Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Судзьдзяў Ізраэлявых | 8 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I сказалі яму Ехрамляне: «Што гэта ты зрабіў нам, што не пагукаў нас, як ішоў ваяваць ізь Мідзянянмі?» I сьперачаліся зь ім дужа.
2 I ён сказаў ім: «Што зрабіў я цяпер такое, як вы? Ці не ляпей Яхрэму дабіраць віно, чымся Авезэру абіраць?
3 У вашы рукі аддаў Бог князёў Мідзянскіх, Орыва а Зыва, і што мог зрабіць я такое, як вы?» Тады паслабянеў дух іхны супроці яго, як казаў Ён гэтае слова.
4 I прышоў Ґедэон да Ёрдану, перайшоў сам а трыста чалавекаў, што былі зь ім, стамаваўшыся, але гналіся.
5 I сказаў ён людзём Сукофу: «Дайце, калі ласка, букаткі хлеба люду, каторы йдзець за імною, бо яны стамаваліся, а я ганюся за Зэвагом а Цалмуною, каралямі Мідзянскімі».
6 I сказалі князі Сукофу: «Ціж даланя Зэвагова а Цалмуніна ўжо ў тваёй руццэ, каб нам даць войску твайму хлеба?»
7 I сказаў Ґедэон: «За гэта, як аддасьць СПАДАР Зэвага а Цалмуну ў руку маю, я змалачу цела вашае пустыннымі дзідамі а цернямі».
8 I ўзышоў стуль да Пенуелю, і гукаў зь імі таксама, і адказалі яму людзі Пенуелю, як адказалі людзі Сукофу.
9 I ён казаў таксама людзём Пенуелю, кажучы: «Як я зьвярнуся ў супакою, забуру вежу гэтую».
10 А Зэваг а Цалмуна былі ў Каркору і зь імі іхнае войска да пятнанцацёх тысячаў, усе, што засталося з усёга войска сыноў усходу; забітых жа сто дваццацёх тысячаў чалавекаў, што агаляюць меч.
11 I ўзышоў Ґедэон дарогаю жывучых у буданох на ўсход ад Новы а Ёґбегі, і зразіў табар, а табар быў забясьпечаны.
12 I ўцякалі Зэваг а Цалмуна; а ён пагнаўся за імі, і схапіў абодвых каралёў Мідзянскіх, Зэвага а Цалмуну, і ўсе войска налякаў.
13 I зьвярнуўся Ґедэон Ёашонак зь бітвы перад усходам сонца.
14 I схапіў маладзёна зь людзёў Сукофскіх, і выпытаў у яго, і ён апісаў яму князёў Сукофскіх а старцоў яго семдзясят сямёх чалавекаў.
15 I прышоў ён да людзёў Сукофскіх, і сказаў: «Вось, Зэваг а Цалмуна, за каторых вы наругаліся імне, кажучы: “Ціж даланя Зэвагова а Цалмуніна ўжо ў руццэ тваёй, каб нам даваць стамаваным людзём тваім хлеба?”»
16 I ўзяў старцоў месцкіх і пустынныя дзіды а церні, і даў ім навуку людзём Сукофу.
17 I вежу Пенуельскую забурыў, і забіў людзёў места.
18 I сказаў Зэвагу а Цалмуне: «Ідзе людзі, каторых вы забілі ў Табору?» Яны адказалі: «Якоў ты, таковы яны, кажны меў выгляд сыноў каралеўскіх».
19 I сказаў: «Браты мае, сынове маці мае яны. Жыў СПАДАР! калі б вы пакінулі іх жывых, я не забіў бы вас».
20 I сказаў Еферу, першаку свайму: «Устань, забі іх». Але не агаліў маладзёнак мяча свайго, затым што баяўся, бо быў яшчэ маладзёнак.
21 I сказаў Зэваг а Цалмуна: «Устань ты й зразь нас, бо подле чалавека й сіла ягоная». I ўстаў Ґедэон, і забіў Зэвага а Цалмуну, і ўзяў прыборы, што былі на шыях вярблюдоў іхных.
22 I сказалі мужы Ізраелцы Ґедэону: «Радзь нас як ты, так сын твой, так і сын сына твайго, бо ты выбавіў нас із рукі Мідзяну».
23 I сказаў ім Ґедэон: «Ня буду я радзіць вас, і ня будзе радзіць сын мой вас; СПАДАР хай радзе вас».
24 I сказаў ім Ґедэон: «Маю да вас просьбу: дайце імне кажны па завушніцы із здабытку свайго», — бо залатыя завушніцы былі ў іх, бо Ізмайлаўцы яны.
25 I сказалі: «Мы ахвотна дамо». I разаслалі адзежыну, і кідалі туды кажны па завушніцы із здабытку свайго.
26 I была вага залатых завушніцаў, каторыя ён выпрасіў, тысяча сямсот залатых сыкляў, апрача прыбораў, грыўняў а пурпуровых адзежаў, каторыя былі на каралёх Мідзянскіх, і апрача ланцугоў, каторыя былі на шыі вярблюдоў іхных.
27 I зрабіў з гэтага Ґедэон наплечнік, і пастанавіў яго ў сваім месьце, у Офры, і бязулілі ўвесь Ізраель за ім там, і быў ён сеткаю Ґедэону а ўсяму дому ягонаму.
28 I быў укораны Мідзян перад сынамі Ізраелявымі, і ўжо ня ўзьнімаў болей галавы свае; і ціха было зямлі сорак год за дзён Ґедэонавых.
29 I пайшоў Еруваал Ёашонак, і жыў у доме сваім.
30 У Ґедэона было семдзясят сыноў, што вышлі ізь сьцёгнаў ягоных, бо ў яго было шмат жонак.
31 I мамошка ягоная, што ў Сыхеме, нарадзіла таксама яна яму сына, і ён прызначыў яму імя: Авімелех.
32 I памер Ґедэон Ёашонак у добрай старасьці, і пахаваны ў гробе айца свайго Ёаша, у Офры Авезравай.
33 I сталася, як памер Ґедэон, што адвярнуліся сынове Ізраелявы, і бязулілі за Вааламі, і пастанавілі сабе Ваал-Верыфа за бога.
34 I ня памятавалі сынове Ізраелявы СПАДАРА, Бога свайго, Каторы выбавіў іх із рукі ўсіх варагоў навокал іх.
35 I ня выказалі зычлівасьці да дому Ерувааловага-Ґедэонавага подле ўсёга дабрадзейства ягонага, якое ён зьдзеяў Ізраелю.

Кніга Судзьдзяў Ізраэлявых, 8 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.