Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Мацьвея | 7 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Не судзі́це, каб не былі су́джаныя.
2 Бо якім судом су́дзіце, такім будзеце су́джаны, і якою меркаю мераеце, гэткаю і вам адмераюць.
3 Што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку ня бачыш?
4 Ці як скажаш брату твайму: “Дазволь, вы́му сучок з вока твайго”, а вось, у воку тваім — бервяно?
5 Крывадушнік! Вы́мі перш бервяно з вока твайго, і тады ўбачыш, як вы́няць сучок з вока брата твайго.
6 Не давайце сьвятога сабакам і ня кі́дайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не патапталі іх нагамі сваімі і, павярнуўшыся, не парвалі вас.
7 Прасіце, і будзе вам дадзена; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам.
8 Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць.
9 Ці ёсьць між вамі чалавек, які, калі сын ягоны папросіць хлеба, дасьць яму камень?
10 І калі папросіць рыбы, дасьць яму зьмяю?
11 Дык калі вы, будучы злымі, умееце добрыя дары даваць дзецям вашым, тым больш Айцец ваш, Які ў небе, дасьць добрае тым, што просяць у Яго.
12 Дык усё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, тое і вы ім рабіце; бо ў гэтым Закон і Прарокі.
13 Уваходзьце праз цесную браму, бо шырокая брама і прасторны шлях, што вядуць да загубы, і шмат хто ўваходзіць праз іх,
14 бо цесная брама і вузкі шлях, што вядуць у жыцьцё, і мала хто знаходзіць іх.
15 Сьцеражыцеся фальшывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечым адзеньні, а ўнутры яны — ваўкі драпежныя.
16 Паводле пладоў іхніх пазнаеце іх. Ці зьбіраюць з церняў вінаград або з асоту фігі?
17 Гэтак усякае добрае дрэва дае плады добрыя, а благое дрэва дае плады дрэнныя.
18 Ня можа дрэва добрае даваць плады дрэнныя, ані благое дрэва даваць плады добрыя.
19 Усякае дрэва, якое не дае добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у агонь.
20 Таму паводле пладоў іхніх пазнаеце іх.
21 Ня кожны, хто кажа Мне: “Госпадзе! Госпадзе!”, увойдзе ў Валадарства Нябеснае, але той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ў небе.
22 Многія скажуць Мне ў той дзень: “Госпадзе, Госпадзе! Ці не ў Тваё імя мы прарочылі? І ці не ў Тваё імя выганялі дэманаў? І ці не ў Тваё імя шмат цудаў чынілі?”
23 І тады прызнаюся ім: “Я ніколі ня ведаў вас. Адыйдзіцеся ад Мяне, вы, што чы́ніце беззаконьне”.
24 Дык кожнага, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, прыраўняю да чалавека мудрага, які пабудаваў дом свой на скале.
25 І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі на дом той; і ён ня ўпаў, бо быў умацаваны на скале.
26 А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, будзе падобны да чалавека дурнога, які пабудаваў дом свой на пяску.
27 І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі на дом той, і ён упаў, і было падзеньне ягонае вялікае».
28 І сталася, калі Ісус скончыў гэтыя словы, натоўпы дзівіліся з вучэньня Ягонага,
29 бо Ён вучыў іх, як той, хто мае ўладу, і не як кніжнікі.

Эвангельле паводле Мацьвея, 7 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.