Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Судзьдзяў Ізраэлявых | 18 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 Тых дзён ня было караля ў Ізраеля; і тых дзён плямя Данова шукала сабе спадку, ідзе б асяліцца, бо ня выпала яму дагэнуль поўнага спадку пасярод плямёнаў Ізраелявых.
2 I паслалі сынове Дановы ад роду свайго пяцёх чалавекаў зь ліку свайго, людзёў харобрых із Цоры а зь Ештаолу, каб выглядзець зямлю й праскумаць яе, і сказалі ім: «Пайдзіце, праскумайце зямлю». I яны прышлі на гару Яхрэмаву аж да дому Мішынага, і начавалі там.
3 Яны былі ў доме Мішыным, і пазналі яны голас маладога Левіта, і зайшліся туды, і сказалі яму: «Хто цябе прывёў сюды, і што ты тут робіш, і што табе тут?»
4 Ён сказаў ім: «Тое а тое зрабіў імне Міха, і наняў мяне, і я стаў у яго за сьвятара».
5 I яны сказалі яму: «Папытай, калі ласка, у Бога, каб нам ведаць, ці будзе дасьпешная дарога наша, у каторую мы йдзем».
6 Сказаў ім сьвятар: «Ідзіце ў супакою; перад СПАДАРОМ дарога ваша, у каторую вы пойдзеце».
7 I пайшлі тыя пяцёх мужоў, і прышлі да Лаішу, і абачылі люд, каторы ўнутры яго, што ён жывець бязрупатліва, подле звычаю Сыдонян, ціхі а бязрупатлівы, і што ня было прысаромлюючых за што-колечы ў краю ад маючых уладу; і далёкія яны ад Сыдонян, і ніякага дачыненьня ня было ў іх ні зь кім.
8 I прышлі яны да братоў сваіх да Цоры а Ештаолу, і сказалі ім браты іхныя: «З чым вы?»
9 Яны сказалі: «Устаньма і ўзыйдзіма на іх; бо мы бачылі зямлю, і вось, яна вельмі добрая. А вы маўчыце? не лянуйцеся пайсьці, увязацца ў спадак зямлі.
10 Як прыйдзеце вы, прыйдзеце да люду бязрупатлівага, і зямля тая прасторная, — бо даў яе Бог у рукі вашы, — гэта месца, ідзе няма нястачы ні ў чым, што ў зямлі».
11 I крануліся стуль радзімы Дановы з Цоры а Ештаолу, шасьцьсот мужоў, паперазаўшыся ваеннай зброяю.
12 Яны ўзышлі а разьлягліся табарам у Кіраф-Еарыме, у Юдэі. Затым і завуць тое месца табарам Дановым дагэтуль; яно адзаду Кіраф-Еарыму.
13 I перайшлі стуль яны на гару Яхрэмаву, і прышлі аж да дому Мішынага.
14 I адказалі тыя пяцёх мужоў, каторыя хадзілі выглядаць зямлю Лаіш, і сказалі братом сваім: «Ці ведаеце, што ў дамох гэтых наплечнік, тэрафім, выразаны абраз а выліваны абраз? дык ведайце, што рабіць».
15 I зайшліся туды, і прышлі да дому дзяцюка Левіта, у дом Мішын, і прывіталі яго.
16 А шасьцьсот чалавекаў, якія із сыноў Дановых, паперазаўшыся ваеннаю зброяю, стаялі ля ўходу брамы.
17 I ўзышлі пяцёх чалавекаў, што хадзілі выглядаць зямлю, увыйшлі туды, узялі выразаны абраз а наплечнік а тэрафім а выліваны абраз. I сьвятар стаяў ля ўходу брамы, і тыя ж шасьцьсот чалавекаў, паперазаўшыся ваеннаю зброяю.
18 А гэтыя ўвыйшлі ў дом Мішын, і ўзялі выразаны абраз, наплечнік, тэрафім а выліваны абраз. I сказаў ім сьвятар: «Што вы робіце?»
19 I сказалі яны яму: «Маўчы, палажы руку сваю на вусны свае, і йдзі з намі: і будзь нам за айца а за сьвятара. Ці валей быць табе сьвятаром у дому аднаго чалавека, ці быць сьвятаром у плямені і ў радзіме ў Ізраелю?»
20 I ўзрадавалася сэрца сьвятарова, і ўзяў наплечнік а тэрафім а выразаны абраз, і пайшоў сярод люду.
21 I яны завярнуліся, і пайшлі, і пусьцілі дзецяняты, статак а цяжары наперад.
22 Яны адышліся ад дому Мішынага. Людзі ў дамох, суседніх із домам Мішыным, згукаліся й дагналі сыноў Дановых,
23 I гукалі сыном Дановым. I абярнулі віды свае, і сказалі Місе: «Чаго табе, што ты згукаў людзёў?»
24 I сказаў: «Багі мае, каторыя я зрабіў, вы ўзялі, і сьвятара, і пайшлі; і чаго яшчэ болей? I што ж вы кажаце імне: “Чаго табе?”»
25 I сказалі яму сынове Дановы: «Хай ня будзе чуцён голас твой меж нас, каб не напалі на вас людзі, зьнемарашчаныя душою, і ты згубіш душу сваю і душу дому свайго».
26 I пайшлі сынове Дановы сваёю дарогаю; і абачыў Міха, што яны дужшыя за яго, абярнуўся й зьвярнуўся да дому свайго.
27 I яны ўзялі тое, што зрабіў Міха, і сьвятара, каторы быў у яго, і пайшлі да Лаішу, на люд супакойны а бязруплівы, і паразілі іх лязом мяча, а места спалілі цяплом.
28 I ня было ратуючага, бо ён быў воддаль ад Сыдону, і ні зь кім ня меў дачыненьня, і ён быў у даліне ля Веф-Рэгова. I яны збудавалі места, і асяліліся ў ім.
29 I назвалі імя места: Дан, імям Дана, айца свайго, каторы радзіўся Ізраелю, але Лаіш імя места таго было ўперад.
30 I ўстанавілі сабе сынове Дановы выразаны абраз; і Ёнафан, сын Ґіршона Манасёнка, ён а сынове ягоныя былі сьвятарамі ў плямені Дановым аж да дня перасяленьня зямлі.
31 I пастанавілі сабе выразаны абраз, што зрабіў Міха, і стаяў усі дні, пакуль быў дом Божы ў Шыле.

Кніга Судзьдзяў Ізраэлявых, 18 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.