Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Бэтанію, дзе быў Лазар нябожчык, якога Ён уваскрасіў з мёртвых.
2 Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марта паслугавала, а Лазар быў адным з тых, што ўзьлягалі з Ім.
3 Марыя ж, узяўшы фунт міра нардовага, чыстага і каштоўнага, памазала ногі Ісуса і выцерла валасамі сваімі ногі Ягоныя, а дом напоўніўся водарам ад міра.
4 Кажа тады адзін з вучняў Ягоных, Юда Сымонаў Іскарыёт, які меўся выдаць Яго:
5 «Чаму не прадалі гэтае міра за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?»
6 Казаў жа ён гэта не таму, што клапаціўся пра ўбогіх, але таму, што быў злодзей і меў каліту́, і браў тое, што [туды] кідалі.
7 Ісус тады сказаў: «Пакіньце яе. Яна захавала яго на дзень пахаваньня Майго,
8 бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою, а Мяне не заўсёды».
9 Тады вялікі натоўп з Юдэяў даведаўся, што Ён там, і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, але і каб Лазара пабачыць, якога Ён уваскрасіў з мёртвых.
10 А першасьвятары пастанавілі забіць і Лазара,
11 бо дзеля яго шмат Юдэяў прыходзілі і паверылі ў Ісуса.
12 На заўтра вялікі натоўп, які прыйшоў на сьвята, пачуў, што Ісус прыходзіць у Ерусалім,
13 і ўзялі пальмовыя галінкі, і выйшлі на спатканьне Яму, і крычалі: «Гасанна! Дабраслаўлёны Той, Які прыходзіць у імя Госпада, Валадар Ізраіля!»
14 Ісус жа, знайшоўшы маладога асла, сеў на яго, як напісана:
15 «Ня бойся, дачка Сыёну! Вось, Валадар твой прыходзіць, седзячы на асьляняці».
16 Вучні Ягоныя сьпярша не разумелі гэтага, але калі Ісус быў праслаўлены, тады яны ўзгадалі, што гэтак было напісана пра Яго і гэтак зрабілі Яму.
17 Натоўп жа, які быў з Ім, сьведчыў тады, што Ён выклікаў з магілы Лазара і ўваскрасіў яго з мёртвых.
18 Таму і пераняў Яго натоўп, бо чуў, што Ён зрабіў гэты знак.
19 Фарысэі ж гаварылі між сабою: «Глядзіце, нічога не атрымліваецца! Вось, сьвет пайшоў за Ім».
20 Былі ж некаторыя Грэкі сярод тых, якія прыйшлі пакланіцца на сьвята.
21 Яны падыйшлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскае, і прасілі яго, кажучы: «Пане, мы хочам бачыць Ісуса».
22 Філіп ідзе і кажа Андрэю; і пасьля Андрэй і Філіп кажуць Ісусу.
23 А Ісус адказаў ім, кажучы: «Прыйшла гадзіна, каб быў праслаўлены Сын Чалавечы.
24 Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прыносіць шмат плоду.
25 Хто любіць душу́ сваю, загу́біць яе; а той, хто ненавідзіць душу́ сваю ў гэтым сьвеце, захавае яе ў жыцьцё вечнае.
26 Хто Мне слу́жыць, няхай ідзе за Мною; і дзе Я, там і служыцель Мой будзе; і хто Мне слу́жыць, таго ўшануе Айцец.
27 Цяпер душа Мая ўстрывожана; і што Я скажу? Ойча, збаў Мяне ад гэтае гадзіны; але ж дзеля гэтае гадзіны Я і прыйшоў.
28 Ойча, праслаў імя Тваё!» Тады прыйшоў голас з неба: «І праславіў, і яшчэ праслаўлю».
29 Натоўп, які стаяў і чуў, казаў: «Былі грымоты». Іншыя казалі: «Анёл прамовіў да Яго».
30 Адказаў Ісус і сказаў: «Ня дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас.
31 Цяпер суд сьвету гэтаму; цяпер князь гэтага сьвету выгнаны будзе прэч.
32 І Я, калі буду падняты з зямлі, усіх прыцягну да Сябе».
33 Сказаў жа Ён гэтае, даючы знак, якою сьмерцю мае памерці.
34 Натоўп адказваў Яму: «Мы чулі з Закону, што Хрыстос застаецца вечна. Дык як жа Ты кажаш, што мусіць быць падняты Сын Чалавечы? Хто гэты Сын Чалавечы?»
35 Тады сказаў ім Ісус: «Яшчэ на кароткі час сьвятло з вамі. Хадзіце, пакуль маеце сьвятло, каб цемра вас не агарнула; а хто ходзіць у цемры, той ня ведае, куды ідзе.
36 Пакуль маеце сьвятло, верце ў сьвятло, каб сталіся вы сынамі сьвятла». Гэта сказаў Ісус і, адыйшоўшы, схаваўся ад іх.
37 Хоць гэтулькі знакаў учыні́ў Ён перад імі, яны не паверылі ў Яго,
38 каб споўнілася слова Ісаі прарока, якое той сказаў: «Госпадзе! Хто паверыў пачутаму ад нас, і каму было адкрытае рамяно Госпада?»
39 Дзеля гэтага не маглі яны верыць, бо ізноў сказаў Ісая:
40 «Ён засьляпіў вочы іхнія і сэрца іхняе скамяніў, каб ня ўбачылі вачыма і не зразумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх».
41 Гэта сказаў Ісая, калі бачыў славу Ягоную і гаварыў пра Яго.
42 Аднак і з начальнікаў шмат хто паверыў у Яго, але дзеля фарысэяў не прызнаваліся, каб іх не адлучылі,
43 бо яны палюбілі больш славу чалавечую, чым славу Божую.
44 А Ісус закрычаў і сказаў: «Хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, але ў Таго, Хто паслаў Мяне.
45 І хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне.
46 Я, Сьвятло, прыйшоў у сьвет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не застаўся ў цемры.
47 І калі хто пачуе гэтыя словы і не паверыць, Я ня буду судзі́ць яго, бо Я прыйшоў не каб судзі́ць сьвет, але каб зба́віць сьвет.
48 Хто адкідае Мяне і не прыймае словаў Маіх, мае судзьдзю для сябе — слова, якое Я сказаў, яно будзе судзі́ць яго ў апошні дзень;
49 бо Я казаў не ад Сябе, але Айцец, Які паслаў Мяне, даў Мне прыказаньне, што казаць і што гаварыць.
50 І Я ведаю, што прыказаньне Ягонае ёсьць жыцьцё вечнае. Дык тое, што Я гавару, гавару, як сказаў Мне Айцец».

Эвангельле паводле Яна, 12 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.