Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Мацьвея | 4 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Тады Ісус заведзены быў Духам у пустыню дзеля спакушваньня праз д’ябла,
2 і, прапасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, нарэшце згаладнеў.
3 І, падыйшоўшы да Яго, спакусьнік сказаў: «Калі Ты — Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталіся хлябамі».
4 Ён жа, адказваючы, сказаў яму: «Напісана: “Ня хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсякім словам, што выходзіць з вуснаў Божых”».
5 Потым бярэ Яго д’ябал у сьвяты горад, і стаўляе на вільчаку сьвятыні,
6 і кажа Яму: «Калі Ты — Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: “Анёлам Сваім загадае пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся аб каме́нь нагою Тваёю”».
7 Ісус сказаў яму: «Ізноў жа напісана: “Не спакушай Госпада, Бога твайго”».
8 Ізноў бярэ Яго д’ябал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе валадарствы сьвету і славу іх,
9 і кажа Яму: «Усё гэта дам Табе, калі, упаўшы, паклонішся мне».
10 Тады Ісус кажа яму: «Адыйдзі ад Мяне, шата́н! Бо напісана: “Госпаду, Богу твайму, пакланяйся, і Яму аднаму служы”».
11 Тады пакідае Яго д’ябал; і вось, анёлы прыступіліся, і служылі Яму.
12 А пачуўшы, што Ян у вязьніцы, Ісус адыйшоў у Галілею.
13 І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і асеў у Капэрнауме прыморскім, у гарадах Забулёна і Нэфталі́,
14 каб споўнілася сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:
15 «Зямля Забулёна і зямля Нэфталі́, на дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея паганская,
16 народ, які сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і тым, што сядзелі ў краіне і ценю сьмерці, сьвятло зазьзяла».
17 З таго часу Ісус пачаў абвяшчаць і казаць: «Навярніцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».
18 Праходзячы ж недалёка мора Галілейскага, Ён убачыў двух братоў, Сымона, называнага Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбаловы,
19 і кажа ім: «Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў».
20 І яны адразу, пакінуўшы сеці, пайшлі за Ім.
21 Ідучы адтуль далей, убачыў Ён другіх двух братоў, Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, у чаўне з Зэбэдэем, бацькам іхнім, якія пра́вілі сеці свае, і паклікаў іх.
22 І яны адразу, пакінуўшы човен і бацьку свайго, пайшлі за Ім.
23 І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхніх і абвяшчаючы Эва́нгельле Валадарства, і аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе.
24 І прайшлі пра Яго чуткі па ўсёй Сірыі, і прыводзілі да Яго ўсіх нядужых, з рознымі хворасьцямі і пакутамі, і апанаваных дэманамі, і люнатыкаў, і спараліжаваных, і Ён іх аздараўляў.
25 І ішлі за Ім шматлікія натоўпы з Галілеі, і Дэкапалю, і Ерусаліму, і Юдэі, і з таго боку Ярдану.

Эвангельле паводле Мацьвея, 4 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.