Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Адкрыцьцё | 2 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Анёлу Эфэскае царквы напішы: “Гэта кажа Той, Які трымае сем зорак у правіцы Сваёй і Які ходзіць сярод сямі залатых сьвечнікаў:
2 ‘Ведаю справы твае, і працу тваю, і цярплівасьць тваю, і што ня можаш пераносіць ліхіх, і дасьведчыў тых, якія называюць сябе апосталамі і ня ёсьць [імі], і знайшоў, што яны хлусы,
3 і ты перанёс, і маеш цярплівасьць, і дзеля імя Майго працаваў і не зьнямогся.
4 Але маю супраць цябе, што ты пакінуў першую любоў тваю.
5 Дык памятай, адкуль выпаў, і навярніся, і рабі першыя справы твае; а калі не, хутка прыйду да цябе і зрушу сьвечнік твой з месца ягонага, калі не навернешся.
6 Але тое ты маеш, што ненавідзіш справы Мікалаітаў, якія і Я ненавіджу’.
7 Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам. Таму, хто пераможа, Я дам есьці ад дрэва жыцьця, што пасярод раю Божага”.
8 І анёлу Сьмірнскае царквы напішы: “Гэта кажа Першы і Апошні, Які быў мёртвы і ажыў:
9 ‘Ведаю справы твае, і прыгнёт, і ўбоства, хоць ты багаты, і блюзьнерствы ад тых, якія называюць сябе Юдэямі і ня ёсьць, але ёсьць сынагога шата́на.
10 Не палохайся нічога, што маеш выцярпець. Вось, д’ябал мае кідаць [некаторых] з вас у вязьніцу, каб спакусіць вас; і будзеце мець прыгнёт дзесяць дзён. Будзь верны да сьмерці, і Я дам табе вянок жыцьця’.
11 Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам. Той, хто пераможа, не дазнае крыўды ад сьмерці другое”.
12 І анёлу царквы, што ў Пэргаме, напішы: “Гэта кажа Той, Які мае меч двусечны востры:
13 ‘Ведаю справы твае, і што жывеш там, дзе пасад шата́на, і трымаеш імя Маё, і не адрокся веры Маёй у тыя дні, калі забіты быў у вас, дзе пасяліўся шата́н, Антыпа, Мой верны сьведка.
14 Але маю супраць цябе крыху, бо маеш там тых, якія трымаюцца навукі Білеама, які навучыў Балака кінуць згаршэньне перад сынамі Ізраіля, каб яны елі ахвяры ідалам і жылі распусна.
15 Таксама маеш і ты тых, якія трымаюцца навукі Мікалаітаў, якую Я ненавіджу.
16 Навярніся, а калі не, хутка прыйду да цябе і буду ваяваць з імі мячом вуснаў Маіх’.
17 Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам. Таму, хто пераможа, Я дам есьці ад манны схаванае і дам яму каменьчык белы, і на каменьчыку імя новае напісанае, якога ніхто ня ведае, толькі той, хто атрымаў”.
18 І анёлу царквы, што ў Тыятыры, напішы: “Гэта кажа Сын Божы, Які мае вочы Свае, як полымя агню, і ногі Свае, падобныя да сьпіжу:
19 ‘Ведаю справы твае і любоў, і служэньне, і веру, і цярплівасьць тваю, і ўчынкі твае, і што апошнія большыя, чым першыя.
20 Але маю супраць цябе крыху, бо ты дазваляеш жанчыне Езабэлі, якая называе сябе прарочыцай, вучы́ць і падманваць слугаў Маіх, [каб яны] жылі распусна і елі ахвяры ідалам.
21 І Я даў ёй час, каб навярнулася ад распусты сваёй, і яна не навярнулася.
22 Вось, Я кідаю на ложак яе і тых, якія чужаложаць з ёю, — у вялікі прыгнёт, калі не навернуцца ад справаў сваіх,
23 і дзяцей ейных сьмерцю заб’ю, і даведаюцца ўсе цэрквы, што Я — Той, Які дасьледуе ныркі і сэрца, і Я дам вам кожнаму паводле справаў вашых.
24 Вам жа кажу і рэшце, што ў Тыятыры, усім, якія ня маюць гэтае навукі і якія не даведаліся так званых глыбіняў шата́на: “Ня ўскіну на вас іншага цяжару.
25 Толькі тое, што маеце, трымайце, пакуль не прыйду”.
26 І таму, хто пераможа і захавае справы Мае да канца, Я дам уладу над паганамі,
27 і ён будзе пасьвіць іх кіем жалезным, як начыньне глінянае, яны будуць скрышаныя, як і Я атрымаў ад Айца Майго,
28 і дам яму зорку ранішнюю’.
29 Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам”.

Адкрыцьцё Яна Багаслова, 2 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.