўзышлі да ног ягоных дзесяць тысячаў чалавекаў, і Дэвора ўзышла зь ім.
11 I Гэвер Кінянін аддзяліўся ад Кінян, ад сыноў Говававых, сьця Масеявага, і расьцягнуў будан свой ля дубровы ў Цаананіме ля Кедэшу.
12 I наказалі Сысэру, што ўзышоў Варак Авіноаменак на гару Табор.
13 I згукаў Сысэра ўсі цялежкі свае, дзевяцьсот зялезных цялежак, і ўвесь люд, каторы ў яго, з Гарошэф-Гаґоіму аж да цур’я Кішону.
14 I сказала Дэвора Вараку: «Устань, бо гэта тый дзень, у каторым дасьць СПАДАР Сысэру ў рукі твае; ціж ня пойдзе СПАДАР перад табою!» I зышоў Варак із гары Табору, і дзесяць тысячаў чалавекаў за ім.
15 I ўчыніў СПАДАР сумятяю Сысэры, і ўсім цялежкам ягоным, і ўсякаму табару ягонаму ад ляза мяча перад Вараком, і зышоў Сысэра зь цялежак, і ўцякаў пехатой.
16 I Варак гнаўся за цялежкамі а за табарам аж да Гарошэф-Гаґоіму, і паў увесь табар Сысэрын ад ляза мяча, не засталося нават аднаго.
17 I Сысэра ўцёк пехатой да будану Яілінага, жонкі Гэвера Кіняніна, бо быў мір памеж Явіна, караля Гацорскага, і дому Гэвера Кіняніна.
18 I вышла Яіль напярэймы Сысэры, і сказала яму: «Зайдзіся, спадару мой, зайдзіся да мяне, ня бойся». I ён зайшоўся да яе, да будану, і яна накрыла яго каберцам.
19 I сказаў ён: «Дай імне, калі ласка, крыху вады напіцца, бо я сьмягну». I яна разьвязала мех малака, і дала яму піць, і накрыла яго.
20 I сказаў ёй: «Стань ля дзьвярэй будану, і калі хто прыйдзе, і папытаецца ў цябе, і скажа: “Ці няма тут каго?” Ты кажы: “Няма”».
21 I ўзяла Яіль Гэверыха калок ад будану, і ўзяла молат у руку сваю, і падышла да яго ціханька, і ўбіла калок у віскавіцу ягоную, і прыбіла да зямлі; а ён спаў у глыбокім сьне, бо быў стамаваўшыся, і памер.
22 І вось, Варак гоніцца за Сысэрам. I вышла Яіль напярэймы яму, і сказала яму: «Увыйдзі, я пакажу табе чалавека, каторага ты шукаеш». Ён увыйшоў да яе, і вось, Сысэра ўпаўшы мертвы, і калок у віскавіцы ягонай.
23 I ўкарыў Бог таго дня Явіна, караля Канаанскага, перад сынамі Ізраелявымі.
24 I дужэла рука сыноў Ізраелявых болей а болей, і была цяжкая над Явіном, каралём Канаанскім, аж пакуль ня выгубілі яны Явіна, караля Канаанскага.

Кніга Судзьдзяў Ізраэлявых, 4 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.